Дзеля сучаснікаў і нашчадкаў

- 10:55Выхаванне

У мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адкрыўся маладзёжны патрыятычны цэнтр. У святочным мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліс, кіраўнік горада А.С.Рагачук, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, камандзіры вайсковых часцей Брэсцкага гарнізона, вучні ваенна-патрыятычных класаў і іншыя ганаровыя госці.

У прывітальным слове кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс адзначыў, што ідэя стварэння першага ў краіне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра належыць моладзі вобласці. Ідэю актывістаў, агучаную на 42 з’ездзе БРСМ у 2015 годзе, падтрымаў Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка. На будаўніцтва аб’екта, якое доўжылася 3 гады, БРСМ накіраваў прэзідэнцкую прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Не засталіся ўбаку ад важнай справы і жыхары Брэстчыны, вялікую дапамогу аказвалі і валанцёры. Цэнтр размясціўся на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання ў рэканструяваным будынку былога штаба 125-га стралковага палка, дзе абаронцы Брэсцкай крэпасці пад камандаваннем Івана Зубачова і Яфіма Фаміна трымалі абарону ў чэрвені 1941 года.

А.В.Ліс выказаў упэўненасць, што цэнтр будзе адыгрываць вялікую ролю ў захаванні гістарычнай памяці для нашчадкаў і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі не толькі Беларусі, але і іншых краін.

Маладзёжны патрыятычны цэнтр — філіял Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. У цэнтры размешчаны 40 месцаў для пражывання з інтэр’ерам ваенных гадоў, сталовая і вучэбныя класы, дзе школьнікі будуць займацца ваенна-прыкладнымі відамі спорту і дапрызыўнай падрыхтоўкай. Клубы па інтарэсах аб’яднаюць юных краязнаўцаў, пошукавікоў і гістарычных рэканструктараў. На тэрыторыі цэнтра знаходзяцца ваенныя лагеры розных эпох і палявая кухня. Тут будуць праводзіцца ваенна-тактычныя гульні і ўсталяваны трэнажоры для дзяцей. У планах — пашырэнне цэнтра за кошт суседніх казарм. Іх рэканструкцыя стане другой чаргой у рэалізацыі маштабнага праекта.

— У цэнтры створана атмасфера гераічнага мінулага, якое выклікае ў моладзі пачуццё гонару за родную краіну і павышае цікавасць да вывучэння айчыннай гісторыі. Вельмі прыемна, што праект рэалізаваны ў Год малой радзімы. Брэсцкая крэпасць — асаблівае месца для кожнага беларуса, — адзначыў дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці В.С.Іваноў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.