Дзень сяброўства — свята талерантнасці

Міжнародны дзень інвалідаў — нагода звярнуць увагу на людзей з асаблівым лёсам і падумаць, ці дастаткова зроблена для абароны іх правоў і свабод, ці прадастаўлены ім магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці. Адзначаюць гэты дзень па-рознаму. Цікавая традыцыя існуе ў Салігорскім раённым ЦКРНіР — тут дню інвалідаў прысвячаюць свята “Дзень сяброўства”.

Гэтай традыцыі ўжо два дзясяткі гадоў — сёлета адбылося юбілейнае, ХХ, раённае мерапрыемства “Дзень сяброўства”. Менавіта такую назву яно набыло, каб падкрэсліць добразычлівае і дружалюбнае стаўленне адно да аднаго, якое ствараецца на свяце.

Мерапрыемства праходзіла ў гімназіі № 2 Салігорска і пачалося з паказу казкі “Гусі-лебедзі”, які падрыхтаваў інклюзіўны тэатр Салігорскага раённага ЦКРНіР. Ролі ў пастаноўцы выконвалі выхаванцы карэкцыйнага цэнтра і ясляў-сада № 19 Салігорска. На сцэне дзеці праявілі свой артыстызм і паказалі цёплыя сяброўскія адносіны паміж сабой. Дарэчы, інклюзіўны тэатр актыўна выступае на мерапрыемствах ва ўстановах адукацыі Салігорскага і іншых раёнаў. Так, нядаўна артысты выступалі на Старадарожчыне, дзе ім аказалі вельмі цёплы прыём.

Працягам “Дня сяброўства” сталі творчыя нумары, якія падрыхтавалі выхаванцы ЦКРНіР, а таксама навучэнцы трох школ і трох дашкольных устаноў адукацыі горада. Усіх артыстаў горача падтрымлівалі гледачы.

“Дзень сяброўства” — асаблівае свята. Гэтае мерапрыемства — увасабленне думкі аб неабмежаваных магчымасцях асаблівых людзей і прыклад таго, як талерантныя адносіны да іх могуць рабіць цуды.

Дар’я РЭВА.
Фота Салігорскага раённага ЦКРНіР.