У Беларусі неабходна ўвесці патэнтную сістэму для самазанятых. Такую ініцыятыву агучыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі.
Гэтая сістэма дасць магчымасць легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без адкрыцця ІП.
“Трэба ўводзіць патэнт для самазанятасці і вызначыць прававы статус самазанятага, — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — Рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі работу, выхад з ценю людзей, якія доўга не працуюць, але ўключаны ў ценявую занятасць”.
Тэрміны “самазанятасць” і “самазаняты” ў нацыянальным заканадаўстве цяпер адсутнічаюць. На думку Міхаіла Мясніковіча, да самазанятых могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка: рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. “Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абаронены, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе”, — канстатаваў ён.
Паводле слоў Старшыні Савета Рэспублікі, самазанятасць можа сумяшчацца і з асноўнай работай па працоўным дагаворы. Пры паспяховым вядзенні бізнесу самазаня-тасць можа перайсці да статусу ІП.
Кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку, лічыць Міхаіл Мясніковіч. Спатрэбяцца таксама меры падтрымкі самазанятых: мікракрэдытаванне, бязвыплатнае прадастаўленне памяшканняў, кансультацыі і г.д. “Фіскальны эфект будзе невысокі, але ён перакрываецца па значнасці сацыяльным эфектам, — упэўнены ён. — Самазаняты не будзе атрымліваць сацыяльнай дапамогі, але ён не дэградуе, ён забяспечвае сябе работай, корміць сям’ю, аказвае значныя паслугi або вырабляе запатрабаваныя тавары. У сацыяльным плане ён не беспрацоўны, што таксама важна для чалавека”.
На думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна фарміраваць грамадскую думку па гэтай тэме, выхоўваць у людзях пачуццё адказнасці за свой дабрабыт, спыняць культываванне ўтрыманства і імкненне жыць за чужы кошт.
Пытанне занятасці павінна быць прадметам асаблівай увагі дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, падкрэсліў Старшыня Савета Рэспублікі. Асаблівую ўвагу пры гэтым трэба ўдзяляць сацыяльна слабаабароненым слаям насельніцтва — інвалідам, мнагадзетным і няпоўным сем’ям, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. Асаблівая роля пры гэтым належыць мясцовым саветам дэпутатаў. “Трэба актывізаваць работу дэпутацкіх груп па разглядзе пытанняў занятасці і аплаты працы”, — дадаў ён.
Звяртаючыся да абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, Міхаіл Мясніковіч закрануў праблемы бюракратычнай валакіты пры ўзгадненні і выдачы дазвольных дакументаў на стварэнне і работу ІП, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
Калі прымаць меры па павышэнні занятасці, то толькі давядзеннем заданняў па стварэнні новых рабочых месцаў усё не вырашыць, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. “Трэба ствараць умовы для новых прадпрыемстваў і пашырэння дзеючых. На жаль, колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца, — канстатаваў ён. — У свой час быў разлік на рамесную дзейнасць”.
Сёння рамеснікаў толькі 6636 чалавек. “Узнікае пытанне: чаму не атрымлівае развіццё гэтая форма занятасці? — заявіў Міхаіл Мясніковіч. — На думку МПЗ, асноўная прычына — у строгіх і не заўсёды абгрунтаваных патрабаваннях з боку ўзгадняючых арганізацый. Напрыклад, каб праводзіць тэхабслугоўванне і рамонт аўтатранспартных сродкаў, фiзiчнай асобе трэба атрымаць дзевяць узгадненняў, у тым ліку ад санітарнай службы, Мінпрыроды, Дзяржстандарту, Мінгандлю, выканкамаў і г.д.”.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі закрануў і пытанні інвестыцыйнай дзейнасці.
“Лічу, што паляпшэнню інвестыцыйнага клімату, стварэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці шмат у чым будзе садзейнічаць распрацоўка і прыняцце адзінага закона аб інвестыцыйнай дзейнасці, які змяшчае нормы прамога дзеяння”, — растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы інвестыцый вядзецца больш як 40 дзяржорганамі, пытанні ажыццяўлення інвестыцый рэгулююць 34 нарматыўныя прававыя акты.
“Разнастайнасць крыніц нарматыўнага рэгулявання выклікае яшчэ адну праблему — адсутнасць прававой стабільнасці ва ўмовах гаспадарання. А для інвестараў гэта вельмі важна, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Акрамя таго, сур’ёзныя апасенні ў інвестараў выклікае сфера прымянення адказнасці. Узнікае пытанне аб несуразмернасці штрафных санкцый па інвестыцыйных дагаворах і выяўленых парушэннях”.
Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што інвестыцыйная дзейнасць з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам развіцця Беларусі і адной з галоўных крыніц росту ВУП. У Савеце Рэспублікі праведзена пэўная работа па аналізе заканадаўства, якое рэгулюе гэтую сферу дзейнасці. “Выяўлены пэўныя пытанні, прапанаваны шляхі іх вырашэння. Інфармацыя накіравана зацікаўленым дзяржорганам”, — дадаў ён.
Ключавую ролю ў актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці варта аддаць прамым замежным інвестыцыям. А для гэтага павінен быць спрыяльным інвестыцыйны клімат, лічыць старшыня Савета Рэспублікі. Паводле яго слоў, удзел замежных кампаній у інвестыцыйнай дзейнасці Беларусі — гэта не толькі крыніца мадэрнізацыі рэальнага сектара, але і доступ да тэхналогій інфармацыі, гандлёва-лагістычных сетак транснацыянальных карпарацый.
Міхаіл Мясніковіч заклікаў да павышэння ролі мясцовага самакіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач.
“Справядлівай будзе пастаноўка задачы павышэння ролі мясцовага самакіравання ў рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Дзейснае мясцовае самакіраванне можа стаць магутным рэсурсам для развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны, фарміравання спрыяльнага прадпрымальніцкага асяроддзя, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў, стварэння новых вытворчасцей і рабочых месцаў”.
Звяртаючыся да старшынь абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што дэпутаты не павінны чакаць нейкай каманды, а самі ініцыіраваць прапановы па вырашэнні праблем на месцах, больш актыўна працаваць з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі.