Дзень падзякі vs Дажынкі

- 12:29Адукацыйная прастора

На працягу 8 гадоў у сярэдняй школе № 1 Ганцавіч дзейнічае культурна-лінгвістычнае аб’яднанне “Англійскі клуб”, кіраўніком якога з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Юлія Васільеўна Забароўская. За час яго існавання вучні неаднаразова выязджалі за мяжу, прымалі ў сябе замежных гасцей, рэалізавалі шэраг цікавых праектаў. Самы любімы аб’ект вывучэння школьнікаў — традыцыі англамоўных краін.

— У апошні чацвер лістапада жыхары ЗША адзначаюць Дзень падзякі, — расказвае Ю.В.Забароўская. — Вучні не раз пыталіся, ці ёсць сярод беларускіх традыцый аналаг гэтага дня. У выніку дзіцячая цікаўнасць вылілася ў маштабны праект па вывучэнні падабенства двух свят. Школьнікі вырашылі даведацца, наколькі апраўдана параўноўваць Дзень падзякі і Дажынкі, зыходзячы з таго, што іх аб’ядноўвае толькі збор ураджаю.
Па словах Ю.В.Забароўскай, рэалізацыя праекта павінна была паказаць, што, нягледзячы на значную геаграфічную аддаленасць ЗША і Беларусі, іх розніцу ў палітычных і рэлігійных поглядах, можна дасягнуць узаемаразумення паміж народамі шляхам пазнання нацыянальных культур з падобнымі рысамі.

— Сёлета споўнілася 20 гадоў з моманту афіцыйнага заснавання Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі” і 395 гадоў з дня першага святкавання Дня падзякі ў ЗША, — гаворыць Ю.В.Забароўская. — Спачатку вучні вызначылі 3 аспекты, па якіх праводзіць параўнальны аналіз: гісторыя, традыцыі і сімвалы свят. Удзельнікі праекта працавалі над тэмай больш за год: вывучалі літаратуру і інтэрнэт-рэсурсы, апрацоўвалі і аналізавалі атрыманыя даныя, пісалі эсэ і даклады па-англійску, стваралі макеты паштовак з атрыбутамі Дажынак. Акрамя таго, дзеці правялі сацыялагічнае апытанне, каб вызначыць падабенства поглядаў беларускага і амерыканскага народаў на галоўную ідэю свят, іх асноўныя сімвалы і традыцыі. Вучняў цікавіла, наколькі дакладныя ўяўленні нашых суайчыннікаў пра Дзень падзякі і што ведаюць амерыканцы пра Дажынкі. Рэспандэнтамі выступілі 136 грамадзян Беларусі (вучні школ Ганцавіччыны, іх бацькі і настаўнікі), 38 грамадзян ЗША і 14 прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чыкага (ЗША). Поўныя адказы амерыканцаў мы размясцілі на школьным сайце.

Свае работы дзеці дасылалі на суд міжнароднага журы, у склад якога ўваходзілі сябры “Англійскага клуба” з ЗША, Германіі, Чэхіі і Люксембурга. Пасля завяршэння праекта яго ўдзельнікі атрымалі шмат цудоўных падарункаў ад замежных суддзяў. Пераможцай праекта стала дзевяцікласніца Дзіяна Забароўская, якая прэзентавала вынікі даследавання на раённай навукова-практычнай канферэнцыі і атрымала дыплом І ступені.

— Падчас даследчай работы вучні даказалі, што Дзень падзякі і Дажынкі з’яўляюцца аналагічнымі святамі, хаця гаварыць пра іх поўную ідэнтычнасць усё ж нельга, — адзначае Ю.В.Забароўская. — Існуючыя адрозненні абумоўлены прыналежнасцю да розных народаў і культур, асаблівасцямі гістарычнага развіцця, прыроднымі ўмовамі і вырошчваннем пэўных сельскагаспадарчых культур. Дзень падзякі і Дажынкі максімальна падобныя толькі ля сваіх вытокаў. Сёння гэтыя святы нясуць розную сэнсавую нагрузку і маюць розныя мэты. Беларускія Дажынкі вельмі самабытныя, чым і прыцягваюць увагу турыстаў.

Важна, што матэрыялы праведзенага даследавання не толькі садзейнічаюць папулярызацыі беларускіх народных традыцый сярод школьнікаў і замежных гасцей, але і з’яўляюцца дадатковай крыніцай краіназнаўчай інфармацыі, якую можна выкарыстоўваць на ўроках англійскай мовы і ў пазакласнай дзейнасці. Так, аўтарскія паштоўкі “Дажынкі”, распрацаваныя ганцавіцкімі школьнікамі, карыстаюцца папулярнасцю сярод удзельнікаў міжнароднага інтэрнэт-праекта “Посткросінг”. Завязалася сяброўства з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Чыкага (ЗША), дзякуючы чаму ў вучняў фарміруецца этнічная самасвядомасць. Акрамя таго, праведзеная работа стала часткай беларуска-амерыканскага праекта “Паміж намі акіян магчымасцей”, які рэалізоўваецца да сённяшняга часу і мае шэраг цікавых перспектыў.

— Гэта добры прыклад эфектыўнага культурнага абмену, накіраванага на ўмацаванне міжнародных сувязей, сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі, што вельмі актуальна ў сучасным свеце, — упэўнена Ю.В.Забароўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.