Дзеці сталіцы

У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё змены валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы”. Ужо на працягу 12 гадоў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка рэалізуе яго на базе школ Маскоўскага раёна сталіцы. Работа ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з адміністрацыяй Маскоўскага раёна, камісіяй па справах непаўналетніх Мінгарвыканкама, інспекцыяй па справах непаўналетніх Маскоўскага РУУС, БРСМ, а таксама галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Як паведамілі каардынатары праекта, яго мэтай з’яўляецца стварэнне аптымальных педагагічных умоў для выхавання школьнікаў з дэвіянтнымі паводзінамі ў перыяд летніх канікул. Праект разлічаны на сацыялізацыю падлетка, яго самавызначэнне ў соцыуме, адаптацыю шляхам развіцця творчай актыўнасці. Таксама ён рыхтуе будучых педагогаў да ўзаемадзення з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
“Я ў гэтым праекце ўжо другі год, — расказвае студэнтка 2 курса факультэта беларускай і рускай філалогіі БДПУ Марына Радчанка. — Ён цікавы мне па многіх прычынах. Акрамя непасрэдна педагагічнай практыкі, мы атрымліваем вопыт нефармальных зносін з дзецьмі, які абсалютна адрозніваецца ад таго, што адбываецца на ўроках. Кожнаму з валанцёраў даводзіцца вырашаць штодзённыя праблемы, пачынаючы ад сур’ёзных спрэчак да праяўлення банальных дзіцячых капрызаў.
Упэўнена, што праект будзе актыўна развівацца і з кожным годам удасканальвацца. Калі параўноўваць з мінулым годам, то і колькасць валанцёраў, і колькасць дзяцей і падлеткаў, якія прымалі ў ім удзел, летась была значна меншай. У нас ужо ёсць пастаянныя выхаванцы, якія з нецярпеннем чакаюць пачатку змены. Ды і самі студэнты ўключаюцца ў праект з вялікім энтузіязмам.
Пакуль што нам не даводзілася сутыкацца з крытычнымі праяўленнямі дэвіянтных паводзін. Наша галоўная задача ў рамках праекта — знайсці падыход да кожнага дзіцяці, незалежна ад таго, наколькі гэта складана. Я з’яўляюся старшай важатай атрада, у педагагічнай камандзе якога разам са мной працуюць прадстаўнікі самых розных факультэтаў БДПУ: філалогіі, псіхалогіі, спецыяльных тэхналогій… Камбінацыя нашых прафесійных кампетэнцый дазваляе вырашаць пастаўленую задачу. Канечне, найбольш дапамагаюць у гэтым будучыя псіхолагі. Мы праводзім папярэднюю дыягностыку нашых выхаванцаў, выкарыстоўваючы і такі метад, як аналіз дзіцячых малюнкаў. Іншы раз дзіця не скажа, што яму патрэбна дапамога, а намалюе гэта”.
І Марына, і яе калегі па камандзе адзначаюць, што падобная практыка, як ніякая іншая, дае кожнаму з валанцёраў зразумець, ці правільную прафесію ён для сябе абраў. За гады дзейнасці валанцёрскі праект “Дзеці сталіцы” ахапіў больш за 25 школ Мінска. У ім прынялі ўдзел 3 тысячы дзяцей і падлеткаў і 500 студэнтаў. У 2015 годзе праект рэалізуецца на базе сярэдніх школ №№ 9, 25, 67, 83, 154, 160, 208, 209, 215 і 218. У работу ўключыліся 70 валанцёраў, якія папярэдне прымалі ўдзел у спецыяльным вучэбным семінары, у рамках майстар-класаў і трэнінгаў якога вучыліся працаваць у камандзе і арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.