Дзеткі адчулі наша цяпло і клопат

- 14:28Нашы дзеці

Кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман у час рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” наведаў Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта два гады назад узяло шэфства над школай-інтэрнатам. “За гэты час шмат атрымалася зрабіць, але самае галоўнае, што дзеткі адчулі наша цяпло і клопат. Мы арганізавалі для іх экскурсію ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Бадай, 2/3 дзяцей пабывалі ўжо за мяжой на адпачынку — у Італіі, Францыі, Бельгіі, наведалі Санкт-Пецярбург і Маскву. Дапамагалі мы і ў добраўпарадкаванні школы-інтэрната”, — расказаў Віктар Шэйман.

У якасці падарунка ён прапанаваў дзецям у 2019 годзе наведаць Бярэзінскі біясферны запаведнік — пазнаёміцца з мясцовай фаўнай і флорай, пакатацца на конях (што выклікала асаблівае захапленне ў дзяцей). “Акрамя Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прапаную вам у наступным го-дзе з’ездзіць на цудоўнае возера Нарач. Там вас сустрэнуць і пачастуюць сапраўднай рыбацкай юшкай”, — запрасіў Віктар Шэйман.

Установа літаральна стала другім домам амаль для 120 дзяцей ад 7 да 18 гадоў (большасць — вучні 6—9 класаў). З іх амаль палова мае інваліднасць. “Адчуваючы клопат дарослых, ім лягчэй адаптавацца. Многія з іх сіроты, а ёсць дзеці, бацькі якіх жывыя, але за ўсе гэтыя гады ні разу не прыехалі наведаць сваіх сыноў і дачок. Школа-інтэрнат стала іх домам, у які, нават стаўшы дарослымі, вяртаюцца з добрымі пачуццямі”, — дадаў Віктар Шэйман.

Ён падкрэсліў, што важныя не толькі ўмовы, у якіх растуць, выхоўваюцца і вучацца дзеці, але і іх далейшая запатрабаванасць у грамадстве. “Гэта самае галоўнае. Па шэрагу прычын такім дзецям часам складана паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак яны могуць і атрымліваюць рабочыя прафесіі ў спецыялізаваных установах. Добра і тое, што яны сябе праяўляюць потым на вытворчасці, у калектывах, добрасумленна працуюць, прыносячы карысць краіне”, — сказаў ганаровы госць.

Адзначыў ён і дасягненні асобных дзяцей школы-інтэрната ў спорце і творчасці: Кацю Дземідовіч, якая шмат дабілася ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і плаванні, спартсмена Дзіму Шаўрука, на якога могуць раўняцца многія хлопчыкі. “У гэтым годзе каманда школы-інтэрната стала чэмпіёнам на спаборніцтвах па міні-футболе ў Санкт-Пецярбургу. На працягу 2018 года, удзельнічаючы ў розных спаборніцтвах, вы заваявалі 41 залаты медаль”, — пералічыў кіраўнік спраў прэзідэнта.

На час свята шэфы ўстановы, прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама і Пухавіцкага райвыканкама разам з навучэнцамі трапілі на незвычайны чароўны паказ навагодняга цырка. Камандавалі парадам клоўны Бім і Бом: запрашаючы ў гульні і шоу-нумары, ператваралі дзяцей у артыстаў цырка, гімнастаў. Вядома, было месца песням, танцам, карагодам вакол ёлкі, запаліць якую дапамаглі самы галоўны Дзед Мароз сталіцы са сваёй унучкай Снягурачкай. Добры чараўнік, дарэчы, таксама ў цыркавой магіі аказаўся падкаваны: парадаваў гледачоў незвычайнымі фокусамі з вадой і здзівіў экстрасэнсорнымі здольнасцямі.

Але асабліва чакалі дзеці моманту абмену падарункамі, бо шэфы кожны раз радуюць сваіх падапечных не толькі прысмакамі. У мінулым годзе, напрыклад, падарылі ўсім дзецям гадзіннікі. А на гэты раз пад кожнага хлопчыка і дзяўчынку падабралі пару красовак “Марка”. Дзеці ў даўгу не засталіся — паднеслі гасцям памятныя сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат працуе з 1964 года. У 2012 годзе яна стала абласным рэсурсным цэнтрам спецыяльнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю. Галоўная мэта, якую мае калектыў, — сацыяльная адаптацыя і інтэграцыя навучэнцаў у грамадства, падрыхтоўка да працоўнай і прафесійнай дзейнасці, сямейнага жыцця.