Дзень атамных тэхналогій прайшоў у БДУ

На фізічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў арганізаваны Дзень атамных тэхналогій. Арганізатарам мерапрыемства стала дзяржкарпарацыя “Расатам” пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі Беларусі, інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі (Мінск) і БДУ.

Дзень атамных тэхналогій арганізаваны ў адпаведнасці з праграмай падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Беларусі. Забеспячэнне высокай якасці іх падрыхтоўкі ў беларускіх ВНУ — адна з ключавых задач. Дзень атамных тэхналогій ужо трэці год запар дае магчымасць будучым спецыялістам пашырыць свае веды аб магчымасцях сучасных атамных тэхналогій і перспектывах іх выкарыстання ў розных сферах.

Фармат правядзення такіх дзён прадугледжвае работу двух асноўных блокаў: лекцыйнага і забаўляльнага. У лекцыйным блоку студэнты, а таксама ўсе жадаючыя змаглі даведацца, як атамная энергетыка дапамагае ў барацьбе з глабальнымі змяненнямі клімату, пра бяспеку сучасных АЭС, пра тое, у якіх сферах атамныя тэхналогіі знаходзяць прымяненне і як дапамагаюць зрабіць жыццё чалавека больш якасным, здаровым і бяспечным. Пра гэта студэнтам расказалі навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Зайцаў і лектар з Нацыянальнага даследчага ядзернага ўніверсітэта “МІФІ” Аляксей Пузакоў.

Акрамя лекцый, Дзень атамных тэхналогій прапанаваў студэнтам іншыя фарматы азнаямлення з сучасным мірным атамам і яго магчымасцямі. Супрацоўнікі інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі правялі віртуальныя экскурсіі па Беларускай АЭС з прымяненнем тэхналогій дапоўненай рэальнасці і 3D-акуляраў, прапанавалі студэнтам праверыць свае веды ў віктарынах, асвоіць “атамны” спрынт і навучыцца самастойна ствараць і асвойваць экалагічна чыстыя крыніцы энергіі на майстар-класах.

Падрыхтоўка спецыялістаў у сферы атамных тэхналогій вядзецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Студэнты праходзяць падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Ядзерныя фізіка і тэхналогіі”, “Хімія высокіх энергій”, “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый”, “Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый”, “Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак” і “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”. У рабоце “Дня атамных тэхналогій” прынялі ўдзел студэнты ўсіх профільных навучальных устаноў.