Дзеля паспяховай сацыялізацыі

На Міншчыне стартуе беларуска-галандскі праект “Інтэграцыя ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў”.

Мэта праекта — стварэнне новай вучэбнай праграмы і ўмоў для паспяховай інтэграцыі ў рынак працы навучэнцаў трох дапаможных школ-інтэрнатаў Мінскай вобласці. Дагавор аб рэалізацыі праекта падпісалі начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак і старшыня фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” Марыя Элізабэт Схраверус. Праект узгоднены начальнікам аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антанінай Міхайлаўнай Змушко.
У Галандыі назапашаны багаты вопыт прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з АПФР. Існуе такі вопыт і ў нашай краіне. Аб’яднанне ведаў і намаганняў дазволіць вывесці гэтую работу на новы ўзровень.
Праект будзе рэалізоўвацца ў чатыры этапы на базе Капыльскай, Рудзенскай і Гарадзейскай дапаможных школ-інтэрнатаў. Удзел у ім прымуць педагогі гэтых устаноў, а таксама супрацоўнікі БДПУ імя Максіма Танка, галандскія і беларускія спецыялісты ўстаноў, якія ажыццяўляюць працоўную і прафесійную падрыхтоўку дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю.
У рамках праекта будзе прааналізавана эфектыўнасць інтэграцыі ў рынак працы навучэнцаў дапаможных школ-інтэрнатаў Мінскай вобласці. Беларускія ўдзельнікі азнаёмяцца са структурай і зместам працоўнай і прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю ў Галандыі. Будзе арганізавана вытворчая практыка на прадпрыемствах Мінскай вобласці для навучэнцаў устаноў — удзельніц праекта, узмоцніцца іх матэрыяльная база.
Чакаецца, што вынікам ажыццяўлення праекта стане больш паспяховая адаптацыя выпускнікоў дапаможных школ-інтэрнатаў на працоўных месцах. Калі чаканні спраўдзяцца, вопыт работы Міншчыны будзе абагульнены і распаўсюджаны ва ўстановах спецыяльнай адукацыі ўсёй краіны. А гэта значыць,што для тысяч маладых людзей з АПФР значна павысяцца шансы паспяхова адаптавацца ў грамадстве.

Дар’я РЭВА.