Дзень снегу

Ніхто не будзе спрачацца, што самая чароўная пара года — зіма. Белыя сняжынкі, мароз, санкі, лыжы, снежкі, снежная баба… І як не скарыстацца такімі спрыяльнымі ўмовамі для добрага адпачынку? 5 студзеня ў Пархімаўскім яслях-садзе — базавай школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў Дзень снегу. Гульня “Снежныя фантазіі” і конкурс “Снежных скульптур” сталі цудоўным адпачынкам у шосты школьны дзень.

 

Шмат радасці хлопчыкам і дзяўчынкам прынесла катанне на лыжах. Таксама навучэнцы паспрабавалі сябе ў якасці скульптараў: збіралі рыдлёўкамі снег у кучы, фарміравалі пабудовы. На тэрыторыі ўстановы з’явіліся снегавікі, кветкі, снежныя крэпасці, сімвал 2019 года.

Дзеці атрымалі асалоду, зарад бадзёрасці ад такога зімовага адпачынку. А самае галоўнае — умацавалі здароўе.

Святлана ВОЙШЭЛЬ,
класны кіраўнік 7 класа Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.