Дзеці новага пакалення: як наладзіць мост узаемаразумення?

- 17:06Навіны рэгіёнаў, Рознае

Як правільна вырашаць праблемы бацькоў і дзяцей у сучасным грамадстве і як пазбегнуць бяды ў выхаванні падлеткаў — на абмеркаванні гэтых важных пытанняў будаваўся абласны бацькоўскі сход, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

У цэнтры ўвагі сёлетняга сходу — такая сур’ёзная праблема, як ужыванне падлеткамі алкаголю і наркатычных сродкаў. Таму, акрамя бацькоў і педагогаў, на мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі праваахоўных органаў і аховы здароўя.

Каб узялі на заметку

— Гэта праблема не толькі школы і сям’і, а грамадства ў цэлым, і вырашаць яе можна толькі пры цесным узаемадзеянні, — адкрываючы абласны бацькоўскі сход, адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын.
Свет імкліва мяняецца. Нашы дзеці сёння — гэта дзеці новага пакалення. Яны ўспрымаюць жыццё інакш, чым мы, іх бацькі і настаўнікі, дарослыя ўвогуле, а таму тыя падыходы ў выхаванні, якія, здаецца, складаліся вякамі, патрабуюць перагляду. Як паказвае практыка, часцей за ўсё бяда прыходзіць, з аднаго боку, з-за адсутнасці жадання зразумець і прыняць нашых дзяцей такімі, якія яны ёсць, і недастатковай увагі да дзіцячых праблем — з другога. Не маючы вопыту і ўмення аналізаваць, падлеткі нярэдка знаходзяць паразуменне ў дрэнных кампаніях, сыходзяць з дому, ці яшчэ горш, прымаюць рашэнне пайсці з жыцця. Адзін выношвае гэтую ідэю доўга, іншы прымае рашэнне спантанна.
Як паведаміла памочнік пракурора Гомельскай вобласці В.М.Замойская, з пачатку гэтага года па прычыне знешніх фактараў абарвалася жыццё васьмі школьнікаў, пры гэтым у палове выпадкаў ёсць прамая віна бацькоў. У адным з раёнаў Гомельшчыны хлопчык адважыўся на суіцыд з-за пастаянных здзекванняў бацькоў, якія п’янствавалі і прымушалі малога прыслужваць ім. Але і ў знешне паспяховых і шчаслівых сем’ях нярэдка адбываюцца трагедыі. Вера Максімаўна заўважыла, што сёння прыходзіцца сутыкацца, напрыклад, з выпадкамі сур’ёзнай камп’ютарнай залежнасці. Рэальны прыклад: сын увесь час праводзіў за камп’ютарам, маці вырашыла на нейкі час пазбавіць яго гэтай радасці і адабрала тэхніку. Хлопец пайшоў з дому і скончыў жыццё самагубствам. Асаблівы клопат выклікае ўжыванне падлеткамі розных наркатычных сродкаў, у тым ліку курыльных сумесей. У адной сям’і хлопец, добры сын, паспяховы вучань, паспрабаваў “спайсы”, як высветліла следства, — упершыню і проста дзеля інтарэсу. Дома бацькі заўважылі неадэкватныя паводзіны падлетка, але пакуль яны шукалі прычыну, сын выскачыў праз акно.
Псіхаактыўныя рэчывы і алкагольныя напіткі — вялікая бяда ў сучасным падлеткавым асяроддзі. Аб гэтым на абласным бацькоўскім сходзе гаварылі медыкі — загадчык аддзялення Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Т.У.Рачкоўская і загадчык дзіцяча-падлеткавага дыспансернага аддзялення Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансера А.У.Палубец. Жахлівая статыстыка: колькасць дзяцей, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, у апошні час павялічылася ў шэсць разоў. Пры гэтым трэба ўлічыць, што гэта падлеткі, якія трапілі ў поле зроку медыкаў ці праваахоўных органаў. Рэальная ж лічба значна вышэйшая.
Безумоўна, цяжка ўспрымаць такія факты. Але ж той, хто мае інфармацыю, можа лічыць сябе падрыхтаваным да праблем. Тым больш, што спецыялісты спыніліся не толькі на статыстычных даных, а таксама звярнулі ўвагу на адрозненні ў паводзінах дзяцей, з якімі адбываюцца нейкія праблемы, расказалі, як правільна рэагаваць і куды звяртацца па дапамогу. А замацаваць тэарэтычныя веды прысутным дапамагла дырэктар Гомельскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра С.М.Жукава. Яна правяла з бацькамі своеасаблівы тэст па тэме “Прававы калейдаскоп”. На кожнае пытанне прапаноўваліся два адказы. У залежнасці ад выбранага варыянта патрэбна было падняць сінюю ці чырвоную картку.

Урокі псіхалогіі

Другі блок мерапрыемства насіў практычны характар. Перад бацькамі і калегамі выступалі лепшыя педагогі-псіхолагі гомельскіх устаноў адукацыі.
А.В.Карпенка, педагог-псіхолаг гімназіі № 51 Гомеля, вяла размову якраз пра ўвагу бацькоў да сваіх дзяцей. Менавіта на гэтым будуецца ўзаемаразуменне ў сям’і, сцвярджае Алена Віктараўна. Зразумела, ніхто з бацькоў не хоча, каб дом ператварыўся ў поле бою, але па розных прычынах часта менавіта яны даводзяць сітуацыю да канфлікту. Праблема хаваецца ў барацьбе старэйшых за ўладу і аўтарытэтнасць, у нежаданні прызнаць інтарэсы дзіцяці і ў тым, што сын ці дачка не апраўдваюць бацькоўскія спадзяванні. Нярэдка канфлікт правакуе нізкі ўзровень эмацыянальнай культуры бацькоў. У такім выпадку, як кажуць псіхолагі, адбываецца неканструктыўнае вырашэнне праблемы, калі пераможца толькі адзін — дарослы ці падлетак, а ўзаемаразумення так і не дасягнута.
Здзівілі вынікі сацыялагічнага апытання бацькоў, якое было праведзена педагогам-псіхолагам. Так, на пытанне “Ці гаворыце вы свайму дзіцяці, што вы яго любіце?” 64% рэспандэнтаў адказалі, што не бачаць у гэтым неабходнасці, таму што дзеці і так ведаюць, што бацькі іх любяць. На пытанне “Ці абмяркоўваеце вы праблемы з дзецьмі?” 66% дарослых адказалі, што лічаць гэта непрымальным.
Вось гэта і ёсць вялікая праблема, лічыць І.В.Кадач, педагог-псіхолаг гомельскай сярэдняй школы № 54. Складнікамі сямейнага дабрабыту якраз з’яўляюцца агульныя абмеркаванні праблем, якія існуюць у сям’і ці на рабоце, сумесныя справы, інтарэсы.
Вельмі цікавым было выступленне педагога-псіхолага гімназіі № 71 Гомеля А.А.Габеевай. Як знайсці ўзаемаразуменне з дзецьмі новага пакалення? Якія псіхалагічныя асаблівасці маюць сучасныя падлеткі? Якую стратэгію прымяняць у выхаванні дзіцяці? На што звярнуць увагу і што змяніць у сабе? Аксана Анатольеўна дала адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні і нават падрыхтавала міні-канспект — своеасаблівую шпаргалку для бацькоў.
“Дзеці сталі не горш ці лепш сваіх равеснікаў дваццацігадовай даўнасці, яны проста сталі іншымі” — вось галоўная думка, якую спецыяліст спрабавала данесці бацькам. У многім вырашальную ролю адыграла захапленне камп’ютарам. Сяброўства анлайн пазбавіла падлеткаў рэальных зносін, таму яны маюць праблему вырашэння канфліктаў, не ўмеюць прымаць рашэнні. Яны сарамлівыя, таму што камп’ютар не вучыць пераадольваць гэты комплекс. Разам з тым сучасныя дзеці таленавітыя і вельмі адукаваныя. Такім чынам, інфармацыйна яны сталеюць раней, а сацыяльна — значна пазней. Менавіта гэты канфлікт ляжыць у аснове праблем выхавання.

Пад заслону

На мерапрыемстве працаваў “адкрыты мікрафон”, і кожны жадаючы мог задаць пытанні, выказаць свае пажаданні ці падзяліцца сваім вопытам і назіраннямі. Улічваючы тыя факты, якія былі агучаны спецыялістамі праваахоўных органаў і аховы здароўя, удзельнікамі абласнога бацькоўскага сходу таксама быў прыняты спецыяльны зварот да ўсіх бацькоў, у якім яны заклікаюць зрабіць усё магчымае, каб захаваць здароўе і жыццё дзяцей. “Заклікаем бацькоў знаходзіць як мага больш часу для зносін, праводзіць разам вольны час, фарміраваць сямейныя традыцыі і каштоўнасці, з павагай ставіцца да меркавання дзяцей. Узаемадзеянне сям’і і школы, зацікаўленых органаў і грамадскіх арганізацый будзе садзейнічаць фарміраванню адзінай пазіцыі, захавае бяспеку падрастаючага пакалення і дапаможа зберагчы дзяцей ад бяды”, — гаворыцца ў дакуменце.
Скончылася мерапрыемства на мажорнай ноце. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын традыцыйна ўручыў падзякі бацькам, якія прымаюць актыўны ўдзел у выхаванні падрастаючага пакалення, цесна супрацоўнічаюць з установамі адукацыі.
— У свеце існуе шмат метадаў і форм работы з дзецьмі, і ўсе яны дзейсныя, — сказаў у заключным слове Сяргей Іванавіч. — Для нас жа важна выбраць найбольш прымальныя, якія дапамогуць выхаваць паспяховых і шчаслівых дзяцей.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.