Дзень сельскага школьніка

У суботні дзень вучні Затур’янскага дзіцячага сада — сярэдняй школы віталі гасцей з Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. Госці, як заведзена, прыехалі не з пустымі рукамі — прывезлі з сабою ў падарунак мноства цікавых заняткаў і забаў, якія аб’яднаў “Дзень сельскага школьніка”. Дзеці стваралі паштоўкі для сваіх блізкіх, даведваліся, што дзіўнае зусім побач з намі, акуналіся ў казачнае вяселле, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах і танцавальным батле.

Мерапрыемства ў Затур’янскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе — адно з вялікага шэрага аналагічных. Справа ў тым, што Цэнтр дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна на працягу некалькіх гадоў рэалізоўвае выхаваўчы праект суботняга дня. У рамках праекта прайшлі сотні мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, на вуліцах і спартыўных пляцоўках Нясвіжа і раёна. Таксама ў рамках гэтага праекта ладзяцца і выязныя акцыі пад назвай “Дзень сельскага школьніка”. Падчас акцыі педагогі цэнтра накіроўваюцца ва ўстановы адукацыі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці, з разнастайнымі праграмамі. У невялічкіх населеных пунктах у дзяцей няшмат прапаноў для баўлення вольнага часу, аб шырокім выбары не даводзіцца гаварыць. Таму акцыя ЦДТ заўсёды ўспрымаецца хлопчыкамі і дзяўчынкамі добра. “Змест мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках акцыі “Дзень сельскага школьніка”, характарызуецца разнастайнасцю відаў і кірункаў. Мы стараемся прыцягнуць усіх вучняў да ўдзелу ў іх. Прыярытэтная задача педагогаў цэнтра — дапамагчы кожнаму дзіцяці раскрыцца, выявіць свой талент і знайсці прызванне, падтрымаць імкненне дзяцей і падлеткаў да самаразвіцця і самарэалізацыі, сфарміраваць культуру баўлення вольнага часу”, — расказвае Іна Анатольеўна Кухарчык, намеснік дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна.Мерапрыемствы “Дня сельскага школьніка” старанна прадумваюцца і рыхтуюцца, бо яны павінны ахапіць і захапіць усіх школьнікаў — ад малога да вялікага. Праграма ніколі не паўтараецца, для кожнай установы складаецца новая.
Для самых маленькіх школьнікаў прапаноўваюцца заняткі на майстар-класах, у творчых лабараторыях. Педагогі вучаць іх новым цікавым тэхнікам і прыдумваюць такія вырабы, якія б не патрабавалі вялікага напружання, складанага абсталявання і мноства матэрыялаў. Дзеці маюць магчымасць за адны заняткі зрабіць закончаны выраб, каб паказаць ці падарыць яго бацькам або сябрам. Часта майстар-класы і творчыя лабараторыі тэматычныя — прысвечаныя надыходзячым святам, пары года. Так, сельскія школьнікі выраблялі аб’ёмныя кветкі з паперы на майстар-класе “Сонечны фрэш”, ёлачныя цацкі ў тэхніцы выцінанкі на занятках “Ажурная казка”, сняжынкі-балерыны з паперы рабілі на майстар-класе “Снежны танец”, тэхніку кардмейкінгу асвойвалі на сустрэчы “Восеньскі лістапад”. Такая работа спрыяе выхаванню эстэтычнага густу дзяцей, развіццю іх творчых здольнасцей.
Абавязкова праводзяцца для дзяцей спартыўныя мерапрыемствы, на якія запрашаюць у якасці ўдзельнікаў вучняў сярэдняга звяна. Спартландыі “Будзь першым”, “ Спорт — гэта жыццё”, спартыўныя спаборніцтвы “Вялікія гонкі” і іншыя заўсёды набываюць забаўляльную форму і праходзяць весела і з азартам. Так арганізатары паказваюць прыклад здаровага адпачынку навучэнцам, папулярызуюць здаровы лад жыцця, павышэнне рухальнай актыўнасці.
Пашырыць кругагляд школьнікаў дапамагаюць пазнавальна-гульнявыя праграмы: гульня-падарожжа “Свет вакол нас”, гульня-віктарына “Экалагічная палітра”, інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Я люблю Беларусь!”, пазнавальна-гульнявыя праграмы “Экалагічны калейдаскоп” і “Краіна “Гуляйкіна”, інтэлектуальная гульня “Машына часу”, пазнавальная віктарына “Сувязь часоў” і многія іншыя.
Няпростая задача — зацікавіць старшакласнікаў, але і з ёй спраўляюцца педагогі ЦДТ Нясвіжскага раёна. Яны запрашаюць хлопцаў і дзяўчат да дыскусій, трэнінгаў, інтэрактываў, выбіраючы для іх актуальныя для моладзі тэмы. Заданні для навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту ставяць сваёй мэтай павышэнне прававой культуры дзяцей, прафілактыку правапарушэнняў, фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, выбар здаровага ладу жыцця, прафарыентацыйнае вызначэнне, спрыяюць развіццю агульнай культуры і культуры паводзін. Так, у розных мястэчках Нясвіжскага раёна прайшлі гульня-трэнінг “Усе разам”, конкурсная праграма “Прававы снайпер”, трэнінг “Зносіны і іх роля ў жыцці чалавека”, інфармацыйны часопіс “Я выбіраю жыццё”, інтэрактыўная гульня “У свеце цікавых прафесій”. Завяршае “Дзень сельскага школьніка” дыскатэка з конкурсамі, гульнямі і падарункамі.
За перыяд правядзення акцыі “Дзень сельскага школьніка” педагогі Цэнтра дзіцячай творчасці наведалі ўсе ўстановы адукацыі Нясвіжскага раёна, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. І спыняцца не збіраюцца, бо разумеюць, што нясуць радасць дзецям. У хуткім часе “Дзень сельскага школьніка” будуць адзначаць вучні Астроўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Дар’я РЭВА.
Фота ЦДТ Нясвіжскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *