Дзеці — гэта безумоўная любоў

- 9:00Людзі адукацыі

Ласкавая, чуллівая і ўважлівая да малышоў, шчырая і тактоўная з бацькамі, кампетэнтны і пісьменны кіраўнік — гэта ўсё пра яе, намесніка загадчыка ясляў-сада № 44 Барысава Вераніку Алегаўну Няўзораву. Вераніка Алегаўна не баіцца адказнасці і цяжкасцей. Яна многа часу аддае прафесіі і самаразвіццю, бо лічыць, што педагогіка, і выхаванне дзяцей у прыватнасці, — гэта бесперапынны працэс, які патрабуе ад настаўніка пастаяннага самаўдасканалення. Яна заўсёды з усмешкай сустракае сваіх маленькіх выхаванцаў — і яны адказваюць ёй тым жа. А гэта для Веранікі Няўзоравай самая каштоўная ўзнагарода.

Вераніка Алегаўна вырасла ў сям’і педагога, і відавочна, што выбар будучай прафесіі, які пасля зрабіла, не стаў нечаканасцю. Мама В.А.Няўзоравай, Марына Якаўлеўна Піткевіч, больш як 30 гадоў працавала ў дзіцячым садзе. “Я думала, што, калі вырасту, буду кім заўгодна, толькі не выхавальніцай, — прызнаецца Вераніка Алегаўна. — Мама прыходзіла дадому стомленая, але ніколі не скардзілася на гэта. Я глядзела на яе і разумела, як ёй цяжка: стомленасць чыталася на твары. Але ніколі нельга заракацца. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, усё атры­малася само сабой”.

Так Вераніка стала студэнткай факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. “Мама спадзявалася, што атрымаецца адгаварыць мяне ад гэтага выбару, яна прыпамінала мне мае ж словы-абяцанні наконт таго, што “я ў педагогі? Ды ніколі і ні за што!” — успамінае Вераніка Алегаўна. — І вось я студэнтка, ужо вучуся. Значную ролю ў маім станаўленні як педагога адыграла мама. Яна дапамагала ў вучобе, дзялілася прафесійнымі сакрэтамі”.

Дзеткі заўсёды адчуваюць выхавальніка, іх нельга падмануць: яны чытаюць настрой, з якім іх сустракае педагог у групе, і ўсё разумеюць — хопіць аднаго толькі погляду. Да Веранікі Алегаўны, калі яна працавала выхавальніцай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, малышы заўсёды ішлі без слёз. А гэта вельмі важны паказчык не толькі прафесіяналізму, але і даверу.

“Я вельмі люблю сваю работу! Мне падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзеткамі, адчуваць іх, наладжваць дыялог, — гаворыць В.А.Няўзорава. — Я помню сваю першую групу (усяго было тры выпускі), помню, як вучылася ўзаемадзейнічаць з дарослымі. Ведаеце, што важна? Перамагчы свой унутраны страх. Калі яго перамагаеш, то ўсё атрымліваецца. Гэта тычыцца работы і з дзецьмі, і з баць­камі. Але самае галоўнае — любіць дзяцей. Рабіць гэта трэба не на словах, маўляў, люблю дзяцей і ўсё. Іх трэба прымаць такімі, якія яны ёсць — кожны са сваімі асаблівасцямі і характарам. Прыйшлі дзеткі да мяне ў групу, значыць, яны мае. На працягу некалькіх гадоў, пакуль з імі працую, поўнасцю іх прымаю. Бывае, што некаторыя выхавальнікі не прымаюць малышоў, а значыць, пакутуюць не толькі яны самі, але і дзеткі. Але гэта няправільна: трэба прывыкаць, вучыцца прымаць і любіць іх без­умоўнай любоўю. Ёсць калегі, якія кажуць, што дзеці павінны баяцца і слухацца. Я з гэтым не згодна. Нашы выхаванцы не павінны нас баяцца, яны павінны нас паважаць, а давер яшчэ трэба ўмець заслужыць”.

Вераніка Алегаўна ўпэўнена, што менавіта выхавальнік дзіцячага сада можа дапамагчы дзецям раскрыць і развіць іх таленты. Для гэтага важна ўмець захапіць малышоў і ўбачыц­ь у кожным індывідуальнасць, дапамагчы яе развіць. А яшчэ яна трапна заўважае, што кожны малыш — гэта непаўторны Сусвет са сваімі загадкамі, разгадаць якія можа толькі той, хто ўмее тонка адчуваць і заўважаць тое, на што іншыя не звяртаюць увагі.

“Дзеці лёгка захопліваюцца нечым новым, іх вельмі проста пераключыц­ь з адной дзейнасці на іншую, перавесці з дрэннага настрою ў добры, — працягвае В.А.Няўзорава. — Нават змена інтанацыі здольна на многае. Дзеткі — яны вельмі незвычайныя. Нават калі з імі будзеш гуляць у добрага выхавальніка, яны будуць разумець, што гэта — фальш, бо тонка адчуваюць, які ты ўнутры. Я ўпэўнена, што не кожны можа стаць выхавальнікам ці педагогам. Каб працаваць з дзецьмі, трэба мець прызванне”.

Вераніка Алегаўна заўсёды імкнецца павышаць сваё педагагічнае майстэрства. Так, у 2016 годзе яна прымала ўдзел у раённым конкурсе на лепшага маладога спецыяліста, дзе заняла 2-е месца. А год назад на спаборніцтвах такога ж узроўню, падчас удзелу ў конкурсе “Педагог года”, таксама стала другой. За той час, пакуль працавала выхавальніцай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, неаднаразова перамагала на конкурсах, што праводзіліся непасрэдна ў цэнтры. Так, група, якой яна кіравала, заўсёды папаўнялася новымі цацкамі і вырабамі. Дапамагалі ў гэтым, безумоўна, і бацькі. Да кожнага агляду-конкурсу яны ўсе разам ці рабілі цацкі сваімі рукамі, ці набывалі іх, папярэдне ўзгадняючы фінансавыя пытанні з бацькоўскім камітэтам.

Сёлета Вераніка Няўзорава перайшла працаваць на іншую пасаду: яна стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці ў яслях-садзе № 44 Барысава. Педагог прызнаецца, што, перш чым прыняць такую прапанову, доўга думала: было шкада пакідаць дзетак і крыху страшна мяняць дзейнасць выхавальніка на адміністрацыйную.

“Спачатку было страшна, было шкада пакідаць, не давёўшы да выпуску, малышоў, якіх выхоўвала тры гады, — шчыра прызнаецца Вераніка Алегаўна. — Гэта быў вельмі цяжкі выбар. Я думала вельмі доўга над прапановай стаць намеснікам загадчыка. А потым прыняла рашэнне, што трэба развівацца і рухацца далей. У дзетак, якія сёлета выпусціліся, я ўклала ўсё, што магла. Яны ўжо не малышы, а асобы, якія сфарміраваліся. Усё самае лепшае, што магла ім даць, яны атрымалі, і я гэта ведаю”.

Дзякуючы рабоце з малышамі, В.А.Няўзорава зразумела, што не толькі яна выхоўвала дзяцей — яны таксама выхоўвалі і мянялі яе.

 “Мне падабалася, што так адбываецца, — працягвае расказваць В.А.Няўзорава. — Дзеці навучылі мяне не проста цярпенню, а доўгацярпенню. Яны навучылі мяне здольнасці разумець іншых. Я заўсёды ставіла сябе на месца дашкалят: маё дзяцінства ўжо скончылася, а гэтыя малышы, якія наіўна і так даверліва зазіраюць у вочы, не былі на маім месцы. Таму мяне яны зразумець не могуць, а я іх — магу і павінна пачуць і прыняць. Лічу, што яны ўсе мне давяралі менавіта дзякуючы гэтаму. Адносіны паміж намі былі вельмі даверлівыя, і гэта вельмі важна. Для мяне дзіцячы сад і мае дзеткі былі часткай жыцця. Сёння, калі заняла іншую пасаду, працую ўжо з педагогамі. Безумоўна, іх не выхоўваю: з імі мы ўзаемадзейнічаем”.

Слухаючы Вераніку Алегаўну, міжволі думаецца, што было б цудоўна, каб усе выхавальнікі былі такімі, як яна: чуллівымі, шчырымі і добрымі, каб умелі прымаць і разумець. За ўсіх, безумоўна, гаварыць цяжка, а вось тое, што на аднаго такога педагога стане больш — гэта дакладна. Дачка Веранікі Алегаўны, Даша, сёлета скончыла 9 класаў гімназіі № 3 Барысава і паступіла ў Барысаўскі дзяржаўны каледж на аддзяленне педагагічных прафесій, а сын Аляксей перайшоў у 9 клас. У наступым годзе ён плануе пайсці вучыцца ў філіял БНТУ — Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж.

“Наша педагагічная дынастыя будзе працягнута, — з радасцю за дачку гаворыць яе мама. — Мы спрабавалі Дашу адгаварыць, але потым прынялі яе рашэнне. Пасля заканчэння БДК яна плануе паступаць ва ўніверсітэт, бо хоча быць як мама. Безумоўна, я падтрымаю сваю дачку і буду ёй дапамагаць у яе станаўленні як педагога. Яна павінна навучыцца рабоце з дзеткамі, навучыцца ўзаемадзейнічац­ь з класам, як калісьці вучылася я. Некаторыя баць­кі пытаюцца, як можна працаваць з цэлай групай дзяцей. Я магу адказац­ь: лёгка! Я ж нездарма выбрала для сябе такі шлях. Як думаеце, ці можна назваць сапраўдным педагогам таго, хто не можа супакоіць і трымаць пад кантролем 20 дзяцей?!”

Наталля САХНО.
Фота аўтара.