Дзень мовы — на розных мовах

- 11:34Сацыяльны ракурс

У гімназіі № 2 Ваўкавыска традыцыйна адзначаецца свята, прысвечанае ідэі талерантных узаемаадносін ва ўмовах моўнай разнастайнасці еўрапейскага соцыуму, — Еўрапейскі дзень моў.

У замежнай мовы як вучэбнага прадмета ёсць вельмі эфектыўныя сродкі для выхавання ўсебакова развітой асобы школьніка: гэтая дысцыпліна спрыяе далучэнню вучняў да каштоўнасцей сусветнай цывілізацыі і тым самым да лепшага ўсведамлення сваёй уласнай культуры. Невыпадкова, што менавіта па ініцыятыве настаўнікаў замежных моў у гімназіі № 2 Ваўкавыска некалькі гадоў назад пачалі адзначаць Еўрапейскі дзень моў.
Сёлета мерапрыемствы ахапілі не толькі вучняў з 1 па 11 клас, але і іх бацькоў і педагогаў гімназіі. Акцэнтам праграмы Еўрапейскага дня моў-2015 стала ідэя папулярызацыі вывучэння французскай і іспанскай моў, якія з’яўляюцца асноўнымі мовамі ў гімназіі.З самай раніцы педагогі, вучні і іх бацькі траплялі ў атмасферу моўнай разнастайнасці. У холе на першым паверсе гімназіі быў арганізаваны відэакросінг “Паразмаўляй са мной!”, дзе гучалі іспанская, французская, англійская, руская і беларуская мовы. Усім, хто прыходзіў у школу, дзяжурны клас уручаў карткі с прапановай паразмаўляць на розных мовах. Увагу прысутных прыцягваў казачны “Лес моў”, да стварэння якога прыклалі руку вучні 3-х і 4-х класаў. На рознакаляровых лісточках, старанна выразаных дзецьмі, можна было прачытаць словы на ўсіх мовах, якія вывучаюцца ў гімназіі. І так цікава было назіраць, як вучні ўважліва разглядалі дрэвы, шукалі менавіта свой лісцік, а знайшоўшы, з гонарам паказвалі яго сябрам, матулі ці тату, гаворачы: “Вось гэта я пісаў!” Un livre па-французску — гэта значыць “кніга”, ці “Глядзі, як прыгожа ў мяне атрымалася! Тут напісана на іспанскай мове Еl sol — сонца!”
Радасць і добры настрой адчулі ўсе, хто далучыўся да танцавальна-песеннага караоке-марафону “Спяваем на замежнай мове”, які праходзіў на другім паверсе гімназіі на працягу вучэбнага дня. Удзельнікі марафону ўпэўніліся, што песня і танец маюць пазнавальнае значэнне. Яны адлюстроўваюць жыццёвыя з’явы, узбагачаюць нас новымі ўяўленнямі пра культуру іншых народаў свету. Не засталіся ў баку ад свята і малышы. Старшакласнікі арганізавалі для вучняў 1-х і 2-х класаў “Вясёлыя перапынкі”, на якіх дзеці актыўна знаёміліся з гульнямі сваіх замежных равеснікаў з Іспаніі і Францыі.
Пад дэвізам “Вывучаем мову на працягу ўсяго жыцця” прайшлі кароткатэрміновыя курсы па вывучэнні французскай, іспанскай і англійскай мовы. Арганізатары курсаў (а імі, дарэчы, былі вучні старшых класаў, якія паспяхова зарэкамендавалі сябе ў алімпіадах па замежных мовах) падкрэслілі, што мова ўваходзіць у культурны вопыт чалавецтва, развіваецца разам з грамадствам, засвойваецца кожнай асобай толькі дзякуючы зносінам з іншымі людзьмі. Удзельнікам курсаў было прапанавана зрабіць першыя крокі ў вывучэнні новай для сябе замежнай мовы. Адметна, што павучыцца прыйшлі не толькі дзеці, але і адміністрацыя, а таксама настаўнікі гімназіі. Актыўныя і інтэрактыўныя метады, выкарыстаныя юнымі выкладчыкамі ў сваёй рабоце, дазволілі ўдзельнікам курсаў паспяхова засвоіць прапанаваны моўны матэрыял і атрымаць спецыяльнае пасведчанне аб заканчэнні курсаў.
Няма ні аднаго віду дзейнасці, у якім бы не прымянялася мова для выказвання думак, пачуццяў і волі, для дасягнення паразумення паміж людзьмі. Такой думкі прытрымліваліся стваральнікі тэматычных выстаў “Так, я размаўляю на замежнай мове!”, арганізаваных у кабінетах французскай і іспанскай мовы.
Звярнуліся арганізатары і да пытання мірнага суіснавання культурных і моўных традыцый у нашай краіне. Пад кiраўнiцтвам настаўнiкаў рускай i беларускай мовы ў рамках свята прайшло выступленне агітбрыгады “Дзве мовы сталі блізкімі мне змалку”, а таксама флэш-акцыя “Гаворым на беларускай мове”.
Фінальным акордам гімназічнага свята стала выстава “У хвіліны роздуму…”. Удзельнікі мерапрыемства разважалі пра значэнне замежных моў у жыцці сучаснага чалавека, гаварылі аб папулярных еўрапейскіх мовах і аб тых, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Не сакрэт, што менавіта традыцыі робяць школьнае жыццё запамінальным і цікавым. Святкаванне Еўрапейскага дня моў стала ўжо добрай гімназічнай традыцыяй, традыцыяй, якая не толькі садзейнічае паглыбленню ведаў па замежных мовах, але і спрыяе пашырэнню культуралагічнага кругагляду школьнікаў, развіццю іх творчай актыўнасці, эстэтычнага густу, і як вынік — павышае матывацыю да вывучэння моў і культур іншых краін, а таксама нацыянальную самаідэнтыфікацыю.

Ала ЛОБАЧ,
настаўніца французскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска.