Дзеці — будучыня БелАЗа

На базе сярэдняй школы № 4 Жодзіна з 2016 года рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі ў працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыума”.

На працягу навучальнага года было зроблена нямала: дзякуючы супрацоўніцтву з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі адкрыта гарадская пляцоўка па прафарыентацыі, праведзены першыя прафесійныя пробы, майстар-клас “Алгарытм узаемадзеяння: школа — прафліцэй — завод” у рамках работы XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”, актуалізаваны банк даных бацькоў, якія працуюць на асноўных прадпрыемствах горада, праведзены бацькоўскія майстар-класы ў шосты школьны дзень, дэкады, фестывалі, парады прафесій, КВЗ, распрацаваны і праведзены квест-гульні.
Знамянальнай падзеяй стаў удзел у мерапрыемстве “Дзеці — будучыня БелАЗа”, дзе кожны навучэнец, а іх было 90 чалавек, змог паспрабаваць сябе ў розных прафесіях: праграміст, менеджар, канструктар, кухар, экскурсавод і г.д. Майстар-класы па гэтых прафесіях правялі работнікі прадпрыемства.

Знаходзячыся на тэрыторыі завода-гіганта, кожны адчуў сябе далучаным да вялікай агульнай справы — росквіту роднай краіны!

— У нас няма паняцця “другараднай прафесіі”, кожны работнік ведае, што ад яго маленькага ўкладу залежыць вялікі вынік, — расказаў аб адносінах да справы С.Э.Якубовіч, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “БелАЗ” — кіруючая кампанія холдынгу “БЕЛАЗ-Холдынг”, — і калі на чыгуначным саставе перавозяць нашы машыны пакупніку, кожны работнік ад дырэктара да тэхнічнага персаналу ведае, што там ёсць і часцінка яго ўласнай працы.

Пасля наведвання музея гісторыі Беларускага аўтамабільнага завода і зборачнай вытворчасці навучэнцы падзяліліся на некалькі працоўных груп і працягнулі знаёміцца з работай прадпрыемства, пагрузіўшыся ў пэўную спецыяльнасць. На выбар удзельнікаў былі прапанаваны такія напрамкі, як рабочыя спецыяльнасці і тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на вытворчасці, спецыяльнасць інжынера-канструктара, праграміста, маркетолага. Улічваючы, што БелАЗ сёння мае шырокую сетку сацыяльных аб’ектаў, дзецям прапанавалі пазнаёміцца з работай заводскага Палаца культуры. Навучэнцы і педагогі змаглі задаць пытанні спецыялістам розных прафесій. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, запамінальнай і пазнавальнай. А заключным акордам мерапрыемства стаў смачны абед у заводскай сталовай.

На думку саміх навучэнцаў, свет рабочых прафесій адкрыўся для іх зусім з іншага боку, аказалася, быць рабочым — гэта модна і цікава. Для абмеркавання мерапрыемства і пытанняў прафарыентацыі на школьным сайце быў адкрыты форум, дзе старшакласнікі і педагогі змаглі выказаць сваё меркаванне, унесці прапановы. І адно з іх ужо разгледжана і неўзабаве ўвасобіцца ў жыццё: правядзенне квест-гульні для навучэнцаў 5—6 класаў “Прафесія маіх бацькоў” на тэрыторыі роднага завода.

Ірына ХАН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 4 Жодзіна.