Дзень здароўя

- 14:46Спартыўныя падзеі

Дні здароўя з’яўляюцца актыўнай формай адпачынку, якая здымае стому і паляпшае разумовую працаздольнасць навучэнцаў. Улічваючы, што фізічныя практыкаванні не толькі ўмацоўваюць усе сістэмы арганізма, але і фарміруюць пачуццё адказнасці, дружбы, калектывізму, ахопліваюць пытанні санітарыі і гігіены, загартоўвання, барацьбы са шкоднымі звычкамі, праца нашай школы арыентавана на здаровы лад жыцця. Акрамя тэарэтычнага курса “Здаровы лад жыцця” ў 1—7 класах, у школе штомесяц праводзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы па праграме дня здароўя па розных відах спорту. Прадставім увазе чытачоў прыклад дня здароўя, праведзенага ў гэтым годзе.

Самым папулярным і захапляльным спартыўна-маса­вым мерапрыемствам у Ці­­хініцкай сярэдняй школе імя А.А.Осіпава Рагачоўскага раёна з’яўляецца дзень здароўя. Гэтае спартыўнае свята дае магчы­масць вучням праверыць свае сілы, дапамагае падвесці вынікі працы настаўнікаў фізічнай культуры і намеціць перспектывы развіцця фізічнай культуры і спорту ў вёсцы. Як у нашай школе рыхтуюцца да дня здароўя? Пытанне аб правядзенні абмяркоўваецца з фізкультурным актывам, праграма спаборніцтваў распрацоўваецца настаўнікам фізкультуры, узгадняецца з дырэктарам школы і за тыдзень да пачатку спаборніцтваў аб’яўляецца на агульнашкольнай лінейцы. Кожны ўдзельнік пачынае рыхтавацца да спартыўнага свята не толькі на спартыўных секцыях, але і самастойна.

Дзень здароўя ­праводзіцца з навучэнцамі 3—11 класаў на спартыўных аб’ектах фізкультурна-­аздараўленчага комплексу “Ціхі­нічы”. Праграма спаборніцтваў уключае: збор удзельнікаў у спартыўнай зале ФАКа, рэгістрацыю гасцей; пастраенне ўдзельнікаў, урачыстае адкрыццё спаборніцтваў, узняцце Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь лепшымі спартсменамі школы; танцавальны нумар для гасцей і ўдзельнікаў спаборніцтваў у выкананні вучаніц 8—10 класаў; падрыхтоўка месцаў заняткаў і спартыўнага інвентару; валейбольны матч паміж хлопцамі 10—11 і 8—9 класаў; валейбольны матч паміж дзяўчатамі 10 і 11 класаў; фрагменты трэніровачных заняткаў па цяжкай атлетыцы ў трэнажорнай зале з навучэнцамі 9—11 класаў; спаборніцтва па рухавых гульнях у “Квадрат” і “Лапту” паміж камандамі 5 і 6 класаў; спартландыю паміж камандамі 7 і 8 класаў; віктарыну на спартыўную тэматыку для навучэнцаў 5—11 класаў; музычны нумар для гасцей і ўдзельнікаў дня здароўя; трэніровачныя заняткі па плаванні для вучняў 3—4 класаў у басейне; рэфлексію.

У судзействе спаборніцтваў пры­маюць удзел настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, класныя кіраўнікі, бацькі і памочнікі з найбольш падрыхтаваных навучэнцаў школы. Удзельнікі, якія сталі пераможцамі ў спаборніцтвах па валейболе і рухавых гульнях, па спартландыі і плаванні, узнагароджваюцца граматамі.

Ход спаборніцтваў

Парад адкрыцця праходзіў у спартыўнай зале. На ­адкрыцці прысутнічалі метадыст па фізічнай культуры, намеснікі дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, баць­кі, настаўнікі. Пасля слоў з пажаданнямі ад адміністрацыі школы, настаўніка фізкультуры і здароўя ва ўрачыстай абстаноўцы капітаны каманд пад гукі Дзяржаўнага гімна паднялі сцяг Рэспублікі Беларусь.

Пасля абвяшчэння праграмы спаборніцтваў навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў выканалі музычны нумар, натхніўшы такім чынам удзельнікаў на высокія спартыўныя вынікі. Першым нумарам праграмы дня здароўя быў валейбольны матч паміж камандамі хлопчыкаў 7—9 класаў і юнакоў 10—11 класаў. Гульня складалася з адной партыі да 25 ачкоў. Хлопцы прадэманстравалі добрую тэхнічную і тактычную падрыхтоўку: надзейныя верхнія падачы ўсіх гульцоў, правільны ніжні прыём, вывераныя верхнія і ніжнія перадачы, моцны нападаючы ўдар, надзейнае блакіраванне і выдатную падстрахоўку і перастраенне гульцоў.

Праз пяць хвілін пасля заканчэння валейбольнага паядынку юна­коў на пляцоўку выйшлі каманды дзяўчат 10 і 11 класаў. Далей пачаліся самыя цікавыя і захапляльныя спаборніцтвы па рухавых гульнях у “Квадрат” і “Лапту” паміж змешанымі камандамі хлопчыкаў і дзяўчынак 5 і 6 класаў. На спартыўнай пляцоўцы памерам 18 на 12 м ішла вострая барацьба паміж шасцю хлопчыкамі і чатырма дзяўчынкамі 5 класа і такой жа колькасцю хлопчыкаў і дзяўчынак з 6 класа. За 10 хвілін гульнявога часу каманды павінны былі выбіць адна адну як мага хутчэй. З гэтай задачай хутчэй справіліся малодшыя школьнікі — 2:0.

Далей школьнікі вызначалі най­мацнейшага ў рухавай ­гульні “Лапта”, якая ў нашай школе ўжо культывуецца больш за 20 гадоў і праводзіцца на вельмі высокім ­узроўні. Усе дзеці добра і хутка арыентуюцца ў любой самай складанай гульнявой абстаноўцы: ведаюць, куды біць мяч, калі бегчы, як лавіць, каму перадаваць мяч і як ухіліцца ад мяча з блізкай адлегласці. Гэтая рухавая гульня развівае спрыт, хуткасць, цягавітасць, арыентацыю ў прасторы, мысленне і каардынацыю рухаў. Добра авалодаўшы навыкамі гульні, у далейшым дзеці лёгка засвойва­юць тактычныя і тэхнічныя элементы ўсіх спартыўных гульняў, якія раз­вучваюць у школе.

За 20 хвілін гульнявога часу каманды паказалі столькі энергіі і рызыкі, што іх было цяжка спыніць працяглым свістком. Як і ў “Квадрат”, гэты раз больш спрытнымі і ўдачлівымі аказаліся вучні 5 класа. Вынік гаворыць сам за сябе — 32:13.

Адначасова з 5 і 6 класамі на левым баку спартыўнай залы вызначалі наймацнейшага ў спартландыі каманды 7 і 8 класаў, што складалася з шасці хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Дзецям прапаноўвалася дзевяць эстафет з розных відаў спорту.

Першы конкурс прадугледжваў лінейную бегавую эстафету з перадачай палачкі (даўжыня этапу — 15 м). Крыху хутчэй пераадолелі свае этапы навучэнцы 8 класа.

Другая эстафета была футбольная. Кожны ўдзельнік абводзіў футбольным мячом пяць стоек, размешчаных на адлегласці 3 м адна ад другой. Заданне выконвалася адным удзельнікам у абодва бакі. Перамогу, як і ў першым конкурсе, атрымалі навучэнцы 8 класа і павялі ў ліку 4:2.

Трэцяя эстафета — баскетбольная. Кожны ўдзельнік вёў баскетбольны мяч вакол пяці стоек у адзін бок і ў другі, перадаючы мяч наступнаму ўдзельніку. З мінімальнай перавагай перамогу зноў атрымалі васьмікласнікі.

Чацвёртая эстафета — валейбольная сустрэчная. Удзельнікі перадавалі мяч дзвюма рукамі зверху ці знізу да супрацьлеглага боку пляцоўкі. Перамагае каманда, якая хутчэй выконвае заданне з мінімальным падзеннем і лоўляй мяча. Меншая колькасць парушэнняў была зафіксавана ў 7 класа. Лік стаў 7:5 на карысць 8 класа.

Пятая эстафета — гімнастычная. Кожны ўдзельнік павінен быў пераадолець адлегласць 15 м, перасоўваючыся ва ўпоры седзячы ззаду тварам наперад да паваротнай стойкі, а назад — спінай наперад. Хутчэй прайшлі свае этапы вучні 8 класа.

Шостая эстафета — тачка. ­Удзельнікі, разбіўшыся па парах, павінны былі пераадолець адлегласць 15 м да паваротнай стойкі; адзін вучань трымаў ногі, а другі перасоўваўся ва ўпоры на руках. Дасягнуўшы паваротнай стойкі, удзельнікі мяняліся месцамі і перасоўваліся назад.

Сёмая эстафета — рух на скейтбордзе да паваротнай стойкі, лежачы на жываце, адштурхоўваючыся ад падлогі рукамі, а ­назад — седзячы на каленях. У гэтай вельмі “драматычнай” эстафеце перамогу атрымалі навучэнцы 7 класа і скарацілі адставанне да мінімуму — 10:11.

Восьмы конкурс — штрафны кідок па кольцы кожнага з васьмі ўдзельнікаў. Навучэнцы 8 класа выканалі 4 дакладныя кідкі, а сямікласнікі — 3. Разрыў у ліку зноў павысіўся да двух ачкоў — 13:11.

У дзявятым конкурсе навучэнцы павінны былі назваць беларускіх чэмпіёнаў і прызёраў летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане. Абедзве каманды назвалі па 9 спартсменаў.

Пасля заканчэння спартыўных паядынкаў усе ўдзельнікі пастроі­ліся па класах, утварыўшы тры каманды: 5, 6 класы; 7, 8 класы; 9, 10, 11 класы. Кожная каманда павінна была па чарзе на працягу 10 секунд адказаць на пытанні спартыўнай тэматыкі. Усяго прагучала па 7 пытанняў, найбольшую коль­касць правільных адказаў далі вучні 5, 6 класаў — шэсць.

Пасля таго як скончыліся ўсе спартыўныя баталіі, для ўдзельнікаў і гасцей свята зноў быў прадэманстраваны танцавальны нумар у выкананні вучаніц 8—10 класаў. Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі.

Пасля падвядзення вынікаў спартыўнага мерапрыемства навучэнцы 5—11 класаў адправіліся ў школу, а навучэнцы 3—4 класаў ­разам з настаўнікам пайшлі ў басейн, каб паказаць фрагменты навучання плаванню. У малым басейне паслядоўна дэманстраваліся дыхальныя практыкаванні на месцы, з апусканнем у ваду, у руху па дне басейна; чаргаванне ўдыху і выдыху ў ваду, рух і праца ног у вадзе, слізганне па дне басейна, слізганне па вадзе толькі з працай ног, слізганне па вадзе з працай ног і адной, а затым і дзвюма рукамі; ныранне пад вадой на далё­касць, эстафеты з даставаннем са дна басейна гумавых эспандараў, эстафеты з плаваннем на грудзях.

Вынікі дня здароўя

У спартыўным свяце прынялі ўдзел 95 вучняў 3—11 класаў. Яны прадэманстравалі навыкі спартыўных і рухавых гульняў, у гімнастыцы і плаванні, паўэрліфтынгу і цяжкай атлетыцы. Усе атрымалі зарад ба­дзёрасці і вясёлага настрою, а настаўнікі фізічнай культуры і зда­роўя — вопыт у правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

Рыгор КЛІМКОЎ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Ціхініцкай сярэдняй школы імя А.А.Осіпава Рагачоўскага раёна.