Дзень зялёнай эканомікі

У Мінскай вобласці прайшоў дзень зялёнай эканомікі. Мерапрыемства стала часткай інфармацыйнага цыкла “Прасоўванне зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь: прынцыпы, механізмы, перспектывы”, які рэалізоўваецца прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі пры ўдзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мінскага аблвыканкама. Удзельнікамі сустрэчы сталі больш за 40 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікоў выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый, журналісты.

Галоўная задача інфармацыйнага цыкла, які прайшоў таксама і ў Брэсце, Віцебску, Гродзенскай вобласці і Гомелі, — пашырыць веды аўдыторыі аб прынцыпах зялёнай эканомікі, прадставіць практычныя вынікі праектаў у гэтай сферы, у дыскусійнай форме абмеркаваць актуальныя пытанні, акрэсліць магчымасці, якія сталі б штуршком для рэалізацыі зялёных праектаў, у тым ліку і рэгіянальных.

Тэмы, якія былі закрануты ў экспертнай частцы інфадня, тычыліся арганічнай сельскай гаспадаркі, абыходжання з адходамі, механізмаў экалагічнага бізнесу, сучасных метадаў, накіраваных на развіццё ў насельніцтва “зялёнага” мыслення.

Падводзячы прамежкавыя вынікі ўкаранення ідэй і прынцыпаў зялёнай эканомікі і рэалізацыі пілотных ініцыятыў, тэматычны каардынатар праекта Пётр Сачак расказаў, што на “Папяровай фабрыцы” Дзяржзнака (Барысаў) наладжана вытворчасць офіснай паперы высокай якасці з макулатуры, у Брэсце адкрыты комплекс па перапрацоўцы драўнінных адходаў, якія дагэтуль не выкарыстоўваліся (пнёў, галін, старой мэблі) у дранку і біяпаліва. У Жыткавічах мадэрнізавана вытворчасць высокаэфектыўных арганічных угнаенняў — сапрапелю, што дазволіла вырашыць праблему штогадовага замору 100 тон рыбы. У Гомелі завершана ўстаноўка абсталявання хімічнай вытворчасці першых у Беларусі экалагічных антыфрызаў. У Барысаўскім і Крупскім раёнах Мінскай вобласці наладжаны збор і перапрацоўка адпрацаванага машыннага масла.

Слухачам інфадня былі прадстаўлены практычныя вынікі ініцыятыў па стварэнні і развіцці экалагічных інфармацыйных цэнтраў у Рэспубліканскім заказніку “Прыбужскае Палессе” і ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Свіцязянскі”, пашырэнні магчымасцей выкарыстання турыстычнага патэнцыялу асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, па палацава-паркавым комплексе Радзівілаў, што ў Нясвіжы, будзе ездзіць першы ў Беларусі турыстычны электрааўтобус. Пашырыліся магчымасці выкарыстання турыстычнага патэнцыялу на ахоўных тэрыторыях Беларусі, наладжаны экатурызм у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Цікавым спосабам прадастаўлення экалагічнай інфармацыі ў крыху іншым выглядзе з’яўляецца пілотная ініцыятыва Бярэзінскага запаведніка. 23 чэрвеня тут адбудзецца адкрыццё экалагічнай сцежкі і музея міфалагічных істот. Гэта спроба расказаць пра ахову прыроды іншай мовай.

У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі” адкрыты гадавальнік для штучнага вырошчвання птушак цецеруковых парод. Па-першае, гэта дасць магчымасць аднаўляць папуляцыю ў Беларусі, бо частка маладняку выпускаецца на прыроду. Па-другое, гэтая ініцыятыва атрымае і эканамічны эфект. Частку вывадка гатовы купляць заказнікі Заходняй Еўропы па 1700 еўра за асобіну.

Беларускім батанічным таварыствам адкрыты рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр “Гарні” ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Там адкрыліся экалагічныя класы, з’явіліся пляцоўкі для дзяцей, што ўжо зацікавіла юных эколагаў і лесаводаў усяго рэгіёна. На Мядзельшчыне створаны вытворча-адукацыйны цэнтр “Фітатэрапія ХХІ стагоддзя”, заключаны 204 кантракты на збор лекавых раслін, тут жа створаны ўмовы і інфраструктура для культывавання 4 відаў лекавых раслін: эхінацэі, валяр’янкі, кмену і календулы. Прычым пад вырошчванне гэтых раслін адводзяцца глебы, якія ўжо выключаны з сельскагаспадарчых з-за неўрадлівасці.

У Камянецкім раёне наладжана вытворчасць крафтавых фітачаёў. У адрозненне ад прывычных збораў, якія ўяўляюць сумесь пасечаных траў, гэты мае розную фракцыю для розных раслін, каб прынесці максімальную карысць спажыўцу. Акрамя таго, у раёне пракладзены фітатурыстычныя маршруты.

У Смалявіцкім раёне грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж” створана сетка інавацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па земляробстве і арганічнай сельскай гаспадарцы для прасоўвання ўстойлівага землекарыстання, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы сярод моладзі, паляпшэння харчавання школьнікаў і атрымання даходаў сельскімі школамі.

Дарэчы, згодна з вядомым сцвярджэннем “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”, інфадзень прайшоў на адной з такіх пляцовак — у пасёлку Крукаўшчына. Тут удзельнікі мерапрыемства змаглі паглядзець на перавагі выкарыстання наземных сонечных электрастанцый, сістэм кропельнага паліву, арганічнага земляробства. Школьнікі раёна вучацца на гэтай тэрыторыі максімальна выключаць прывычную для агародаў фізічную працу. Так, праполку і паліў замяняе мульчыраванне, а больш эфектыўнай экалагічнай альтэрнатывай хімічным угнаенням служыць кампост і ўгнаенні на аснове сапрапелю. Тут прымяняецца некалькі відаў кампасціравання, а таксама вырошчваюцца ў спецыяльных гадавальніках глебавыя чэрві.

На эксперыментальнай тэрыторыі закладзены ягаднікі, агарод, пладовы сад з прывычнымі беларускімі культурамі, прычым перавага аддаецца старажытным гатункам. А сотні відаў трапічных раслін — ад лімонаў і мандарынаў да бананаў, гранатаў і фейхоа — растуць і пладаносяць у створаным тут біявегетарыі.

Падобныя інавацыйна-дэманстрацыйныя пляцоўкі створаны і на базе Драчкоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Воратаўскай сярэдняй школы. На ўсіх трох пляцоўках праводзяцца семінары па прыўнясенні элементаў арганічнай сельскай гаспадаркі ў сельскую гаспадарку на прышкольных участках. Плануецца, што тут таксама будзе ўстаноўлена абстяляванне для сушкі, замарожвання і кансервацыі вырашчанай прадукцыі.
Інфармацыйнае мерапрыемства завяршылася наведваннем аб’екта “Зялёны дах” на базе Мар’інагорскай гімназіі — першага рэалізаванага праекта такога роду на тэрыторыі Беларусі.

Святлана НІКІФАРАВА.