Дзеля павышэння якасці ведаў навучэнцаў і кампетэнтнасці педагогаў

Сёння суботнюю планёрку праводзім з начальнікам аддзела па адукацыі, спорту і турызму Глускага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці Святланай Мікалаеўнай ЛІСІЦАЙ, якая дзеліцца сваім бачаннем развіцця сістэмы адукацыі ў раёне.

— Стартаваў 2018/2019 навучальны год са знакавага для Глускага раёна мерапрыемства, прысвечанага 105-й гадавіне з дня нараджэння Сяргея Іванавіча Грахоўскага, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Творчы вечар сустрэчы “Урокі Грахоўскага”, на якім прысутнічалі родныя і блізкія пісьменніка, навучэнцы школ раёна, прайшоў у сярэдняй школе № 1, якая носіць імя Сяргея Іванавіча. У лістападзе ва ўстановах адукацыі раёна адбыўся Тыдзень малой радзімы. Яго адметнасцю стаў конкурс на лепшы куток малой радзімы, які праводзіўся з мэтай стварэння адукацыйнага асяроддзя, што адлюстроўвае сутнасць культуры і гісторыі Глускага раёна.

У снежні ў спартыўнай зале Усцярхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы прайшоў рэспубліканскі турнір па баскетболе ў рамках Еўрапейскага тыдня баскетбола ФІБА-СОЕЕ. Спаборніцтва праводзілася з мэтай сацыяльнай і фізічнай рэабілітацыі падлеткаў і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця праз арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. У турніры ўдзельнічалі 4 каманды спартсменаў, якім больш за 14 гадоў і якія трэніруюцца па пра­граме “Спешыял Алімпікс”.

— Штогод у навучальныя ўстановы прыходзяць маладыя спецыялісты. Ці закрываюць яны вашы патрэбы ў педкадрах і як вы ацэньваеце іх педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце?

— У 2018 годзе ў Глускі раён прыбылі 4 маладыя спецыялісты: настаўнікі замежнай мовы, фізічнай культуры і здароўя, настаўнік-дэфектолаг, выхавальнік дашкольнай установы. Нягледзячы на тое, што настаўнікі замежнай мовы прыбываюць штогод, патрэба ў гэтай катэгорыі педкадраў застаецца. Таксама ў раёне не хапае педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў. Гэтая праблема вырашаецца шляхам перападрыхтоўкі педагогаў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Маладыя спецыялісты ў асноўным маюц­ь неабходныя прадметныя веды, але ім не хапае педагагічных здольнасцей (майстэрства), якія набываюцца з вопытам. Найбольш эфектыўнай формай перадачы вопыту маладому спецыялісту з’яўляецца настаўніцтва, дзе тэарэтычны складнік зведзены да мінімуму, а ўпор робіцца на фарміраванне практычных уменняў і навыкаў.

— Якая роля раённага вучэбна-метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў? Наколькі ў вашым раёне запатрабавана такая структура?

— У раённым вучэбна-метадычным кабінеце настаўнікам тлумачаць тое, што ствараецца педагагічнай навукай. Укараненне ў адукацыю кампетэнтнаснага падыходу дыктуе неабходнасць адступлення ад вузкапрадметнай дзейнасці метадыстаў. Метадычная работа перастае быць кансультацыйна-інфармацыйнай і накіроўваецца на арганізацыю самаадукацыі і самаўдасканаленне педагогаў, як маладых так і са стажам. Ад кампетэнтнасці метадыстаў залежыць якасць дапамогі, а значыць, і станоўчы ўплыў раённага вучэбна-метадычнага кабінета на развіццё сістэмы адукацыі, павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў, эфектыўнасць работы настаўнікаў і ўстаноў адукацыі раёна. Метадыст Н.У.Някрасава прымае актыўны ўдзел у канферэнцыях і семінарах, арганізаваных Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, дзе прадстаўляе свой вопыт работы.

З пачатку навучальнага года метадысты РУМК па графіку праводзяць пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў — гэта самая масавая форма навучання ўсіх катэгорый спецыялістаў. Вучоба ў рамках работы метадычных аб’яднанняў праходзіць у інтэрактыўнай форме. Вялікую цікавасць выклікаў у педагогаў пачатковых класаў вучэбны курс па тэме “Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Практыкум у пачатку навучальнага года для настаўнікаў раёна правяла кандыдат педагагічных навук, дацэнт, настаўнік-метадыст Святлана Іванаўна Гін. У снежні 2018 года праведзена дэкада адкрытых заняткаў настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў груп інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльных груп. На працягу 10 дзён педагогі правялі 13 адкрытых вучэбных заняткаў. Прайшоў раённы конкурс відэаўрокаў “Культуралагічны аспект у выкладанні прадметаў сацыяльна-гуманітарнага кірунку”, пераможцы якога прынялі ўдзел у абласным конкурсе і адзначаны дыпломамі III ступені.

— Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— У бягучым навучальным годзе профільным навучаннем ахоплена 60% вучняў ІІІ ступені. Навучэнцы 10—11 класаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні ў рамках аднаго з профіляў: фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага, філалагічнага, грамадазнаўчага. У гімназіі Глуска створана профільная група педагагічнай накіраванасці, дзе 7 навучэнцаў дадаткова засвойваюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. На базе Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы функцыянуе профільны клас аграрнай накіраванасці, у якім дзесяцікласнікі вывучаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, прычым практычныя заняткі праходзяць на базе і з удзелам спецыялістаў замацаванай за ўстановай адукацыi сельскагаспадарчай арганізацыі — ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”. Дапрофільнай падрыхтоўкай ахоплена каля 50% васьмікласнікаў. Дарэчы, у гімназіі англійскую мову на павышаным узроўні вывучаюць усе навучэнцы сярэдняга звяна (5—9 класаў).

— Акрэсліце кірункі дзейнасці вашага аддзела на 2019 год.

— Мы будзем працягваць вырашаць галоўныя задачы: павышэнне якасці ведаў навучэнцаў і кампетэнтнасці педагогаў. Асаблівая ўвага — рабоце з маладымі педагогамі з мэтай іх далейшага замацавання ва ўстановах адукацыі, што пакуль з’яўляецца даволі праблематычным для нашага раёна, аддаленага ад абласных цэнтраў. Сур’ёзнай праблемай, над якой неабходна сумесна і з поўнай аддачай працаваць усёй педагагічнай грамадскасці раёна, з’яўляецца рост сацыяльнага сіроцтва. Пазітыўным момантам выступае той факт, што ў 2019 годзе за кошт сродкаў Сусветнага банка пройдзе капітальны рамонт і мадэрнізацыя адразу дзвюх уста­ноў адукацыі: гімназіі і сярэдняй школы № 2 Глуска.

Паколькі сёння Дзень абаронцаў Айчыны, хочацца пажадаць усім мужчынам — работнікам сферы адукацыі моцнага здароўя, новых ідэй і адкрыццяў, нязгаснай любові да сваёй прафесіі, бадзёрасці, аптымізму і сямейнага дабрабыту. А ўсім будучым абаронцам Айчыны, нашым вучням і выхаванцам, жадаем мэтанакіраванасці ў атрыманні ведаў, а таксама яркіх уражанняў і перамог. Няхай кожны дзень, праведзены ў сценах роднай школы ці дзіцячага сада, будзе напоўнены радасцю ад новых адкрыццяў і сустрэч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.