Дзень Беларусі пройдзе на “ЭКСПА-2015”

- 11:04Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальны дзень Беларусі на “ЭКСПА-2015” у італьянскім Мілане пройдзе 9 верасня. Аб гэтым паведамілі ў дырэкцыі нацыянальнага павільёна Беларусі на “ЭКСПА-2015”.

У нацыянальны дзень на “ЭКСПА”, які кожная краіна лічыць самым важным мерапрыемствам на выставе, чакаецца візіт беларускай урадавай дэлегацыі, а таксама кіраўнікоў шэрага буйных айчынных прадпрыемстваў. Чакаецца, што 9 верасня
“ЭКСПА-2015” наведае Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
На гэты дзень запланаваны бізнес-сустрэчы і шматбаковыя дзелавыя перагаворы ў час правядзення канферэнцыі на Міланскай фондавай біржы. Акрамя таго, увазе наведвальнікаў павільёна Беларусі будуць прадстаўлены канцэрты беларускіх творчых калектываў “Медуніца” і “Купалінка” на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы павільёна, выстава-дэгустацыя беларускіх прадуктаў харчавання, у першую чаргу кандытарскай і мяса-малочнай прадукцыі, а таксама дэгустацыя страў беларускай кухні, майстар-класы.
Завершыцца святкаванне нацыянальнага дня Беларусі вячэрнім гала-канцэртам “Беларусь запрашае!” на адкрытай пляцоўцы “Экспацэнтр” з удзелам Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, фальклорнай групы “Купалінка”, саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Громава, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета заслужанай артысткі Беларусі Ніны Шарубінай, саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета лаўрэата міжнародных конкурсаў Паўла Пятрова.
Паводле інфармацыі дырэкцыі нацыянальнага павільёна, беларускі павільён на “ЭКСПА-2015”, які займае плошчу больш як 1 тысяча кв.м, уваходзіць у дзясятку самых запамінальных сярод 54 нацыянальных павільёнаў у Мілане і з’яўляецца адным з самых наведваемых.
“ЭКСПА”, або Сусветная выстава, — маштабнае міжнароднае мерапрыемства, дзе кожная краіна-
ўдзельніца знаёміць наведвальнікаў са сваёй эканомікай, навукай, ладам жыцця, традыцыямі, культурай, турыстычнымі магчымасцямі, дасягненнямі. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе і з таго часу стала рэгулярна праводзіцца ў розных краінах свету. Дэвіз
“ЭКСПА-2015” у Мілане — “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. Выстава працуе з 1 мая па 31 кастрычніка, удзел у ёй прымаюць 145 краін, асобныя экспазіцыі прадстаўляюць буйныя кампаніі і няўрадавыя арганізацыі. Для выставачных павільёнаў адведзена тэрыторыя плошчай больш як 1,7 млн кв.м на паўночным захадзе Мілана.