Дзеці да 3 гадоў — узрост уразлівасці і вялікіх магчымасцей

- 11:40Выхаванне

Міжнародная канферэнцыя “Ранняе ўмяшанне для дзяцей: умацаванне сістэм і пашырэнне правоў і магчымасцей сем’яў” прайшла ў Мінску. Яна была арганізавана Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Рэгіянальным прадстаўніцтвам ЮНІСЕФ у Еўропе і Цэнтральнай Азіі пры падтрымцы ўрада Расійскай Федэрацыі.

Міжнародныя эксперты, спецыялісты па раннім умяшанні, з 16 краін (Аўстрыі, Галандыі, Партугаліі, Турцыі, Арменіі, Украіны, Балгарыі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Беларусі і Расіі і інш.), а таксама бацькі і прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый прынялі ўдзел у абмеркаванні становішча і праблем дзяцей ранняга ўзросту ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі ў кантэксце рызык, якія існуюць пры іх развіцці і прыводзяць да ўзнікнення інваліднасці.

Разглядаліся розныя пытанні. Як пры дапамозе развіцця сістэмы ранняга ўмяшання палепшыць жыццё дзяцей з абмежаваннямі? Як забяспечыць паўнацэнную падтрымку з боку спецыялістаў усім сем’ям, у якіх ёсць дзеці з інваліднасцю? Як спрыяць таму, каб дзеці з праблемамі развіцця не былі аддзелены ад сваіх бацькоў і сем’яў і не змяшчаліся ў інтэрнаты? Як забяспечыць дзяцей з абмежаваннямі неабходнай падтрымкай да і падчас знаходжання ў дашкольных установах, пры пераходзе ў школу, прадухіліць іх размяшчэнне ў інтэрнатныя ўстановы?

“У Беларусі добра развіта сістэма ранняга ўмяшання, аказання педыятрычнай і акушэрскай дапамогі, рэалізоўваецца міждысцыплінарнае супрацоўніцтва паміж медыцынскімі работнікамі, — адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ігар Генадзьевіч Ласіцкі. — У Беларусі выходж­ваюць дзяцей, якія нарадзіліся з малой вагой, нават з экстрэмальна нізкай масай цела. У нашай краіне адзін з самых нізкіх у Еўропе паказчыкаў смяротнасці немаўлят. Прыкладаецца шмат намаганняў для таго, каб папярэдзіць інвалідызацыю ў нованароджаных або зменшыць яе наступствы, ствараюцца магчымасці для рэабілітацыі і абілітацыі пацыентаў. У Беларусі больш за 30 тысяч дзяцей з інваліднасцю. На жаль, колькасць такіх дзяцей ва ўзросце ад 1 да 18 гадоў павялічваецца. У той жа час адзначу змяншэнне ступені цяжкасці інваліднасці і ступені страты здароўя дзяцей”.

“Праблемы інваліднасці з’яў­ляюцца ключавым кампанентам праграмы ЮНІСЕФ у Беларусі (на 2016—2020 гады). Праграма мае комплексны характар і накіравана на ўзмацненне падтрымкі дзяцей у розныя перыяды іх жыцця, — падкрэсліў прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар. — Ажыццяўляюцца канкрэтныя мерапрыемствы па развіцці сістэмы ранняга выяўлення ў дзяцей затрымкі развіцця і спецыяльных адукацыйных патрэб, раннім навучанні і інклюзіўнай адукацыі, дэінстытуцыяналізацыі і прыцягнення служб падтрымкі сям’і, прадухіленні дыскрымінацыі і стыгмы і г.д. Першая тысяча дзён у жыцці кожнага дзіцяці — надзвычай важны перыяд. Калі своечасова выявіць парушэнні ў развіцці і аказаць дзіцяці кваліфікаваную дапамогу, то можна зменшыць іх негатыўныя наступ­ствы, зусім выключыць інваліднасць або знізіць яе ступень. За 10 гадоў у Беларусі больш за 100 тысяч дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту і іх сем’і былі ахоплены падтрымкай і ранняй комплекснай дапамогай”.

“У красавіку 2014 года была зацверджана Канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў сферы садзейнічання міжнароднаму развіццю, — сказаў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі Рыгор Уладзі­міравіч Усцінаў. — Дзяржаўная палітыка Расіі ў гэтым кірунку ажыццяўляецца з улікам асноўных дакументаў ААН і спрыяе стабілізацыі сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў дзяржавах-партнёрах, фарміраванню адносін добрасуседства з сумежнымі краінамі. У Расіі і Беларусі за апошнія гады былі падтрыманы ініцыятывы, якія тычацца прафілактыкі дзіцячага траўматызму, зніжэння ступені дыскрымінацыі ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю, стварэння сістэмы ранняга ўмяшання. Дзякуючы гэтаму ўдалося дасягнуць значнага прагрэсу ў зніжэнні дзіцячай смяротнасці, забеспячэнні элементарнага доступу да паслуг ранняга ўмяшання для дзяцей да 3 гадоў. У партнёрстве Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і ЮНІСЕФ рэалізоўваецца праект па прафілактыцы інваліднасці, сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з абмежаваннямі і АПФР. Яго асноўная мэта — забеспячэнне большага доступу дзяцей з інваліднасцю да медыцынскіх і сацыяльных паслуг, да рэабілітацыі”.

Інвестыцыі ў развіццё дзяцей ранняга ўзросту — гэта адзін з лепшых укладаў, які можа зрабіць дзяржава для стымулявання эканамічнага росту, забеспячэння міру і стабільнасці ў дзяржавах і выкаранення крайняй галечы і няроўнасці ва ўсім свеце.

Мэты ўстойлівага развіцця і Глабальная стратэгія аховы здароўя жанчын, дзяцей і падлеткаў уключаюць развіццё дзяцей ранняга ўзросту як аснову тых станоўчых пераўтварэнняў, якіх свет павінен дасяг­нуць да 2030 года.

Больш за 40% дзяцей у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў — гэта амаль 250 мільёнаў дзяцей — рызыкуюць не рэалізаваць свой патэнцыял у поўнай меры. Недастатковае фінансаванне развіцця дзяцей у раннім узросце і адсутнасць дзеянняў па вырашэнні доўгатэрміновых наступстваў абыходзіцца краінам у суму, якая перавышае выдаткі, што затрачваюцца імі сёння на ахову здароўя.

“Ранні ўзрост — гэта перыяд найбольшай уразлівасці і яшчэ большых магчымасцей, — падкрэсліла прадстаўнік рэгіянальнага аддзялення ЮНІСЕФ для Еўропы і Цэнтральнай Азіі Дзіпа Гровер. — Да 3 гадоў у дзяцей развіваецца каля 80% кагнітыўных здольнасцей, да 5 гадоў — 90%. Сярод фактараў і ўмоў, якія забяс­печваюць нармальнае развіццё дзіцяці і дасягненне ім поўнага патэнцыялу, — належны стан здароўя, паўнацэннае харчаванне, бяспека жыцця, магчымасці для навучання, адказнае баць­коўства і адказны догляд. Згодна з даследаваннямі, 43% дзяцей у свеце ва ўзросце да 5 гадоў знахо­дзяцца пад пагрозай неаптымальнага развіцця. Неспрыяльныя фактары, стрэсы, якія могуць напаткаць дзяцей у раннім узросце, адмоўна паўплываюць на іх здароўе і развіццё. Рызыку ўяўля­юць бед­насць, недастатковае харчаванне, дэпрэсія бацькоў, атмасфера насілля ў сям’і. Такое ўздзеянне можа аказаць уплыў на ўсё жыццё дзіцяці”.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя, ЮНІСЕФ і Сусветны банк у супрацоўніцтве з рознымі арганізацыямі-партнёрамі распрацавалі Канцэпцыю выхавання і догляду, якая змяшчае навукова абгрунтаваную дарожную карту дзеянняў і апісвае, якім чынам заканадаўства і сфера паслуг могуць аказаць падтрымку бацькам, сем’ям, апекунам, іншым асобам, адказным за дзяцей, мясцовым супольнасцям у выхаванні і доглядзе дзяцей ранняга ўзросту.

Якіх якасных змяненняў ­ЮНІСЕФ спрабуе дасягнуць, працуючы з урадамі розных краін і грамад­ствам?

  1. Пераходу ад мадэлі, у цэнтры якой — праблемы дзіцяці, да мадэлі, у цэнтры якой знаходзяцца магчымасці дзіцяці з абмежаваннямі, якія могуць быць выкарыстаны для яго развіцця.
  2. Пераходу ад мадэлі, у цэнтры якой знаходзіцца дзіця, да мадэлі, у цэнтры якой — сям’я.
  3. Выяўлення затрымкі развіцця дзіцяці на раннім этапе яго жыцця.
  4. Магчымасці ў рамках пастаяннага маніторынгу стану дзяцей звяртаць увагу на з’яўленне трывожных змяненняў.
  5. Замест катэгорый дыягназаў і прафесійных меркаванняў асобна ўзятых спецыялістаў рэкамендуецца выкарыстоўваць стандартызаваны інструментарый для ацэнкі стану дзяцей.

***

Краінам Еўропы і Цэнтральнай Азіі яшчэ належыць вырашыць шэраг ключавых пытанняў, каб адпавядаць перадавым падыходам у сферы ранняга ўмяшання. Да іх адносяцца, у прыватнасці, пераход да выкарыстання ICF-CY (міжнароднай класіфікацыі вызначэння інваліднасці і здароўя) не толькі ў якасці інструмента класіфікацыі, але і як асновы сацыяльнай палітыкі, даследаванняў, клінічнай практыкі і адукацыі.

“Традыцыйна ў сферы дэфекталогіі спецыялісты факусіраваліся на тым, чаго чалавек не ўмее рабіць, — адзначыў прафесар трансдысцыплінарнага ранняга ўмяшання для дзяцей медыцынскага факультэта ў Гамбургу, псіхолаг і сацыяльны педагог, дырэктар кансультацыйнай службы “Сацыяльная інавацыйная сетка” Граца (Аўстрыя), аўтар кнігі “Выкарыстанне ICF пры раннім умяшанні для дзяцей” Манфрэд Прэціс. — Згодна з МКФ, спецыя­лісты павінны ацэньваць чалавека з пункту гледжання таго, што ён умее і можа рабіць, каб жыць паўнавартасна. Неабходна класіфіка­ваць функцыі, а не асобу або дыягназ, і належным чынам інтэрпрэтаваць атрыманую інфармацыю, каб выпрацаваць рэкамендацыі, праграму падтрымкі”.

Пад функцыянаваннем чалавека падразумяваецца не толькі паўнавартасная работа ўсіх фізіялагічных і псіхічных функцый арганізма і наяўнасць усіх анатамічных частак цела, але і дзейнасць і актыўнасць чалавека, яго ўключэнне і рэагаванне на розныя жыццёвыя сітуацыі, а таксама ўплыў фактараў навакольнага асяроддзя, тых абставін, у якіх жыве чалавек, і асабістых перакананняў пацыента, яго ўстановак. Карэктная ацэнка і апісанне стану здароўя чалавека магчымы пры выкарыстанні мультыдысцыплінарнага прынцыпу — наяўнасці рэабілітацыйнай каманды спецыялістаў розных профіляў.

Напрыклад, функцыянальная мадэль для двухгадовага дзіцяці факусіруецца на яго здольнасці самастойна харчавацца, гуляць, ­браць у рукі прадметы, кантакта­ваць. Гэтая мадэль адрозніваецца ад фукцыянальнай мадэлі васьмігадовага дзіцяці, у якога іншыя задачы: уменне канцэнтраваць увагу, кантраляваць эмоцыі, забяспеч­ваць сваю гігіену, апранацца, наладж­ваць адносіны з равеснікамі, маляваць і г.д.

Звычайна вакол сям’і канцэнтруецца шмат спецыялістаў: і тэрапеўт, і педыятр, і спецыялізаваныя ўрачы, і педагогі. Бацькі дзяцей з асаблівымі патрэбамі ­жадаюць мець адну комплексную службу падтрымкі з належнай каардынацыяй або ключавога спецыяліста, які валодае поўнай інфармацыяй па розных кірунках дадзенай работы. Прычым падтрымка, якая будзе аказвацца дзіцяці, што жыве ў добрых умовах у паўнацэннай сям’і, будзе адрознівацца ад падтрымкі дзіцяці, якое мае аналагічныя праблемы здароўя і жыве ў беднай сям’і з бацькамі, якія, напрыклад, пакутуюць на псіхічныя хваробы. Спецыя­лістам неабходна распрацоў­ваць план падтрымкі сям’і, а не толькі дзіцяці.

“Патрэбы 85—88% сем’яў і дзяцей пасля праходжання скрынінгу і маніторынгу можа задаволіць базавы ўзровень паслуг, якія ім акажуць мясцовыя тэрапеўт і педыятр, патранажная сястра і сацыяльны работнік, — адзначыў Манфрэд Прэціс. — Пашыраны спектр паслуг патрэбен для 5—7% сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з групы рызыкі, са зніжанай устойлівасцю. Менавіта гэтая група атрымлівае найбольш пераваг ад ранняга ўмяшання ў плане папярэджання і прафілактыкі парушэнняў. Прыкладна 5—6% дзяцей маюць сур’ёзныя праблемы ў развіцці або абмежаваную функцыянальнасць. Для іх рэкамендавана інтэнсіўная падтрымка, якую можа аказаць каманда спецыялістаў. Пры прадастаўленні адрасных спецыялізаваных паслуг спецыялістам мэтазгодна ўлічваць і выкарыстоўваць дапамогу сем’яў, што ўжо валодаюць адпаведнымі ведамі і навыкамі, а таксама прадстаўнікоў мясцовай супольнасці”.

***

Сучасная сістэма ранняга ўмяшання мае на ўвазе рэалізацыю мадэлі, арыентаванай на сем’і, якія прызнаюцца ключавымі і роўнымі партнёрамі спецыялістаў. Сем’ям прапаноўваецца вывучаць моцныя бакі і патрэбы сваіх дзяцей і пры прафесійнай падтрымцы распрацоўваць праграму ранняга ўмяшання, якая адпавядае іх памкненням і мэтам дзіцяці.

Прыхільнікам такога падыходу з’яўляецца доктар Ілгі Эртэм — заснавальнік Міжнароднай асацыяцыі педыятрыі развіцця і прафесар педыятрыі развіцця ва Універсітэце Анкары (Турцыя). Яе работы аказалі ўплыў на гэтую сферу ў многіх краінах. Апошнія дасягненні вучонага — распрацоўка дапаможніка па маніторынгу развіцця дзіцяці.

“Раней у Турцыі мы не аказвалі падтрымку дзецям з упорам на сям’ю, у прыватнасці не дапускалі прысутнасці бацькоў разам з дзецьмі ў бальніцах, — адзначыла Ілгі. — Зараз мы пераходзім ад канцэпцыі поўнай адсутнасці бацькоў у клініках да сістэмы, калі яны знаходзяцца з дзіцем у клініцы як мага даўжэй, напрыклад, могуць ­суправаджаць яго да аперацыйнага стала. Мы павінны слухаць і паважаць кожнае дзіця, а таксама іх сем’і, гаварыць на іх мове, дзяліцца поўнай і непрадузятай інфармацыяй, быць гнуткімі з улікам патрэб дзяцей. Вельмі важна перайсці да мадэлі, пабудаванай на моцных баках дзяцей і іх сем’яў, супрацоўніцтва з якімі неабходна ажыццяўляць на ўсіх узроўнях медыцынскай дапамогі. Не трэба навязваць сваё меркаванне. Мы павінны спытацца ў сям’і, як будзе правільна, і на гэтай аснове дапамагчы дзіцяці. Толькі ў такім выпадку спецыялісты будуць мець высокі ўзровень даверу сям’і.

Педыятрыя развіцця — дастаткова новая навука ў нашым рэгіёне, якая аб’ядноўвае педыятрыю і сферу развіцця і, па сутнасці, уяўляе сабой новае вымярэнне ў сістэме аховы здароўя дзяцей. Што мы зрабілі ў гэтым кірунку? Стварылі дапаможнік па маніторынгу развіцця дзіцяці, зборнік навукова абгрунтаваных пакетаў інструментарыю, што накіраваны на аптымізацыю развіцця дзіцяці. Метадалогія маніторынгу была распрацавана ў Турцыі ў выніку дваццацігадовых даследаванняў. Міжнародны грант нацыянальных інстытутаў здароўя ЗША дазволіў стандартызаваць гэтую метадалогію. Дапаможнік па маніторынгу развіцця дзіцяці абышоў увесь свет. Зараз гэта вучэбная праграма для будучых спецыялістаў, даступная на розных мовах”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.