Дзеля мірнага свету

- 12:35Культура

Больш за 500 школьнікаў і выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі сабраліся ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, каб прыняць удзел у гала-канцэрце, арганізаваным па выніках абласнога этапу ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. Сёлета ён прысвечаны 70-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Агляд-конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых вучняў, грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі, а таксама развіцця дзіцячай мастацкай творчасці. У адборачных і занальных аглядах і выставах дзіцячай творчасці прынялі ўдзел каля 2 тысяч школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў.
У фае Брэсцкага абласнога ЦМТ працавала выстава выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей. На выставе можна было азнаёміцца не толькі з малюнкамі, выкананымі ў розных тэхніках і рознымі матэрыяламі на тэму гісторыі краіны, герояў вайны, сям’і і міру, але і з ткацкімі, скуранымі, фларыстычнымі, саламянымі, драўлянымі і керамічнымі вырабамі, вышыўкай, лялькамі, цацкамі і інш.
Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама М.К.Тарасюк пажадаў юным артыстам, каб творчы азарт і натхненне засталіся ў іх на доўгія гады і каб яны радавалі сваімі талентамі сяброў, блізкіх і іншых людзей. Па словах Мікалая Ксенафонтавіча, журы агляду-конкурсу выканала вялікую работу ў выбары самых лепшых танцораў, чытальнікаў, спевакоў, дызайнераў і інш.
Удзельнікі агляду-конкурсу спаборнічалі ў 19 намінацыях: у харэаграфічнай, вакальнай, харавой, тэатральнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, інструментальнай музыцы, аўтарскім чытанні, тэатры мод, выяўленчым мастацтве і інш. Двухгадзінная канцэртная праграма, падзеленая на 4 блокі (“Мы памятаем”, “Дзякуй салдатам Перамогі!”, “Мы — дзеці твае, Беларусь” і “Прывітанне, свет!”), складалася з 33 выступленняў, прасякнутых патрыятызмам і любоўю да Радзімы. Фіналісты парадавалі гледачоў і журы высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства, артыстызмам і выразнасцю, адметным рэпертуарам і цікавымі аранжыроўкамі, сцэнічнай культурай і яркімі касцюмамі.
Дыпломы І ступені атрымалі Сяргей Дубіна і Ганна Куніцкая з Крывошынскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна, Лізавета Хвяшчук з сярэдняй школы № 12 імя К.Л.Губарэвіча Брэста, Марыя Гарбачук з сярэдняй школы № 4 Іванава, тэатр-стэм “Дзівакі” ў складзе Антона Харужага і Вадзіма Галоўчыка з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Наталля Бярэнчык з народнага аматарскага аб’яднання “Спадчына” Брэсцкага абласнога ЦМТ, узорны ансамбль народнага танца “Праменьчык” і народны ансамбль народных інструментаў “Святач” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста, узорны ансамбль народнага танца “Мацейка” з сярэдняй школы № 13 Баранавіч, узорны ансамбль эстраднага танца “Прэстыж” і ўзорны клуб бальна-спартыўнага танца “Вікторыя” з Брэсцкага абласнога ЦМТ, узорны ансамбль “Імпульс” і ўзорны ансамбль эстраднага танца “Ваяж” з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, танцавальны калектыў “Гарэзы” з Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, узорны вакальны ансамбль “Залатое птушаня” і ўзорны клуб сучаснага бальнага танца “Мірыданс” у складзе Веранікі Ляпко і Святаслава Чыжыка з Цэнтра дзіцячай творчасці Лунінца, народная студыя моды “Папараць-кветка” з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пружан, Марына Хайко з гімназіі № 3 Брэста, Ганна Лысая з дзіцячага сада — пачатковай школы № 7 Брэста, Ганна Цітовіч з гімназіі № 1 Брэста, Кірыл Кучынскі з Падстарынскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Данііл Літвінец з сярэдняй школы № 7 Кобрына, Уладзімір Свібовіч з сярэдняй школы № 22 Брэста, Ірына Літвін з сярэдняй школы № 26 Брэста, Ганна Ермаковіч і Ангеліна Піпер з узорнай эстраднай студыі “Тарарам” Брэсцкага абласнога ЦМТ, Ангеліна Лукша з сярэдняй школы № 7 Пінска, Аляксандр Журовіч з Імянінскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна, вакальны ансамбль “Кукабара” з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні Брэста, народны ансамбль песні і танца “Прыбужжа” і ўзорны аркестр народных інструментаў з гімназіі № 3 Брэста, узорны хор “Кантылена” і ўзорны ансамбль скрыпачоў з сярэдняй школы № 17 Баранавіч, Дзмітрый Васілеўскі з ліцэя № 1 Баранавіч, узорны духавы аркестр “Школьныя гады” з гімназіі № 3 Пінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.