Дзень народных традыцый у Краіне непасед

Году малой радзімы ўдзялілі ўвагу ў летнім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Краіна непасед” на базе ясляў-сада № 6 Навагрудка.

Мерапрыемствы тэматычнага дня народных традыцый былі прысвечаны роднай старонцы — гораду Навагрудку — былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — і яго вуліцам, знакамітым мясцінам. Падчас гадзіны “Мая краіна” дзеці ўзбагацілі веды аб Рэспубліцы Беларусь, яе краінах-суседзях і культуры беларускага народа. Пасля прайшла экскурсія па памятных мясцінах горада: наведалі гарадскі парк, руіны Навагрудскага замка, дом-музей знакамітага пісьменніка А. Міцкевіча.

Паўдзельнічалі ў конкурснай праграме “Беларускія традыцыі”: развучылі народныя песні, гульні і танцы. Некаторыя падрыхтавалі расказы пра свае сямейныя традыцыі. Завяршыўся насычаны дзень конкурсам малюнкаў “Я люблю цябе, Беларусь”. Для бацькоў была арганізавана выстава дзіцячых работ.

Ірына МАШЧОНСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Навагрудка.