Дзень жыццелюбівых людзей

- 16:29Адукацыйная прастора

Сучаснае эканамічнае і палітычнае становішча прад’яўляе да чалавека ўсё больш высокія патрабаванні, а моцны інфармацыйны ціск ставіць яго ў стан пастаяннага эмацыянальнага напружання. Людзі настолькі прывыклі да стрэсаў і эмацыянальных нагрузак, што такім праблемам, як унутранае хваляванне, трывога, дыскамфорт вельмі часта не надаюць належнай увагі, і гэта прыводзіць да крызісаў, псіхічных расстройстваў, якія могуць скончыцца трагедыяй — самазабойствам.

Добраахвотнае развітанне падлеткаў і маладых людзей з жыццём — з’ява вельмі трывожная і, на жаль, сёння не такая ўжо і рэдкая. Цягу да смерці ў вострай форме маюць 4,5% падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў.

Амаль кожны, хто ўсур’ёз думае аб самазабойстве, так ці інакш дае зразумець навакольным аб сваім намеры. Самазабойствы не ўзнікаюць раптоўна, імпульсіўна, непрадказальна або непазбежна, яны з’яўляюцца апошняй кропляй у адаптацыі, якая паступова пагаршаецца. Сярод тых, хто мае намер учыніць суіцыд, да 75% тым ці іншым чынам раскрываюць свае памкненні. Часам гэта ледзь прыкметныя намёкі, часта — лёгкапазнавальныя пагрозы.

Сярэдняя школа № 35 Магілёва не застаецца ў баку ад гэтай праблемы. На працягу ўсяго навучальнага года мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы і пастаянна шукаем новыя формы работы з вучнямі і іх законнымі прадстаўнікамі. Спосабамі прафілактыкі суіцыдальных паводзін у нашай школе з’яўляецца аптымізацыя псіхалагічнага клімату, павышэнне кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў галіне агульнай прафілактыкі і папярэджанне ўзнікнення сітуацый, якія правакуюць суіцыдальныя паводзіны падлеткаў.

Штогод ва ўстанове з мэтай прафілактыкі суіцыдальных паводзін праводзіцца агульнашкольная акцыя “Жыццё — найвялікшая каштоўнасць”, у падрыхтоўцы да якой актыўна ўдзельнічаюць дзеці. У бягучым навучальным годзе гэты дзень прайшоў пад дэвізам “Дзень жыццелюбівых людзей”. Раніцай дзяцей, бацькоў і педагогаў сустракала ініцыятыўная група з ліку актывістаў БРСМ, якая дарыла ўсім, хто заходзіў, смайлікі, каляровыя флаеры з пажаданнямі: “Няхай ваша жыццё будзе ўвесь час цудоўным”, “Жыццё паласатае, як зебра, але няхай у вашым жыцці будзе больш светлых палос”. Лектарскія групы з ліку старшакласнікаў праводзілі мерапрыемствы для вучняў пачатковых класаў: групавыя заняткі “Фарбы жыцця”, “Вясёлка шчасця”. Сумесна з педагогамі дзеці рыхтавалі плакаты, на якіх стараліся выказаць свае пазітыўныя адносіны да жыцця. Вучні сярэдніх і старшых класаў афармлялі інфармацыйныя плакаты “Афарызмы вялікіх людзей аб жыцці”. На ўроках выяўленчага мастацтва вучні 3—4-х класаў рыхтавалі малюнкі для выставы “Жыццё цудоўнае”. У фае школы аформілі выставу літаратуры па здаровым ладзе жыцця, крызіснай псіхалогіі. Вучні сумесна з педагогамі ў мікрараёне школы раздавалі буклеты “Бацькам — па прафілактыцы дзіцячага суіцыду”.

На працягу тыдня для вучняў праводзіліся гадзіны зносін “Куды звярнуцца па дапамогу”, інфармацыйныя гадзіны “Што рабіць, калі ты трапіў у крызісную сітуацыю”, групавыя кансультацыі “Як справіцца з трывогай”. У кожным класным калектыве класныя кіраўнікі правялі работу з мэтай фарміравання ў вучняў каштоўнаснага стаўлення да жыцця. Мерапрыемствы прадумваліся з улікам узроставых асаблівасцей вучняў: інфармацыйныя гадзіны, трэнінгі, дыскусіі, круглыя сталы, гадзіны зносін і г.д. Педагогі стараліся данесці да вучняў у даступнай форме, што ў гэтым свеце няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё; вучылі, як справіцца з дэпрэсіяй, што рабіць, калі чалавек трапіў у крызісную сітуацыю.

Нягледзячы на тое, што на працягу стагоддзяў вучоныя імкнуліся даць тэарэтычнае абгрунтаванне суіцыдальным паводзінам, і сёння няма адзінай тэорыі, якая тлумачыць прыроду самазабойства, прычыны і матывы такіх паводзін. Таму вялікая ўвага ўдзяляецца стрэсаўстойлівасці дзяцей і падлеткаў, фарміраванню ў іх пазітыўнай Я-канцэпцыі.

На бацькоўскіх сходах бацькі вучняў знаёмяцца з асноўнымі прычынамі дзіцячага і маладзёжнага суіцыду і магчымасцямі яго папярэджання, прыметамі дэпрэсіі ў дзяцей (смутак, адчуванне бездапаможнасці, парушэнне сну і апетыту, зніжэнне ўвагі, страхі, няўдачы і зніжэнне цікавасці да вучобы, пачуццё непаўнацэннасці або непатрэбнасці, празмерная самакрытычнасць, замкнёнасць, непакой, агрэсіўнасць).

На сайце школы спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай псіхалагічнай службы размешчаны рэкамендацыі, памяткі, буклеты, якія, мы спадзяёмся, не дазволяць чалавеку пераступіць мяжу.

Сняжана САЛАМАНДРА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 35 Магілёва.