Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне стане маштабным яркім дзействам

- 12:19Інфармацыйная гадзіна

Святкаванне Дня беларускага пісьменства стане маштабным яркім дзействам, пляцоўкай для якога два дні — 5 і 6 верасня — будзе Шчучын Гродзенскай вобласці. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Урачыстае адкрыццё свята адбудзецца 6 верасня, але ўжо напярэдадні, 5 верасня, запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, прыемнай падзеяй стане адкрыццё пасля капітальнага рамонту Шчучынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. У гэты дзень пройдзе міжнародны круглы стол “Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства” з удзелам замежных і беларускіх пісьменнікаў. Навукова-практычная канферэнцыя “Шчучынскія чытанні-2015”, якая арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і іншымі структурамі, таксама ў праграме Дня беларускага пісьменства 5 верасня. Цікавым мерапрыемствам стане конкурс чытальнікаў “Жывая класіка”.
Першымі мерапрыемствамі літаратурнага свята 6 верасня стануць пасадка Саду Малітвы каля храма Святога Міхаіла Архангела, хрэсны ход да храма Богаяўлення і боская літургія ў храме. Потым госці змогуць прысутнічаць на адкрыцці адрэстаўрыраванага палаца князёў Друцка-Любецкіх.
У час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства 6 верасня будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія. Сем беларускіх пісьменнікаў стануць уладальнікамі першых узнагарод.
Для гасцей свята падрыхтавана шмат выставачных праектаў. Так, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадставіць перасовачную выставу “Клічу вас я на пабеду”, прысвечаную 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і творчасці Янкі Купалы ў ваенныя гады, а Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе перасовачную выставу “Якуб Колас. Дарогамі вайны”.
На фестывалі кнігі і прэсы, які разгорнецца на плошчы Свабоды на працягу двух дзён, госці свята змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй плакатаў-пераможцаў міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД “Нам дарагі мір” і плакатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа будзе працаваць тэматычная кніжная выстава “Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”, а таксама выстава газет, якія выдаваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны партызанамі і падпольшчыкамі.
Падагульняючая выстава рэспубліканскага конкурсу “Фота Беларусі” прадставіць лепшыя здымкі яго ўдзельнікаў.
У праграме таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэш-моб, спартыўныя спаборніцтвы, работа горада майстроў, майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых мерапрыемстваў.