Дзеля бяспекі дзяцей

На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства” сярод дашкольных устаноў. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС.

Фестываль праводзіўся з мэтай удасканалення форм і метадаў работы з дашкольнікамі па фарміраванні ў іх навыкаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях, выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці, выяўлення і распаўсюджвання лепшага педагагічнага вопыту ў гэтым напрамку. Акрамя таго, фестываль накіраваны на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы прафілактыкі траўматызму і папярэджання пажараў з-за дзіцячага свавольства, пашырэнне ўяўленняў дашкольнікаў аб прафесіі ратавальніка-пажарнага, прапаганду каштоўнасцей здаровага ладу жыцця, абагачэнне развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя дашкольных устаноў сродкамі навучання, цацкамі і гульнявым абсталяваннем, далучэнне бацькоў да выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей і інш. Абласны этап спаборніцтва сабраў прадстаўнікоў 20 дашкольных устаноў Брэстчыны, чыя дзейнасць была прызнана лепшай у намінацыях “Куток бяспекі для дзяцей”, “Дыдактычная гульня”, “Работа з бацькамі” і “Вуснамі малыша”.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ўдзельнічалі міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі У.А.Вашчанка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. У фае міжнароднага маладзёжнага валанцёрскага цэнтра пры абласным МНС, дзе праходзіла мерапрыемства, разгарнулася вялікая выстава наглядна-дыдактычных і гульнявых матэрыялаў. На ёй былі прадстаўлены цікавыя экспанаты, створаныя рукамі дзяцей, іх бацькоў і выхавальнікаў. Кожны з гэтых экспанатаў меў пэўнае выхаваўчае значэнне і заслугоўваў увагі.

Азнаёміўшыся з выставай, прадстаўнікі МНС і абласнога ўпраўлення адукацыі падзякавалі педагогам за цікавыя ідэі, арыгінальны падыход, крэатыўнае мысленне і наватарскія рашэнні, вартыя актыўнага распаўсюджвання ў дашкольных установах Брэстчыны.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі педагагічныя калектывы ясляў-сада № 44 Пінска, Яроміцкага ясляў-сада Кобрынскага раёна, ясляў-сада № 55 Баранавіч і ясляў-сада № 73 Брэста. У намінацыі “За эфектыўнае фарміраванне ў дзяцей культуры бяспекі жыццядзейнасці” былі адзначаны педагогі ясляў-сада № 20 Брэста і ясляў-сада № 9 Пружан, а ў намінацыі “За арыгінальны падыход у стварэнні ўмоў для фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей” — прадстаўнікі ясляў-сада № 1 Івацэвіч і ясляў-сада № 2 Маларыты.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.