Дзень кадэтаў

- 14:36Нам пішуць

У сярэдняй школе № 7 Навагрудка ўжо 4 гады функцыянуюць кадэцкія класы, таму 23 лютага для нас асаблівае свята. Увесь дзень прысвечаны Дню кадэтаў. З самага ранку ў школе адчуваецца атмасфера кадэцкага братэрства: парадна апранутыя кадэты вітаюць гасцей школы, на працягу дня трансліруюцца відэаролікі, прысвечаныя 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Кожны кадэцкі клас падрыхтаваў сваю прэзентацыю, у якую ўваходзіла паказальная страявая падрыхтоўка. Страявой былі ахоплены ўсе холы школы, паўсюль гучалі маршавыя кадэцкія песні. Усе навучэнцы і педкалектыў з заміраннем сэрца глядзелі паказальныя выступленні 104 кадэтаў, а навучэнцы I ступені пераймалі рухі, імправізуючы сваю, хоць і дзіцячую, страявую.

Неад’емная частка кадэцкага руху ў нашай школе — харавыя спевы, якія спрыяюць эстэтычнаму выхаванню навучэнцаў кадэцкіх класаў. У Дзень кадэтаў выступленне кадэцкага хору “Патрыёт” далучыла навучэнцаў, бацькоў і педагогаў да скарбніцы айчыннага вакальна-песеннага мастацтва. Усе з задавальненнем уключыліся ў музычную атмасферу: падпявалі і падтанцоўвалі.

23 лютага ў школе праходзіў міні-баль кадэтаў, да якога вучні доўга рыхтаваліся, развучваючы новыя фігуры і ўдасканальваючы майстэрства. Сёння яшчэ раз усе пераканаліся ў тым, што баль — гэта не толькі сімвал адраджэння традыцыйных урачыстасцяў, але і выдатная магчымасць прадэманстраваць фізічную падрыхтоўку, галантнасць, танцы. Кадэцкі баль — гэта чараўніцтва, якому ўласціва паўтарацца! На працягу дня майстэрства паказвалі не толькі кадэты, але і кожны ахвотны.

А завяршыўся наш дзіўны дзень адкрытай спартакіядай для вучняў 10—11 класаў з удзелам супрацоўнікаў Навагрудскага РАУС, аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і лячэбна-працоўнага прафілакторыя № 5. Падтрымку ў правядзенні мерапрыемства аказаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Мы ўпэўненыя, што сённяшні Дзень кадэтаў стане запамінальнай падзеяй, а многія яго ўдзельнікі праз некаторы час стануць вядомымі афіцэрамі і будуць служыць Радзіме.

Жанна ІВАНОВА,
Вольга КУР’ЯН,
намеснікі дырэктара сярэдняй школы № 7 Навагрудка.