Дзеці супраць

Пра абарону правоў і абароненасць ад гвалту

Згодна з данымі перапісу насельніцтва, што праводзіў Нацыянальны статыстычны камітэт, у 2019 годзе ў нашай краіне пражывалі 1867,4 тысячы дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. 831,2 тысячы, а гэта 44,5%, складаюць дзеці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Колькасць малышоў, якім да 6 гадоў, — 762,4 (40,8%), а тых, каму ад 15 да 17, — 273,8 тысячы (14,7%). За мінулы год нарадзіліся 87,6 тысячы дзяцей, сярод якіх 1056 двайнят і 14 трайнят.

Пра тое, як абараняюцца правы дзяцей, іх бяспека і будучыня, напярэдадні Сусветнага дня дзіцяці спецыялісты разважалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.

Правы і гарантыі

Пра тое, што ў краіне створана трывалая заканадаўчая база па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх, лішні раз нагадваць не трэба: аб гэтым чуем ад усіх, хто працуе з дзецьмі. Як і заўсёды, гарантам абароны правоў дзіцяці з’яўляецца Канстытуцыя. Прычым у аснову заканадаў­ства пакладзены найважнейшыя міжнародныя прававыя дакументы ААН, якія ўтрымліваюць асноўныя патрабаванні дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да сям’і і дзяцей. Такімі дакументамі з’яўляюцца Дэкларацыя правоў дзіцяці (падпісана ў 1959 годзе) і Канвенцыя аб правах дзіцяці (1989). Згодна з Канвенцыяй, у нашай краіне ў 1993 годзе быў прыняты Закон аб правах дзіцяці, які вызначае прававы статус непаўналетняга як самастойнага суб’екта і ўстанаўлівае асноўныя гарантыі правоў і законных інтарэсаў дзяцей у мэтах стварэння прававых, сацыяльна-эканамічных умоў для іх рэалізацыі.

Згодна са шматлікімі заканадаўчымі актамі і дакументамі, дзяржава прызнае дзяцінства важным этапам жыцця чалавека і зыходзіць з прынцыпу прыярытэтнасці падрыхтоўкі дзяцей да жыцця ў грамадстве, развіцця ў іх грамадска значнай, творчай актыўнасці, выхавання высокіх маральных якасцей.

Важным крокам у галіне абароны правоў дзяцей стала стварэнне ў 1996 годзе Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Дзейнасць структуры накіравана на ажыццяўленне і ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў кірунку забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Сёння яна, дарэчы, актыўна ўзаемадзейнічае з грамадскімі аб’яднаннямі, псіхолагамі і юрыстамі.

Пра тое, што прыярытэт дзяцей у краіне з’яўляецца агульнапрызнаным прынцыпам рэгулявання грамадскіх адносін, нагадала член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Яўгенаўна Здорыкава.

“Абарона дзяцей — гэта сённяшні дабрабыт і будучыня краіны, — акцэнтавала ўвагу Л.Я.Здорыкава. — У сувязі з гэтым заканадаўчая база, якая гарантуе абарону дзяржавай і грамадствам правоў дзіцяці, а таксама закранае інтарэсы дзяцей, пастаянна ўдасканальваецца.

Крыху больш чым тры гады назад, 1 ліпеня 2017 года, уступіў у сілу Закон ад 11 мая 2016 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы”, згодна з якім Закон аб правах дзіцяці быў дапоўнены артыкулам “Абарона дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю”.

Дакумент, як патлумачыла член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, быў распрацаваны з улікам неабходнасці прыярытэтнага забеспячэння абароны правоў дзіцяці згодна з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права ў сферы інфармацыйнай бяспекі дзяцей.

“У прыватнасці, замацавана права на абарону дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць урон іх здароўю і развіццю. Таксама вызначана, якая інфармацыя здольна аказаць негатыўны ўплыў на фізічнае і маральнае здароўе, а таксама духоўнае развіццё дзяцей вызначанай узроставай катэгорыі, — пракаменціравала дакумент Наталля Эдуардаўна Тарасенка. — Таксама ўведзены комплекс мер па абароне дзяцей ад інфармацыі, што шкодзіць іх здароўю і развіццю, які і вызначае ўмовы распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі і прадастаўленне шэрага паслуг па доступе да інфармацыі. Устаноўлена забарона на распаўсюдж­ванне ў краіне такой інфармацыйнай прадукцыі, што была выраблена ў тым ліку за межамі краіны, без прысваення ёй знака ўзроставай катэгорыі за выключэннем выпадкаў, калі наяўнасц­ь такой адзнакі не з’яўляецца абавязковай. Таксама прадугледжана інфармаванне карыстальнікаў аб сродках інфармацыі, якія існуюць, і спосабах кантролю за зместам інфармацыі, што распаўсюджваецца ў інтэрнэце”.

Як бы хто ні абараняў дзяцей ад празмернага карыстання гаджэтамі, як бы дарослыя ні працівіліся таму, што школьнікі шмат часу праводзяць у інтэрнэце, поўнасцю пазбегуць гэтага не ўдасца: умець карыстацца гаджэтамі і шукаць інфармацыю ў дадатковых крыніцах патрабуе нават школьная адукацыя. Зразумела, разам з усімі выгодамі для навучання, інтэрнэт хавае ў сабе і некаторыя пагрозы. Прынамсі, дзеці, самі таго не разумеючы, могуц­ь стаць ахвярамі незаконных дзеянняў.

Са слоў Наталлі Тарасенка, у краіне нават створаны грамадскі кансультацыйны савет па абароне непаўналетніх ад інфармацыі, якая шкодзіць іх здароўю і развіццю. “Так, 1снежня 2018 года ўступілі ў сілу папраўкі ў Закон аб СМІ. У мэтах захавання бяспекі дзяцей да распаўсюджвання была забаронена некаторая інфармацыя. Акрамя гэтага, былі ўнесены папраўкі, што тычацца непаўналетніх, якія сталі ахвярамі супрацьпраўных дзеянняў ці бяздзеяння. Сюды адносяцца асабістыя звесткі падлетка (імя, прозвішча, дата нараджэння, інфармацыя аб яго сям’і, месцах пражывання і вучобы, а таксама фотаздымкі). Пералічаная інфармацыя можа распаўсюджвацца толькі з дазволу законных прадстаўнікоў дзіцяці”, — растлумачыла асаблівасці Наталля Тарасенка.

Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў дадала, што заканадаўства ў галіне абароны правоў дзяцей пастаянна ўдасканальваецца. У прыватнасці, літаральна некалькі тыдняў назад на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў у другім чытанні прыняты папраўкі ў Закон аб грамадзянстве.

“Заканадаўчым актам прадугле­джана магчымасць набыцця грамадзян­ства ў парадку рэгістрацыі дзецьмі, што нарадзіліся і пастаянна пражываюць у краіне і чые бацькі з’яўляюцца асобамі без грамадзянства. Разам з гэтым важна адзначыць вялікую ролю сям’і і ўдзел бацькоў у выхаванні дзяцей. Толькі дарослыя могуць стварыць той узровень бяспекі, які будзе спрыяць бяспецы маленькіх беларусаў”.

Даведка

Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад дамашняга гвалту 8-801-100-8-801 (адміністратар “Гендарныя перспектывы”) за ўвесь час сваёй работы ў краіне прыняла амаль 15 тысяч званкоў (па стане на 1 кастрычніка 2020 года).
Гарачая лінія — запатрабаваны на сёння сэрвіс дапамогі. Ён пачаў работу 13 жніўня 2012 года. Гарачая лінія штодзень і без выхадных прадастаўляе псіхалагічную, прававую і сацыяльную інфармацыйную падтрымку па тэлефоне.У асноўным на агульнанацыянальную лінію звяртаюцца пацярпелыя ад дамашняга гвалту (80%), а таксама іх сваякі, сябры (18%). Большасць пацярпелых (94%) — жанчыны, 6% — мужчыны (пераважна пажылога ўзросту), якія адчуваюць гвалт з боку дарослых дзяцей.
Згодна з данымі гарачай лініі, у 88% выпадкаў вінаватымі ў гвалце выступаюць мужчыны. Большасць ахвяр дамашняга гвалту ўваходзяць ва ўзроставую групу 27—40 гадоў (42%), знаходзяцца ў шлюбе ці пастаянных адносінах (48%), маюць 1—2 дзяцей (81%) і пакутуюць ад гвалту з боку мужа (50%), інтымнага партнёра (6%), былога мужа (15%).Год назад, у лістападзе 2019 года, на сайце “Гендарных перспектыў” і ў месенджары Telegram з’явіўся новы сэрвіс — чат-бот для пацярпелых ад дамашняга гвалту, для сведкаў гэтага злачынства, а таксама спецыялістаў, што працуюць з праблемай дамашняга гвалту. Чат-бот дазваляе атрымаць важную інфармацыю, якая тычыцца пытанняў прадастаўлення псіхалагічнай, юрыдычнай і сацыяльнай дапамогі. Назва бота — “Дапамога пацярпелым ад дамашняга гвалту”. Чат-бот утрымлівае адрасы і тэлефоны арганізацый, якія працуюць па праблеме дамашняга гвалту ў нашай краіне, дае аператыўную інфармацыю пра магчымасці атрымання дапамогі, у тым ліку экстраннай, садзейнічае ў пошуку прытулку або крызіснага пакоя. З моманту запуску чат-бота (з 29 лістапада 2019 года па 1 красавіка 2020 года) ім скарысталіся 3537 чалавек.
Пра дзейнасць Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці таксама расказаў загадчык лабараторыі праблем выхавання асобы Навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Анатоль Аляксандравіч Глінскі. З яго слоў, у дадатак да ўсяго “прыярытэтнай задачай нацыя­нальнай камісіі з’яўляецца кантроль за выкананнем правоў непаўналетніх. Таксама камісія кантралюе законныя інтарэсы дзяцей, займаецца падрыхтоўкай навукова абгрунтаваных прагнозаў і вызначае стратэгіі папярэджання рызык сацыяльна небяспечнага станові­шча і іх мінімізацыю. Мы прымаем меры па забеспячэнні сацыяльнага дабрабыту дзяцей у сям’і, павышэнні адказнасці бацькоў за іх выхаванне. Дарэчы, нацыя­нальнай камісіяй праводзяцца прыёмы грамадзян, куды можа звярнуцца абсалютна кожны з тымі пытаннямі, што цікавяць”.
Паказальна, што сёння камісія таксама кантралюе і аналізуе дзейнасць дзяржаўных органаў, што забяспечваюць абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, займаецца аналізам узроўню адукацыі як дзяцей, так і іх баць­коў, законных прадстаўнікоў і спецыялістаў, што працуюць з малышамі. Безумоўна, работа пабудавана менавіта такім чынам, каб ахапіць дзяцей і ўсіх, хто так ці інакш узаемадзейнічае з імі.

Жыць “у сваёй галаве”

Акрамя абароны дзяцей ад дзеянняў махляроў і ад тых, хто любіць маніпулявац­ь школьнікамі, карыстаецца іх даверам, саміх дзяцей таксама трэба абараняць ад спакусы здзейс­ніць супраць­праўны ўчынак. На жаль, выпадкі прыцягнення непаўналетніх да адказнасці ўсё яшчэ фіксуюцца пэўнымі структурамі. Так, згодна з агульнадаступнай інфармацыяй, дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, за апошнія 10 гадоў у краіне ў 4 разы — з 5,5 да 1,5 тысячы — знізілася колькасц­ь злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Сёлета, як сведчаць даныя, адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў на 20 працэнтаў. У структуры правапарушэнняў вектар супрацьпраўных дзеянняў зрушыўся. Значна ўзрасла колькасць злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі, а таксама крадзяжоў з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі. Тым не менш найбольш папулярным і частым злачынствам, якое здзяйсняюць дзеці, застаюцца крадзяжы. Іх удзельная вага сярод крымінальных правапарушэнняў складае 40—50 працэнтаў.

Аналіз злачынстваў, што здзяйсняюцца дзецьмі і падлеткамі, прымушае мяняць падыходы да арганізацыі прафілактычнай работы з падлеткамі. Безумоўна, гэта ўжо дае свае вынікі: колькасць непаўналетніх, прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасці, знізілася ў два разы.

Што тычыцца дзяцей і падлеткаў, якія пацярпелі ад злачынных замахаў, то іх колькасць застаецца на ранейшым узроўні. Згодна з данымі ўпаўна­важаных органаў, каля 70 працэнтаў гэтых злачынстваў звязаны з ухіленнем ад выплаты за ўтрыманне дзяцей. Як і раней, актуальнай застаецца праблема гвалту ў дачыненні да дзяцей. Яна таксама патрабуе павышанай увагі: не заўсёды можна даведацца, што дзіця стала ахвярай гвалтоўных дзеянняў. Усім, хто знаходзіцца побач з дзіцем ці перасякаецца з ім у той ці іншай сітуацыі, трэба звяртаць увагу на паводзіны і эмацыянальны стан непаўналетняга. Трывожныя званочкі разгледзець можна. Галоўнае, не ігнараваць іх. Як сцвярджае статыстыка, яшчэ здараюцца выпадкі гвалту, здзейсненага ў побыце. Так, у мінулым годзе было зафіксавана 127 бытавых злачынстваў, а сёлета іх пакуль што 86.

Каб прадухіліць сямейны недабрабыт і абараніць дзяцей ад гвалтоўных дзеянняў — фізічных ці псіхалагічных, уся сістэма павінна працаваць зладжана. Так, нядаўна работнікі аднаго з дзіцячых садоў выказалі меркаванне, што, верагодна, у дачыненні да аднаго малыша, які наведвае дашкольную ўстанову, прымяняецца фізічнае насілле. У ходзе праверкі сям’і (там раслі двое непаўналетніх) інфармацыя пацвердзілася: маці катавала дзяцей, якім 8 і 4 гады.

У кожным з выпадкаў, калі агучваюцца факты гвалту, спецыялісты нагадваюц­ь пра тое, што ў краіне працуе агульнанацыянальная гарачая лінія для тых, хто пакутуе ад гвалту. Без сумненняў, гэта патрэбны і часам нават дзейсны варыянт дапамогі, але толькі для дарослых. Чаму? Таму што малышы, якія ходзяць у садок, ці школьнікі, якія яшчэ не ўмеюць чытаць і баяцца дзяліцца тым, што баліць, не змогуць гэтага зрабіць. А значыць, выйсце адно: назіраць за дзіцем і звяртаць на яго ўвагу. Згадзіцеся: той, пра каго клапоцяцца, каго любяць і шкадуюць, не будзе жыць “у сваёй галаве” і ўздрыгваць ад кожнага шораху ці калі яго раптоўна выклічуць да дошкі.

Наталля САХНО.