Дзеці і авангард

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 13 лютага распачалася Рэспубліканская выстава-конкурс мастацкіх праектаў “Дзеці і авангард” калектываў выяўленчага мастацтва ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія маюць званні “народны”, “узорны” і “заслужаны”.

Кацярына Шчасная.

Гэта ўжо трэцяя такая выстава-конкурс, якую ладзіць
НЦМТДіМ і Міністэрства адукацыі. Нагадаем, што першы раз выхаванцам народных, узорных і заслужаных студый выяўленчага мастацтва прапаноўвалася пераасэнсаваць творчасць нашага выбітнага земляка Казіміра Малевіча, а другі раз — імпрэсіяністаў. Сёлета ў цэнтры ўвагі — авангардызм (мастацкая плынь XX — пачатку XXI стагоддзяў). Творчасць найбольш яркіх яго прадстаўнікоў стала крыніцай натхнення пры стварэнні ўнікальных дзіцячых мастацкіх праектаў у намінацыях “Кірункі авангарда”, “Авангардная Беларусь”, “Эксперымент” і “Імёны беларускага авангарда”. Дарэчы, апошняя тэма зацікавіла найбольшую колькасць юных студыйцаў. Гэта ня­дзіўна, бо прасцей вывучыць творчасць пэўнага мастака і напісаць работу ў яго стылістыцы. А вось эксперыментальных работ менш за ўсё, бо для іх стварэння неабходна не проста пазнаёміцца з дзейнасцю авангардыстаў, але і пераасэнсаваць яе, і толькі пасля напісаць сваю карціну.

На выніковай выставе ў НЦМТДіМ прадстаўлена больш за 40 мастацкіх праектаў калектываў выяўленчага мастацтва з усіх рэгіёнаў краіны, якія пераносяць нас у эпоху авангардызму, да­зваляюць адчуць настрой і своеасаблівае ўспрыманне свету, убачыць мастацкія эксперыменты і пазнаёміцца з новымі вобразамі юных мастакоў. Эпіграфам да выставы-конкурсу выбраны словы аднаго са знакамітых авангардыстаў, Марка Шагала: “Я выбраў жывапіс: для мяне ён настолькі ж натуральны, як і ежа. Жывапіс уяўляецца мне акном, праз якое я магу трапіць у іншыя светы”. Канкурсанты пры падрыхтоўцы сваіх мастацкіх праектаў абапіраліся на творчасць Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Хаіма Суціна, Надзеі Хадасевіч-Лежэ, Ізраіля Басава і іншых.

Алесь Філіпчык.

“На сценах нашай выставачнай залы размешчаны 42 праекты ад 40 калектываў. Іх удзельнікі ва ўзросце ад 2 да 18 гадоў разам з педагогамі, натхніўшыся творчасцю знакамітых беларускіх авангардыстаў, змаглі адысці ад класічных канонаў і звярнуцца да новых вобразаў, колераў і форм, — адзначыла мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Коршунава. — Наш конкурс не мае ўзроставых катэгорый. Журы ацэнь­вала студыі ў цэлым, прычым не толькі выяўленчую каштоўнасць праектаў, але і раскрыццё тэмы. Таму нашы канкурсанты прадстаўлялі анатацыі да праектаў: што вывучылі па выбранай тэме і якую ідэю раскрылі. У гэтым і заключаецца асноўная каштоўнасць, дзякуючы якой наш конкурс стаў не проста творчым, а адукацыйна-пазнавальным. Штогод мы мяняем тэмы. Нам як арганізатарам вельмі хочацца, каб дзеці больш эксперыментавалі, а не проста пераймалі, атрымлівалі ў спадчыну традыцыі знакамітых мастакоў. Толькі так змогуць нарадзіцца новыя зоркі мастацкага свету”.

У канцы сакавіка стануць вядомыя імёны лепшых з лепшых. Я думаю, што ў ліку прызёраў бу­дуць і два юныя мастакі, з якімі я пазнаёмілася на адкрыцці выставы. Першы — 17-гадовы Алесь Філіпчык з народнай арт-студыі “Востраў”  НЦМТДіМ, у якой ён авалодвае выяўленчым мастацтвам апошнія чатыры гады. Алесь пад кіраўніцтвам свайго педагога Аляксея Юр’евіча Іванова стварыў мастацкі праект Fracture (“Пералом”). “Я прадстаўляю шэсць карцін, на якіх адлюстраваны розныя рытмы гарадоў, закінутыя будынкі, фабрыкі. Бо, гуляючы па горадзе, я заўважаю непрыметнае і ў той жа час адметнае, што пасля і малюю”, — расказаў хлопец і па­дзяліўся, што яго запаветная мара — стаць мастаком.

Побач з “Пераломам” размешчаны яшчэ адзін сталічны праект — “Геаметрыя душы” народнай студыі выяўленчага мастацтва Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, у які ўвайшла работа 14-гадовай Кацярыны Шчаснай. “Мая карціна называецца “Спакой”, які я і паспрабавала пера­даць. Аднак гледачам, мяр­куючы па водзывах, здаецца, што адлюстраваны не спакой, а імкненне, радасць — у кожнага ўзнікае свая асацыяцыя, — тлумачыць Каця. — Калі стварала гэтую работу, натхнялася творчасцю Ізраіля Басава. Мне вельмі спадабаліся яго трохвугольныя дрэвы, і я падумала, чаму б і мне не паспраба­ваць паўтарыць іх”.

Кожны праект, прадстаўлены на выставе “Дзеці і авангард”, адрозніваецца сваёй канцэпцыяй, экспазіцыйна-мастацкай ідэяй, а самае галоўнае — напоўнены непасрэднай эмацыянальнай выразнасцю, якая ўласціва толькі дзецям. Юныя жывапісцы ХХІ стагоддзя дзеляцца з гледачамі сваімі думкамі, поглядамі на свет і ўражаннямі. Магчыма, сярод іх ёсць тыя, хто пойдзе па слядах Казіміра Малевіча, Сальвадора Далі або Герхарда Рыхтара. Але кім бы яны ні сталі і які б мастацкі кірунак ні выбралі, можна ўпэўнена сказаць, што кожны юны мастак унікальны і непаўторны. Пераканацца ў гэтым зможаце і вы, наведаўшы экспазіцыю да 4 красавіка.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.