Дзень дзіцячай кнігі

Штогод, 2 красавіка, у дзень нараджэння дацкага пісьменніка-казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсена, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень дзіцячай кнігі. Свята кнігі не застаецца па-за ўвагай і ў нашай установе дашкольнай адукацыі.

Напярэдадні ва ўсіх узроставых групах прайшлі тэматычныя кніжныя тыдні, літаратурныя віктарыны. Нашы малыя наведваюць 1-ю малодшую групу, але ўжо ў такім узросце ні дня не могуць без любімых кніжак. Кніжны куток знаходзіцца ў групе ў даступным месцы. Кожнае дзіця, калі захоча, можа падысці і ўзяць любую ўпадабаную кнігу. Малышы падоўгу гартаюць выданні, разглядаюць яркія ілюстрацыі. А такія знаёмыя казкі, як “Рэпка”, “Церамок”, “Калабок”, чытаюць самі — расказваюць па памяці. У нашай групе ўжо склаўся “рытуал” чытаць перад абедам. Дзеці без напаміну прыносяць кнігі выхавальніку для чытання. У наш час камп’ютараў і разнастайных гаджэтаў многія становяцца залежнымі, агрэсіўнымі, азлобленымі. У малодшым дашкольным узросце вельмі важна не ўпусціць момант і зацікавіць дзіця менавіта кнігай.

Кніга, на мой погляд, — самы лепшы сябар для дзіцяці: развівае маўленне дзіцяці і павялічвае яго слоўнікавы запас, развівае мысленне, уяўленне, пазнавальны інтарэс, пашырае кругагляд, дапамагае дзіцяці пазнаваць сябе і зразумець іншых, аб’ядноўвае пакаленні, вучыць дзяцей этыцы, захапляе і забаўляе, прымушае дзяцей і дарослых смяяцца і плакаць. Чытанне — самы даступны і карысны для інтэлектуальнага і эмацыянальна-псіхічнага развіцця дзіцяці занятак. Навучыце ваша дзіця ставіцца з павагай не толькі да людзей, але і да кніг, і яно вырасце адукаваным.

Наталля АСІПЁНАК,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Круглага