ДЗЕНЬ, які звязаў пакаленні

- 11:10Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У нядзелю 17 жніўня Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” адсвяткаваў сваё 45-годдзе. Сустрэчы і ўспаміны, шчырыя віншаванні і падарункі, цікавыя гульні і выступленні творчых калектываў на шматлікіх канцэртных пляцоўках і, канечне, вялікі канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады — усё гэта з’ядналася ў адно суцэльнае свята.
17 жніўня 1969 года піянерскія горны абвясцілі пра адкрыццё на беразе возера Нарач лагера піянерскага і камсамольскага актыву. З таго часу кожны год гісторыі “Зубраняці” быў значным, карысным і цікавым! “Зубраня” сёння — гэта сталіца шчаслівага дзяцінства, мары, рамантыкі, цэнтр добрых спраў і пачынанняў!

Сёлета, як і ў мінулыя гады, павіншаваць “Зубраня” з днём нараджэння сабраліся госці не толькі з розных рэгіёнаў нашай краіны, але і з іншых куткоў свету.
Дзяцей, супрацоўнікаў цэнтра і шматлікіх гасцей віталі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі М.А.Саротнік, Н.І.Пшанічная, В.Л.Гаўрылаў і А.Л.Дзем’яновіч, начальнікі ўпраўленняў адукацыі Г.М.Казак і У.У.Рыжкоў, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончык, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Г.Ф.Ласута, старшыня Мядзельскага райвыканкама І.І.Шацько, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Т.П.Бандарэнка, намеснік начальніка ДАІ Мінскай вобласці М.А.Акуліч і іншыя.
Таксама на свята прыехалі прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кіраўнікі рэспубліканскіх і абласных устаноў дадатковай адукацыі, прадстаўнікі ўсерасійскіх дзіцячых цэнтраў “Арляня” і “Акіян”, Рэспубліканскага аздараўленчага цэнтра “Балдаурэн” з Казахстана, прадстаўнікі дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў Беларусі, партнёры НДЦ “Зубраня”.
Безумоўна, не абышлося без узнагарод. Высокую ацэнку атрымала дзейнасць дырэктара НДЦ “Зубраня” Надзеі Генадзьеўны Ануфрыевай. “Шчыра дзякую за плённае супрацоўніцтва, значны асабісты ўклад у развіццё ўстановы адукацыі, арганізацыю навучання, выхавання і аздараўлення дзяцей”, — сказана ў Падзяцы міністра адукацыі С.А.Маскевіча ў адрас Надзеі Генадзьеўны.
Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана першы намеснік дырэктара цэнтра Таццяна Аркадзьеўна Чыжык. Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі атрымалі загадчык аддзела вучэбнай работы Уладзімір Паўлавіч Гардзей і загадчык аддзела лячэбнай работы Алена Іосіфаўна Шыбанава. Граматай Міністэрства адукацыі таксама ацэнена работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяны Алегаўны Багінскай, настаўніка інфарматыкі Віталя Яўгенавіча Красоўскага, выхавальніка аддзела выхаваўчай работы Сяргея Юр’евіча Сечына, загадчыка аддзела па арганізацыі выхаваўчай работы структурнай адзінкі “Лазурная” Кацярыны Іванаўны Шаркель.
Памятныя стужкі “За значны ўклад у развіццё НДЦ “Зубраня” з рук дырэктара цэнтра атрымалі Ніна Сільвестраўна Нерад, Рыма Сяргееўна Піонава, Уладзімір Уладзі-міравіч Фалалееў, Уладзімір Паўлавіч Грыдзюшка, а таксама ўдава былога дырэктара “Зубраняці” Мікалая Аляксандравіча Жука.
Як заўсёды, прайшлі сустрэчы важатых розных пакаленняў, дзе яны ўспаміналі сваё юнацтва, згадваючы, што менавіта “Зубраня” стаў стартавай пляцоўкай у іх прафесійным сталенні. “Я працавала важатай у “Зубраняці” з 1990 па 1994 год, — успамінае Ірына Кухарчык-Пракаповіч. — Гэта школа, якая дапамагла мне стварыць усё маё далейшае жыццё. Зараз я працую выхавальніцай дзіцячага сада ў Салігорску. “Зубраня” мяне навучыў самаму важнаму: умець любіць дзяцей, умець арганізаваць іх дзейнасць і свой час. Кожны раз, перабіраючы фотаздымкі, успамінаеш, як гэта было. І людзі, якія тут працавалі і працуюць цяпер, абсалютна непаўторныя. Нават сёння хочацца зноў папрацаваць у якасці важатай хоць месяц-два. Для мяне “Зубраня” — самыя яркія гады жыцця”.
“Наш цэнтр сёння — гэта вялікі ўтульны дом, — адзначыла яго дырэктар Надзея Генадзьеўна Ануфрыева. — Штогод тут адпачывае і вучыцца па мэтавых праграмах выхавання амаль 15 тысяч школьнікаў. За час існавання цэнтра ў нас пабывалі дзеці больш як з 45 краін свету, і кожны, развітваючыся, прывозіць дадому пазітыўныя эмоцыі і новы вопыт. Дзякуючы зладжанай рабоце нашага калектыву, мы змаглі стаць метадычным цэнтрам з сусветным імем, аказваючы дапамогу ў развіцці сістэмы аздараўлення не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Мы адкрыта ідзём на кантакт з усімі, хто хоча з намі сябраваць, і шчыра адгукаемся на прапановы аб супрацоўніцтве”.
Завяршыліся святкаванні 45-годдзя цэнтра вялікім канцэртам, у якім узялі ўдзел дзіцячыя калектывы “Затея”, вакальны ансамбль “Песенька”, ансамблі танца “Зубраня”, “Весялушка”, “Карусель” з Мінска, тэатр-студыя “Вясёлка” і ансамбль народнай музыкі “Ярыца” абласнога Цэнтра творчасці Магілёва, эстрадная студыя “Росы”, эстрадна-харавая студыя “Клас” і ансамбль танца “Зязюлька” з Бабруйска, ансамбль танца “Дружба” з Гомеля, а таксама зорачкі і зоркі беларускай эстрады Лідзія Заблоцкая і Вольга Сацюк, Генадзь Санько, арт-група “Беларусы” і група “Тяни-Толкай”, Дзядзя Ваня і заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева.
Шчыра віншуем “Зубраня” з 45-годдзем і спадзяёмся, што сям’я рабят-зубранят будзе павялічвацца і кожны год тысячы школьнікаў будуць з задавальненнем успамінаць дні, праведзеныя на беразе чароўнай Нарачы.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і Алега БАГІНСКАГА.