Дзень судака — дзень прафарыентацыі

Праверыць прафесійныя навыкі навучэнцаў цяперашніх, а таксама прыцягнуць увагу навучэнцаў патэнцыяльных з лёгкасцю ўдалося на кулінарным шоу “Дзень судака”, якое адбылося ў Вілейскім дзяржаўным каледжы.

Гэтае “смачнае” шоу стала сапраўдным святам не толькі для навучэнцаў каледжа, але і для ўсяго раёна. Прысвечана яно галоўнаму гаспадару і сімвалу Вілейскага вадасховішча — судаку. Упершыню ідэю правесці такое мерапрыемства прапанаваў дырэктар каледжа Ігар Сямёнавіч Кіцікаў 6 гадоў назад, і конкурс прафесійнага майстэрства сярод будучых кухараў “Дзень судака” з той пары стаў добрай традыцыяй каледжа.
За званне лепшага кулінарнага майстра змагаліся дзве каманды — “Алены” (Маргарыта Ганчарова, Алеся Апяцёнак) і “Васілісы” (Карына Вароніна, Лізавета Дубаневіч). Усе дзяўчаты набываюць у каледжы прафесію кухара.
Пачалі “Алены” і “Васілісы” з дэманстрацыі не кулінарных, а артыстычных талентаў — удзельніцы пазнаёмілі гледачоў са сваімі камандамі падчас творчай прэзентацыі. А ўжо потым накіраваліся на кухню, каб выканаць галоўнае заданне конкурсу — прыгатаваць судака як мага хутчэй і смачней, а потым прыгожа яго падаць. Дарэчы, спаборніцтвы праходзілі ў сталовай каледжа, на тым кухонным абсталяванні, на якім штодзень працуюць прафесіянальныя кухары, каб дзяўчаты паспрабавалі свае сілы менавіта ў сапраўднай рабочай абстаноўцы. А пакуль на кухні было ва ўсіх сэнсах горача, не сумавалі і гледачы. Вядучы забаўляў публіку анекдотамі і жартамі пра рыбу і рыбалку, а навучэнцы каледжа заспявалі вясёлыя песні.
Тым часам судак быў прыгатаваны, і перад суддзямі па чарзе з’явіліся дзве стравы. Члены журы, сярод якіх былі прадстаўнікі каледжа, Вілейскага РАУС і БРСМ, абвясцілі пераможцай каманду “Васілісы”. Усе дзяўчаты атрымалі не толькі вопыт і задавальненне ад удзелу ў конкурсе, але таксама прызы і прэміі ад адміністрацыі каледжа. Не пакрыўдзілі і гасцей — яны не толькі атрымалі асалоду ад шоу, але і паласаваліся смачным судаком. Дарэчы, па традыцыі ў якасці гледачоў былі запрошаны школьнікі Вілейкі, якіх у каледжы спадзяюцца ўбачыць сваімі навучэнцамі.
У Вілейскім каледжы такія конкурсы і шоу — не рэдкасць, тут да ўсяго стараюцца падыходзіць творча і па-сучаснаму. “Такія мерапрыемствы даюць нам многае. Па-першае, гэта магчымасць для нашых навучэнцаў паспрабаваць сябе ў прафесіі і паказаць сябе як спецыяліста. Мы вучым іх ганарыцца сваёй справай, сваімі ўменнямі, сваёй прафесіяй наогул, — расказвае Святлана Мацукевіч, педагог-арганізатар каледжа. — Па-другое, мы так, весела і азартна, праводзім прафарыентацыйную работу. Школьнікам цікава паглядзець на спаборніцтвы, яны даведваюцца больш аб прафесіі, назіраюць, як спраўляюцца канкурсанты з заданнямі, і міжволі “прымяраюць” прафесію на сябе. І, зразумела, такія мерапрыемствы дораць усім пазітыў і добрыя эмоцыі”.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Вілейскім дзяржаўным каледжам.