Дзень першакласніка — дзень успамінаў

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні прайшоў дзень першакласніка.

Мы, вучні 11-х класаў, у 7.45 дружна сабраліся на школьным ганку. Дзяўчынкі прыйшлі з вялікімі бантамі, у святочных сукенках, школьнай форме, якую насілі некалі іх мамы. Хлопцы — у белых кашулях. Многія захапілі з сабой любімую цацку — ляльку, мішку, машынку, нават кракадзільчыка.

Нашы класныя кіраўнікі, Таццяна Мікалаеўна Шыдлоўская і Таццяна Уладзіславаўна Яроўская, не змаглі стрымаць слёз…

Настаўнікі пачатковых класаў правялі для нас міні-ўрокі малявання, спеваў, чыстапісання. А яшчэ на перапынках мы спявалі пад гітару, расказвалі смешныя гісторыі са школьнага жыцця або проста блукалі па калідорах, у думках развітваючыся з дзяцінствам, якое так незаўважна нас пакідае.

Гэтым цудоўным сонечным днём мы яшчэ раз успомнілі, як добра было ў сценах любімай школы.

Родная сёмая! Дзякуй, што ты была ў нашым жыцці! Мы ніколі не забудзем усё, што ты зрабіла для нас, і пастараемся стаць такімі людзьмі, якімі ты будзеш ганарыцца.

Ірэна МІЛАШ,
вучаніца 11 “Б” класа cярэдняй школы № 7 Смаргоні.