Дзень беларускай мовы “Размаўляем па-беларуску”

З 21 па 22 лютага ў дзіцячым садзе № 3 Глуска Магілёўскай вобласці  выхаванцы сумесна з дарослымі адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Былі арганізаваны фотавыстава “Матывы роднай зямлi”, заняткі, фізічныя і музычныя забавы, размовы, гульні.

Міжнародны дзень роднай мовы — яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём на Беларусі. З нагоды свята я правяла заняткі “Сурвэтка-сурвэтачка” па адукацыйных абласцях “Дзiця i грамадства” i “Мастацтва” (маляванне) для дзяцей старэйшай групы (5—6 гадоў).

Iнтэграваныя заняткі па адукацыйных абласцях
“Дзiця i грамадства” i “Мастацтва” (маляванне)
для дзяцей старэйшай групы (5—6 гадоў)

“Сурвэтка, сурвэтачка”

Праграмныя задачы:  фармiраваць у дзяцей уяўленнi аб прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спосабах iх стварэння; развiваць навыкi разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытаннi выхавальнiка; пашыраць слоўнiкавы запас; пазнаёмiць з новым вiдам малявання — маннай крупой; садзейнiчаць развiццю дзiцячай творчасцi; выхоўваць эстэтычны густ, павагу да працы народных умельцаў.

Матэрыял i абсталяванне:

выстава разнастайных сурвэтак, прэзентацыя “Карункi”; кошык з нiткамi, кручком i пруткамi; кардон блакiтнага колеру; клей-аловак; сурвэткi; манная крупа.

Папярэдняя работа: гульня “Грушка”, гутаркі аб дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Ход заняткаў:

Дзецi становяцца кругам.

Выхавальнiк: Давайце запусцiм ракету добрага настрою i адправiмся не ў космас, а ў іншае цудоўнае месца. Куды? Пабачыце самi, калi запусцiце ракету. Да запуску ракеты добрага настрою гатовы?

Дзецi: Гатовы!

Выхавальнік: Прышпіліць рамянi!

Дзецi: Ёсць, прышпілiць рамянi!

Выхавальнік: Завесцi маторы!

Дзецi: Ёсць, завесцi маторы!

Выхавальнік: Настрой у вас якi?

Дзецi: Добры, радасны.

(Iмiтацыя ўзлёту ракеты, грае спакойная музыка, дзецi падыходзяць да выставы.)

Выхавальнік:

Праўда, дзецi, тут прыгожа?

Паглядзiце на наш стол.

Толькі гляньце, што за рэчы,

На выставу к нам прыйшлi.

Беларускiя ўмельцы

Зараз iх для нас знайшлi.

(Дзецi разглядаюць ваставу.)

Выхавальнік: Што гэта?

Дзецi: Сурвэткi.

Выхавальнік: З чаго яны зроблены?

Дзецi: З нiтак.

Выхавальнік: Чым яны зроблены?

Дзецi: Кручком, пруткамi.

Выхавальнік: Як вы думаеце, якiя яшчэ вырабы можна звязаць кручком цi пруткамi?

Дзецi: Шапачкi, сукенкi, пакрывала, кашулi, хустачкi, спаднiцы i г.д.

Выхавальнік: Усе гэтыя рэчы, дзецi, я звязала сама. А хочаце паглядзець, як гэта робiцца? Падыходзьце да стала, зараз я вам пакажу.

(Паказывае.)

Выхавальнік: А хочаце паглядзець, як гэта робяць другiя майстры? Тады сядайце i давайце паглядзiм.

(Прагляд прэзентацыi Карункi.)

Выхавальнік: Каб зрабiць такiя вырабы, трэба рана ўставаць, старанна выконваць работу, быць цярплiвым, i толькi тады атрымаюцца такiя прыгожыя рэчы.

Выхавальнік: Зараз давайце адпачнём i пагулям у беларускую гульню “Грушка”.

(Дзеці гуляюць.)

Выхавальнік: Гуляеце вы добра, дзецi, малайцы. Але я ведаю, што вы ўмееце не толькi гуляць, але яшчэ i маляваць. Заходзьце ў нашу майстэрню.

(Дзецi падыходзяць да сталоў.)

Выхавальнік: А хацелася б вам пабыць майстрамi i зрабiць такiя ж прыгожыя сурвэткi? Але як нам быць? Пруткоў у нас няма, кручкоў — таксама, ды i вязаць вы пакуль не навучылiся. Таму я прапаную вам сплесцi сурвэткi вельмi незвычайным спосабам — з дапамогай маннай крупы.

(Выхавальнік паказвае 23 узоры, дзецi разглядаюць элементы, iх размяшчэнне.)

Выхавальнік: Якiя элементы ва пазналi на сурвэтках?

Дзецi: Зiгзаг, хвалiстая лiнiя, кропкi.

Выхавальнік: Спачатку намалюем клеем сняжынку. Потым засыплем маннай крупой увесь малюнак i прыціснем яго чыстай паперай. Лiшнюю крупу ссыплем. Скажыце, калi ласка, адкуль трэба пачаць пляценне?

Дзецi: З цэнтра.

(Пальчыкавая гiмнастыка Павуцінне”.)

Выхавальнік: Прыступайце да работы. Ваша задача — сплесцi сваю непаўторную, арыгiнальную сурвэтку.

(Дзецi сядаюць за сталы. Самастойная праца. Грае спакойная музыка. Выхавальнік вядзе iндывiдуальную працу. Дзецi ствараюць узор i наносяць яго клеем на кардонную загатоўку.)

Выхавальнік: Дзецi, як вы думаеце, цi могуць вашы работы заняць дастойнае месца на нашай выставе? Прааналiзуйце iх. Калi вы лiчыце, што работа скончана, то пакладзiце яе на стол з выставай, а калi не, то пакiньце на сваім стале.

(Любаванне сваiмi работамi на выставе.)

Антаніна ЗЕЛЯНКОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 3 Глуска Магілёўскай вобласці.