“Дзень настаўніка”

Менавіта так называецца першая п’еса маладога беларускага літаратара Сафіі Ворса, якую днямі прэзентавалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы. П’еса напісана спецыяльна для сацыяльнага праекта “Тэатр без меж”, артысты якога — выхаванцы прыёмных бацькоў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У творы шаснаццацігадовая пісьменніца ўзнімае праблемы фарміравання і развіцця асобы, чалавечнасці і шчырасці, пераносячы сваіх герояў у Школу ўзорнай адукацыі вышэйшай ступені 2134 года.

“Тэатр без меж”

Незвычайны “Тэатр без меж” арганізавала журналістка і актрыса Кацярына Саковіч. Яе ідэю падтрымаў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і Мінскі гарадскі клуб замяшчальных бацькоў “Вулей”. “Мы вырашылі стварыць спецыяльнае асяроддзе для раскрыцця дзяцей з прыёмных сем’яў, дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам ажыццявіць свае мары і нават наноў навучыцца глядзець на свет шырока расплюшчанымі і добрымі вачыма”, — расказала начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Захожая.

У тэатры прафесійныя рэжысёры і акцёры вучаць дзяцей трымаць сябе на публіцы, дапамагаюць развіць пластыку цела, увагу, назіральнасць, уменне фантазіраваць. “Тэатр для мяне — усё маё жыццё. І я разумею, наколькі важна для любога чалавека, а тым больш маленькага, умець гаварыць, быць нязмушаным і ўпэўненым у сабе. Сёння мала быць таленавітым, трэба быць яшчэ і максімальна здольным. Таму мэта нашага праекта — дапамагчы дзеткам пазбавіцца комплексаў і страхаў і знайсці сяброў, — падкрэсліла кіраўнік тэатра Кацярына Саковіч. — Зараз у нас 18 юных артыстаў ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў. Мы працуем другі год, але ўжо ёсць вынікі. Нядаўна дуэт нашых вучняў перамог на міжнародным фестывалі M-Fest. Наш тэатр — гэта пэўная прыступка ў жыцці, якая дапамагае дзецям з няпростым лёсам знайсці сябе і адаптавацца ў сучасным грамадстве праз творчасць”.

Асабліваму тэатру — адметны драматург

Ім стала юная пісьменніца аўтар кніг для падлеткаў “Дзесяць простых гісторый” і “Горад сляпых скрыжаванняў” – Сафія Ворса. Яе творчасць вядома не толькі ў нашай краіне, а і ў Балгарыі, Расіі, Польшчы, Літве і Японіі. У мінулым годзе яна стала пераможцай літаратурнага конкурсу “Новыя імёны” і лаўрэатам Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Славянскае слова” ў Балгарыі. З’яўляецца членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў імя святых Кірылы і Мяфодзія (Балгарыя). Сёлета стала лаўрэатам прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, уладальніцай прэміі Мінскага гарадскога савета дэпутатаў і намінантам Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”. Зусім нядаўна юная пісьменніца атрымала званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а Расійскі саюз пісьменнікаў прадставіў яе да ўзнагароджання медалём Антона Паўлавіча Чэхава.

Сафія прызналася, што ніколі не думала пра напісанне п’есы, але яе натхніла Кацярына Саковіч. “Большая частка маёй работы заключалася ў вывучэнні іншых п’ес, іх пабудовы, афармленні дыялогаў. Я пісала і перапісвала свой тэкст, развіваючыся разам са сваімі героямі, — расказала яна. — Кожны чалавек — асоба, у тым ліку і маленькі. Аднак дарослыя часта забываюць пра гэта. Мая п’еса даносіць важную думку, што і праз сто гадоў галоўнае ў настаўніцкай прафесіі — педагагічнае майстэрства і ўменне ўбачыць у кожным дзіцяці асобу, паважлівае стаўленне да сваіх вучняў, такіх розных па характары і выхаванні, — адзначыла юны драматург. — А яшчэ я хацела падкрэсліць, што кожны чалавек сам адказны за сваё жыццё. Часта здараецца так, што бацькі прымушаюць дзяцей стаць тым, кім хацелі быць самі, і тым самым псуюць іх жыццё”.

Дарэчы, адметнасць новай кнігі ў тым, што яна трансформер: калі яе перавярнуць, то можна прачытаць тэкст на рускай мове. Да таго ж выданне аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі мастачкі Маргарыты Ціхановіч. І гэта ўжо не першая іх сумесная работа. “Маргарыта рабіла малюнкі да ўсіх маіх кніг. Мы з ёй выдатна адчуваем адна адну, і я цалкам давяраю ёй”, — прызналася пісьменніца.

Рэпетыцыі спектакля па п’есе Сафіі Ворса пачнуцца ў студзені. На вясну запланавана яе вялікая прэм’ера на міжнародным тэатральным фестывалі ў Ізраілі.

“Чалавек” — галоўны назоўнік

П’еса “Дзень настаўніка” — гэта ўяўленне сучаснай школьніцы пра сапраўднага настаўніка — мудрага, справядлівага, добрага, уважлівага, які ўмее марыць сам і дапамагае сваім вучням рэалізоўваць мары, знайсці сябе і сваё прызванне, які можа даходліва патлумачыць, што куды больш важныя паказчыкі не паспяховасці, а чалавечнасці. Як гаворыць у тэксце настаўніца Аліса Аляксандраўна, галоўнае — “навучыць чалавека пава­жаць меркаванні і пачуцці іншых людзей, закласці прынцыпы, якія дапамогуць заўсёды заставацца чалавекам”. А таму і марыц­ь яна пра рэформу мовы, якая дазволіла б “зрабіць слова “чалавек” галоўным назоўнікам”. Аліса Аляксандраўна — яскравы прыклад педагога, адданага справе і вернага самому сабе.

П’еса прачытваецца літаральна за хвіліны, хоць пасля яшчэ доўга асэнсоўваецца, бо ў кожным сказе, цытаце — глыбокі сэнс. Такую п’есу можна ставіць на любой пляцоўцы і ў любы дзень. Бо задумвацца, а хто ёсць хто, які ты сапраўдны, што такое дабрыня, чалавечнасць, сяброўства, любоў, міласэрнасць і чаму яны важнейшыя за вучобу, кар’еру, багацце і поспех, варта кожны дзень.

І хоць сёння не Дзень настаўніка, аднак мне хочацца пажадаць усім вам, нашым чытачам, як мага часцей чуць такія ж словы, якія гучаць у п’есе: “Вы наш самы любімы настаўнік. Вы навучылі нас галоўнаму: паважаць людзей, не хлусіць сабе, не прытрымлівацца навязаных стэрэатыпаў, ілжывых мэт, не шукаць вінаватых, а адказваць за свае ўчынкі, думац­ь сваёй галавой, жыць сваім жыццём, самім вырашаць, што ёсць белае і чорнае, самім вызначаць, хто ёсць хто”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.