Дзень пачынаецца з “Ранічкі”

- 11:28Навіны рэгіёнаў

Фальклор аднаўляе сувязь часоў і пакаленняў, фармiруе пачуццё прыгожага на лепшых узорах народнага мастацтва, выхоўвае працавiтасць i сумленнасць. Беларускi песенны фальклор уключае шмат высокамастацкiх твораў, якiя застаюцца актуальнымі да сённяшняга часу, бо адлюстроўваюць светаўспрыманне і духоўны свет народа. Таму вельмі важна знаёміць моладзь з культурнай спадчынай.

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы дзейнічае ўзорны фальклорны гурт “Ранічка”, створаны 15 гадоў назад з мэтай вывучэння і захавання беларускага фальклору. Кіраўніком гурта з’яўляецца Наталля Генрыкаўна Юдчыц, якая ў дзяцінстве займалася ў фальклорным ансамблі. Яна выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Народная творчасць, фальклорныя спевы” і сёння ахвотна далучае дзяцей да народных спеваў.

Н.Г.Юдчыц стварыла дружны, згуртаваны і мабільны калектыў, рэпертуар якога складаецца з аўтэнтычных песень Бярозаўшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Адметна, што гуртоўцы пераймаюць песні з аўдыязапісаў на розных носьбітах, дакладна перадаючы самабытны гук, максімальна набліжаны да аўтэнтычнага гучання песень адпаведных рэгіёнаў.

Наталля Генрыкаўна ўважліва ставіцца да рэпертуару, самастойна апрацоўвае песні, рыхтуе канцэртныя нумары, дзякуючы чаму кожнае выступленне “Ранічкі” ўяўляе сабой непаўторнае і запамінальнае дзейства. Дзеці ўраж­ваюць гледачоў натуральнасцю паводзін, унутранай культурай, сфарміраванай на песенным фальклоры.

Сваю работу педагог будуе на аснове каляндарнай абраднасці беларусаў. У залежнасці ад сезона вывучаюцца адпаведныя песні. Такім чынам дзеці паступова знаёмяцца з гадавым колам каляндарна-абрадавых свят і музычным фальклорам.

Вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню пеўчага гуку, манеры выканання, дыкцыі, сцэнічнай культуры. Выхаванцы з першых заняткаў авалодваюць спеўным дыханнем і паступова замацоўваюць гэты навык.

Н.Г.Юдчыц паспяхова выкарыстоўвае галоўны прынцып народнай педагогікі — рабі, як я. Звяртае ўвагу на асаблівасці выканання твораў народнага песеннага мастацтва ў розных рэгіёнах Беларусі: “Таўкачыкі”, “Талака”, “Шла купалка”, “Вясна”, “Нова радасць стала”, “А на гары царкоўка”, “Ой, лiтэла зозуленка”, “Купала”, “Кракавяк” і інш.

Гуртоўцы займаюцца аднаўленнем песень Бярозаўшчыны, захоўваюць мясцовы стыль у перапетых песнях, надаюць ім новае жыццё. Працаваць у аўтэнтычнай манеры дапамагаюць экспедыцыі ў вёскі, сустрэчы з носьбітамі песеннай культуры.

Юныя артысты працуюць таксама над касцюмамі, якія шыюць па ўзорах мясцовага строю. Сярод іх — доўгія льняныя сарочкі, аздобленыя ручной вышыўкай. 

Шмат гадоў разам з Наталляй Генрыкаўнай працуе акампаніятар Ларыса Паўлаўна Клімук, якая дапамагае развіваць музычна-вобразнае мысленне і артыстычную індывідуальнасць навучэнцаў, выхоўваць павагу да культурнай спадчыны.

Педагог з цеплынёй успамінае шматлікіх выхаванцаў, многія з якіх дасягнулі высокага мастацкага ўзроўню і неаднаразова паспяхова прадстаўлялі раён на конкурсах і канцэртах. Навучэнцы валодаюць вялікім творчым патэнцыялам і пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства. Яркія і самабытныя выступленні “Ранічкі” ўяўляюць сабой не проста спевы, а своеасаблівы сінтэз песні, абраду, гульні і танца.

На рахунку гуртоўцаў шмат узнагарод, атрыманых па выніках творчых конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню. Так, сёлета “Ранічка” была прызнана лепшым фальклорным калектывам Брэстчыны. Ужо 2 гады ён носіць ганаровае званне ўзорнага аматарскага калектыву. Летась Н.Г.Юдчыц стала педагогам года дадатковай адукацыі Бярозаўшчыны.

Радуе, што некаторыя выхаванцы педагога прадаўжаюць яе справу, набываючы адукацыю ў галіне народнай творчасці.

Ірына ЖУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы.