Дзеці павінны ведаць цану грошай

На Міншчыне адбыўся рэспубліканскі семінар «Стварэнне і дзейнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці школьных бізнес-кампаній. Вопыт і перспектывы». У рабоце семінара прынялі ўдзел міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі ўсіх абласцей краіны. Падчас семінара абмяркоўваліся стварэнне і функцыянаванне вучнёўскіх бізнес-кампаній, былі ўзняты праблемныя пытанні эканамічнай адукацыі навучэнцаў, вызначаны перспектывы дзейнасці школьных бізнес-кампаній у Беларусі.

Школьныя бізнес-кампаніі з’яўляюцца сёння свайго роду візітнай карткай сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. Эканамічнай адукацыі навучэнцаў тут заўсёды ўдзялялася дастатковая ўвага. У асобных школах факультатывы эканамічнай накіраванасці вывучаюцца з сярэдзіны 1990-х гадоў. Адна з такіх устаноў — гімназія № 1 Жодзіна. З 2007 года ўпраўленне адукацыі аблвыканкама пачало супрацоўніцтва са Школай прадпрымальніцтва для моладзі “Уласная справа” Цэнтра сістэмных даследаванняў праблем моладзі БДУ. За перыяд супрацоўніцтва тут прайшлі навучанне на платнай аснове 88 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных раёнаў вобласці. З 2010 года ў абласным конкурсе даследчых работ існуе секцыя “Эканоміка і бізнес-планаванне”. На конкурс прадстаўляюцца работы, якія маюць практычнае эканамічнае значэнне. Дапамогу ў эканамічнай адукацыі навучэнцаў аказваюць найбольш паспяховыя прадпрымальнікі Мінскай вобласці, яны ж з’яўляюцца членамі журы конкурсу.
Ідэя стварэння школьных бізнес-кампаній з’явілася ў 2011 годзе, які быў аб’яўлены Годам прадпрымальнасці. Яе ініцыятар — старшыня Мінаблвыканкама Барыс Васільевіч Батура на традыцыйнай жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі агучыў думку, што дзяцей неабходна вучыць зарабляць грошы, яны павінны ведаць іх кошт. Такім чынам, першыя бізнес-кампаніі былі створаны ўжо ў снежні 2011 года.
Усё гэта дало штуршок для далейшага развіцця эканамічнай адукацыі і прадпрымальніцкай дзейнасці навучэнцаў у вобласці. Канешне, папярэдне вывучаўся вопыт іншых краін, у прыватнасці Расіі, Германіі, Польшчы. Ажыццяўлялася цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі камітэтаў Мінаблвыканкама па эканоміцы; працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва. Члены Савета па развіцці прадпрымальніцтва, супрацоўнікі інспекцыі па падатках і зборах Мінскай вобласці, іншых ведамстваў дапамагалі разабрацца з праблемамі.
Ідэю стварэння бізнес-кампаній удалося рэалізаваць з улікам існуючай нарматыўнай базы. Было няпроста, паколькі бізнес-кампаніі не з’яўляюцца звычайнымі прадпрыемствамі — гэта структурныя падраздзяленні ўстаноў адукацыі.
Дзейнасць такіх кампаній рэгламентуецца Палажэннем аб парадку стварэння і функцыянавання школьных бізнес-кампаній ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці. Распрацавана прыкладнае палажэнне аб школьнай бізнес-кампаніі. Кожная школьная кампанія распрацоўвае свой бізнес-план. Кіраўніком кампаніі з’яўляецца педагог, функцыі фінансавага і тэхнічнага дырэктара, дырэктара па продажах выконваюць навучэнцы. Заробак ім выплачвае бухгалтэрыя ў адпаведнасці з актамі выкананых работ.
— Усяго ў дзейнасці першых чатырох школьных бізнес-кампаній Мінскай вобласці ў 2011/2012 навучальным годзе ўдзельнічалі 49 навучэнцаў, а прыбытак склаў больш за 8 мільёнаў рублёў. У 2012/2013 навучальным годзе школьныя бізнес-кампаніі Мінскай вобласці зарабілі больш за 137 мільёнаў рублёў. Трэць заробленых грошай выплачана школьнікам, астатняя сума пакрывае выдаткі, звязаныя з вытворчасцю тавараў. Аднак атрыманне прыбытку не з’яўляецца галоўнай задачай. Важна як мага хутчэй уключыць школьнікаў у працэс вывучэння асноў прадпрымальніцтва і фарміравання спажывецкай культуры. А гэта можа атрымацца, калі навучэнцы атрымаюць эканамічныя веды ў працэсе практычнай дзейнасці і выкарыстаюць іх у канкрэтнай справе. Думаецца, для многіх з іх падобны вопыт стане вызначальным пры выбары будучай прафесіі, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.
У мінулым навучальным годзе быў праведзены конкурс інавацыйных бізнес-ідэй навучэнскай моладзі Мінскай вобласці. Арганізатарамі конкурсу выступілі камітэт эканомікі сумесна з Саветам па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінаблвыканкаме пры садзейнічанні вучэбна-практычнага цэнтра “Школьная кампанія”, створанага на базе бізнес-інкубатара “МАП ЗАТ”. Праекты мелі практыка-арыентаваную накіраванасць і вырашалі рэальную эканамічную праблему. 14 найбольш цікавых бізнес-праектаў у фінале конкурсу знайшлі свайго інвестара і атрымалі заказы. Па-сапраўднаму інавацыйнай журы прызнала ідэю стварэння аксесуара для жанчын, якія кіруюць аўтамабілем, — “аўтапятка”, а таксама камплект хатняга адзення юнака для работ на кухні і ўборкі памяшканняў. Абодва гэтыя праекты як бізнес-ідэі пасля атрымалі патэнты.
Па даручэнні старшыні аблвыканкама ў бягучым навучальным годзе бізнес-кампаніі былі створаны ва ўсіх раёнах вобласці. Больш за тое, створана іх не 23 (па колькасці раёнаў), а 71, што сведчыць аб жаданні дзяцей спасцігаць асновы прадпрымальніцтва ў вольны ад вучобы час. Ды і ўменне працаваць у камандзе з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў прадпрымальніцтва.
Што ж могуць рабіць дзеці? Як аказалася, многае: пачынаючы з сувенірных рукавічак для гарачага посуду і дэкаратыўных апрацоўчых дошак да арганізацыі святаў дома. Цікава, што амаль 30% школьных бізнес-кампаній займаюцца аграрным напрамкам — вырошчваннем расады кветкавых культур і агародніны. Аднак ёсць і іншыя ідэі, такія, напрыклад, як развіццё турыстычных паслуг, вытворчасць флікераў, адкрыццё ўласнай міні-пякарні, стварэнне мультымедыйнай і паліграфічнай прадукцыі, выраб арыгінальных сувеніраў, паштовак, запрашэнняў ручной работы. Для таго каб дзейнасць школьных бізнес-кампаній была больш эфектыўнай, ва ўстановах адукацыі праводзяцца факультатыўныя заняткі па вывучэнні асноў эканомікі і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу на дзейнасць у гэтым напрамку ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якіх у Мінскай вобласці 19. Умовы гэтых устаноў дазваляюць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць на больш глыбокім узроўні. Напрыклад, у Барысаўскім дзяржаўным лесаагратэхнічным прафесійным каледжы адкрыта вучнёўская цырульня і швейнае атэлье, у Маладзечанскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы — Цэнтр дадатковай адукацыі. Акрамя занятасці навучэнцаў у гуртках, будуць працаваць такарныя, фрэзерныя і швейныя майстэрні, а таксама навучэнцы будуць забяспечваць выкананне заказаў аднаго з прыватных прадпрыемстваў па вытворчасці абутку.
Выдатнай ідэяй для рэалізацыі тавараў стала інтэрнэт-пляцоўка, на якой прадстаўлена прадукцыя ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. Першапачаткова ў інтэрнэт-краме edu-shop.by выстаўлялася прадукцыя выключна ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а цяпер асартымент віртуальнага каталога дапоўнены прадукцыяй школьных бізнес-кампаній. Самым важным у гэтай рабоце з’яўляецца тое, што моладзі прадастаўляецца магчымасць рэалізаваць сябе ў сферы прадпрымальніцтва па самых розных напрамках.
Як было адзначана падчас круглага стала, у працэсе ўкаранення эканамічнай адукацыі маецца шэраг праблемных момантаў, якія яшчэ неабходна вырашыць. Па-першае, ні ў адной праграме пры падрыхтоўцы педагогаў не прадугледжана падрыхтоўка па эканоміцы. Таму факультатыўныя заняткі эканамічнай накіраванасці ў школе вядуць настаўнікі матэматыкі, фізікі, геаграфіі, гісторыі, біялогіі, філолагі, сацыяльныя педагогі і г.д, якія не маюць, на жаль, спецыяльнай падрыхтоўкі. Па-другое, да вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па асновах эканамічных ведаў і прадпрымальніцкай дзейнасці, якія прапаноўвае Нацыянальны інстытут адукацыі, не распрацаваны дапаможнікі для настаўнікаў і навучэнцаў.
Удзельнікам рэспубліканскага семінара была прадстаўлена практычная дзейнасць 71 школьнай бізнес-кампаніі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. Шырокі дыяпазон паслуг, якія яны аказваюць, быў прэзентаваны 8 тэматычнымі экспазіцыямі: “Спраўны Несцерка” (сувенірная прадукцыя), “Залаты пярсцёнак” (швейныя вырабы), “Web-падарожжа” (турыстычныя паслугі), “Чароўны ліхтарык” (выраб флікераў), “Дзівосная папараць-кветка” (раслінаводства), “Дбайны гаспадар” (гаспадарчая прадукцыя), “Шпаркі друкар” (паліграфічная прадукцыя), “Свята ў хату” (арганізацыя дзіцячых святаў). У прыватнасці, у выставе прынялі ўдзел самыя першыя школьныя бізнес-кампаніі краіны — “Гаспадар” Жыцькаўскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна, “Школьная кампанія 10 +” Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна. Вялікую цікавасць удзельнікаў семінара выклікалі экспазіцыі лідара па збыце прадукцыі: бізнес-кампаніі “Меркурый” Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна, “ArtMania” Жодзінскай жаночай гімназіі, “Art.biz” гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна, “Велес” сярэдняй школы № 2 Дзяржынска.
Удзельнікі семінара высока ацанілі дасягненні Мінскай вобласці ў развіцці эканамічнай адукацыі і прадпрымальніцкай дзейнасці навучэнцаў.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.