Дзеці — самыя багатыя людзі ў краіне

Расходы на адукацыю — адны з самых вялікіх у бюджэце Беларусі, але за лічбамі і сумамі — будучыня краіны. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў падчас урачыстай лінейкі ў Дунілавіцкім яслях-садзе — сярэдняй школе Пастаўскага раёна.

Леанід Анфімаў прызнаўся, што адчувае не меншае хваляванне, чым школьнікі, іх бацькі, педагогі. “Па духу сельская школа мне найбліжэйшая. І ўдзел у мерапрыемствах, якія тут праходзяць, для мяне важны. Гэта выклікае кранальныя пачуцці. Дзень ведаў — усенароднае свята, да якога так ці інакш мае дачыненне кожны беларус, — адзначыў кіраўнік кантрольнага ведамства. — Да таго ж яшчэ раз пераконваюся, што дзяржава ўкладвае вялікія грошы не дарэмна, а каб дзеці выйшлі са сцен навучальных устаноў патрыётамі, годнымі грамадзянамі сваёй краіны. І нам, дзяржаўным людзям, зусім не ўсё роўна, якая змена прыйдзе ў будучыні. У нас 17% дзяржаўнага кансалідаванага бюджэту ідзе на расходы па адукацыі. Удумайцеся толькі: гэта самая вялікая лічба ў расходнай частцы дзяржбюджэту. Фактычна дзеці — самыя багатыя людзі ў краіне. У грашовым эквіваленце гэта прыкладна Br6 млрд, амаль палова з якіх ідзе на агульную сярэднюю адукацыю. Але за гэтымі лічбамі — наша будучыня”.

У гэтым годзе ўстанова ў Дунілавічах ветліва сустракае 108 вучняў, у тым ліку 11 першакласнікаў і 15 выхаванцаў дзіцячага садка. Цікава, што ўсе яны, як і папярэднія пакаленні дунілавіцкіх школьнікаў, вучацца на беларускай мове і паказваюць выдатныя вынікі (пераконваючы тым самым у таленце педагогаў) на раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах.

Напрыклад, адзінаццацікласнік Дзмітрый Собаль у мінулым годзе прадстаўляў сваю даследчую работу па геаграфіі на раённым конкурсе, хоць з усіх прадметаў вылучае матэматыку і фізіку. Хлопец пасля 9 класа перавёўся ў дунілавіцкую школу і ездзіць з роднай вёскі Юнькі за 24 км. “Проста тут з 10 класа вучаць ваджэнню — гэта ўнікальная магчымасць яшчэ ў школе падрыхтавацца адразу па трох катэгорыях. І мне пашанцавала з класам — хутка знайшоў сяброў. Таму рады зноў з імі сустрэцца. Ды і настаўнікі выдатныя: кожны імкнецца па-свойму прадмет падаць, каб цікава было”, — пералічыў плюсы сваёй школы Дзіма.

А яшчэ клопатамі дарослых тут раскрываюцца творчыя, асобасныя, тэхнічныя, спартыўныя таленты дзяцей. Настаўнікаў, як дакладна заўважыў Леанід Анфімаў, можна параўнаць са скульптарамі дзіцячых душ. Але і бацькі, ды ўсё грамадства ў адказе за тое, ці атрымаецца кожнай маленькай каштоўнасці даць дастойную агранку.

Дзеці пакуль не ведаюць, якія сур’ёзныя рашэнні ім прыйдзецца прымаць па меры сталення. Зараз яны проста рады сустрэчы адно з адным, і не ўсе гараць жаданнем сесці за парты. “Я вось зусім вучыцца не хачу, — выпаліў новаспечаны другакласнік Даніла. — Хаця фізкультуру люблю”. “І я таксама”, — падхопліваюць хлопчыкі з ім у адным шэрагу. “А я — пісьмо”, “А я — матэматыку”, “А мне абеды падабаюцца”, — чуецца з розных бакоў.

Для ўсебаковага развіцця ў школе ёсць спецыялізаваныя кабінеты, вучэбныя майстэрні і прышкольны вучэбна-доследны ўчастак, спартыўная зала, стадыён і трэнажорны комплекс. Пазнаёміўшыся бліжэй з базай школы, педагогамі, Леанід Анфімаў сказаў: “Столькі сіл і сродкаў укладзена ў арганізацыю адукацыйнага працэсу, што толькі вучыся”. І каб дзеці не праводзілі ўвесь час за камп’ютарамі, Камітэт дзяржаўнага кантролю падарыў установе некалькі набораў шахмат.

Па выніках 2014 года школа стала пераможцай раённага спаборніцтва сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За апошнія 5 гадоў палова выпускнікоў паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, 24% — у сярэднія спецыяльныя, 25% — у прафесійна-тэхнічныя.

“Гэта асаблівы дзень, у першую чаргу для першакласнікаў. Вы ўступаеце ў свет ведаў, якія зробяц­ь вас мудрэйшымі, мацнейшымі. Няхай гэтая дарога будзе займальнай”, — пажадаў вучням дырэктар школы, заслужаны настаўнік Беларусі, чалавек года Пастаўшчыны Васіль Бульбенаў.

Па матэрыялах БелТА.