Дзень маці пад знакам Багародзіцы

- 11:44Нам пішуць

З 9 па 14 кастрычніка ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі праходзіла тэматычнае мерапрыемства “Дзень маці пад знакам Багародзіцы”, прысвечанае Дню маці і праваслаўнаму святу Пакрова Прасвятой Багародзіцы. На духоўна-асветніцкую сустрэчу адправіліся навучэнцы 6-х і 9-х класаў сярэдняй школы № 11 Ліды.

Старшы навуковы супрацоўні музея Наталля Міхайлаўна Валынец прадставіла прэзентацыю, з якой школьнікі даведаліся пра дзеючыя храмы, асвечаныя ў гонар Божай Маці на Лідчыне. Асобую ўвагу Наталля Міхайлаўна акцэнтавала на ролі вобраза маці ў работах мастака Сяргея Савіцкага: “Партызанская мадонна”, “Партызанская Мадонна Мінская”, “Мадонна Біркенаў” дазволілі эмацыянальна і ярка распавесці дзецям пра цяжкую долю, якая выпала на плечы маці падчас Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане.

Пасля прагляду дакументальнага фільма пра гісторыю свята “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” разам з іерэем Арцеміем Папко, клірыкам кафедральнага Свята-Міхайлаўскага сабора горада Ліды, навучэнцы наведалі экспазіцыю абразоў Прасвятой Багародзіцы. Святар Арцемій пазнаёміў вучняў з рознымі тыпамі багародзічных абразоў і распавёў аб некаторых асаблівасцях іканаграфіі, дзякуючы якім можна распазнаць, да якога з тыпаў адносіцца той ці іншы абраз.

Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікалі абраз Божай Маці “Траяручыца” і богаслужбовае Евангелле, якое таксама было прадстаўлена ў экспазіцыі. Святар распавёў пра гэту кнігу, яе ролю ў жыцці царквы, а таксама дапамог школьнікам прачытаць некалькі радкоў, даўшы такім чынам магчымасць дакрануцца да богаслужбовай мовы праваслаўнай царквы.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 6 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды.