“Дзеці ў нас добрыя”

- 10:50Сацыяльны ракурс

Так пра сваіх выхаванцаў гаворыць, паўтараючы гэтыя словы не раз, Таццяна Міхайлаўна Барытоль, маці-выхавальніца з дзіцячага дому сямейнага тыпу, што ў аграгарадку Вялічкавічы Салігорскага раёна. Нядаўна Таццяна Міхайлаўна і Андрэй Іванавіч Барытоль сталі лаўрэатамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” за значны ўклад у выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Дарэчы, сваіх падапечных бацькі называюць сынамі і дочкамі, адносіны паміж імі сваяцкія, роднасныя.

“Мы ж сям’я”, — кажуць людзі, якія ўжо для многіх дзяўчынак і хлопчыкаў сталі бацькамі.

Усё пачалося з мамы

Гісторыя ператварэння гэтай звычайнай сям’і з адным дзіцем у вялікую і не зусім звычайную пачалася даўно. І пачалася не з маіх сённяшніх герояў, а з маці Таццяны Міхайлаўны, Антаніны Пятроўны, якая першай у 2003 годзе стала прыёмнай маці. Жыла Антаніна Пятроўна ў Старобіне (гэта таксама Салігорскі раён), дачка з мужам часта яе наведвалі, але самі на такі крок не адважваліся — бачылі, што справа няпростая, і пра тое, каб самім стаць прыёмнымі б­ацькамі, тады не думалі. Але, як высветлілася, лёс проста чакаў патрэбнага часу і абставін.

— Сяброўка маёй маці таксама выхоўвала прыёмнае дзіця і неяк папрасіла падвезці яе ў інтэрнатную ўстанову у Станькаве, што ў Дзяржынскім раёне, дзе збіралася ўзяць браціка свайго выхаванца, — прыгадвае Т.М.Барытоль. — Наша знаёмая пагаварыла з тамтэйшай адміністрацыяй, і нам прапанавалі ўзяць да сябе на лета хлопчыка. Мы і падумалі: “Чаму б не? Дзіцяці ж лепей летам будзе ў вёсцы, у дамашняй атмасферы”. І мы пагадзіліся, тым больш што нашаму сыну тады было 5 гадоў, а Валеры 7, удваіх весялей.

Так Барытолі пасля афармлення ўсіх дакументаў у органах апекі прывезлі да сябе ў пасёлак Новапалескі хлопчыка. І, як ка­жуць бацькі, Валера аказаўся настолькі цудоўным дзіцем, што яны і не заўважылі, як прайшло лета. А дзеці пасябравалі так, што сталі амаль роднымі, ды і Таццяну Міхайлаўну хлопчык называў мамай, што вельмі, трэба сказаць, характэрна для малых з дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Ну, і што тут было рабіць? А што могуць зрабіць чулыя, добрыя людзі, якія любяць дзяцей? Пагаварылі з Валерам, прапанавалі застацца ў сям’і, той адразу пага­дзіўся, як і Уладзік, які быў рады, што ў яго з’явіўся брат.

…А потым новы член сям’і расказаў, што ў яго ёсць яшчэ брат і сястра, прычым у розных раёнах Мінскай вобласці: у Радашковічах (Маладзечанскі раён) і Капыльскім раёне. Так сям’я пашыралася — у ёй з’явіліся 10-га­довая Каця і 11-гадовы Вася. З дзецьмі таксама не было асаблівых праблем. Былі звычайныя цяжкасці, кажа маці, як у любой сям’і, і з імі бацькі паспяхова спраўляліся, у школе дзяцей таксама сустрэлі добра.

Так і жылі да 2007 года, пакуль Андрэю Іванавічу і Таццяне Міхайлаўне не паступіла прапанова стаць бацькамі-выхавальнікамі і ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Дзеля гэтага трэба было пераехаць у Вялічкавічы. Адважыліся не адразу, бо разумелі, што дзяцей будзе больш, клопатаў таксама, дзеці розныя. Як з усім справіцца? Але тыя малыя, што ўжо жылі ў сям’і, як і родны сын, бацькоў падтрымалі, так і ўзнік у Салігорскім раёне новы дзіцячы дом сямейнага тыпу.

У новым доме

Першымі ў новым доме з’явіліся паўтарагадовы Цімур і пяцігадовы Улад. Праз год у Барытоляў ужо быў і трохмесячны Святаслаў, потым яшчэ і яшчэ дзеці рознага ў­зросту, рознага стану здароўя, з рознымі жыццёвымі гісторыямі. У гэтым дзіцячым доме сямейнага тыпу адзінаццаць выпуск­нікоў. Некаторыя былыя выхаванцы вярнуліся да родных б­ацькоў, калі тыя аднавіліся ў б­ацькоўскіх правах, кагосьці ўсынавілі або ўзялі пад апеку.

Зараз у сям’і жывуц­ь дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад двух да шаснаццаці гадоў. Самы маленькі Марк, на год старэйшы за яго Вадзім, сямігадовая Паліна, а­дзінаццацігадовая Даша. Ангеліне і Святаславу па дванаццаць, Ані — чатырнац­цаць, Ягору на год больш, і шаснаццаць гадоў Насці. 

Родны сын Улад стаў ваенным, ажаніўся. Былыя выхаванцы выбралі розныя прафесіі. Самы першы з іх — Валера — працуе ў ААТ  “Шахтаспецбуд” у Салігорску, у хуткім часе збіраецца жаніцца. Яго старэйшыя брат і сястра жывуць у Маладзечне і Салігорску. Каця замужам, у яе двое дзяцей, якіх Андрэй Іванавіч і Таццяна Міхайлаўна лічаць унукамі і кожныя выхадныя, не гаворачы пра святы, чакаюць у госці. З усімі роднасныя адносіны, усіх бацькі-выхавальнікі лічаць роднымі, сваімі, дарослыя і маленькія дзеці адказваюць тым жа.

Адна з дзяўчат — Яўгенія, між іншым, закончыла педагагічны каледж, працуе ў адным з салігорскіх дзіцячых садкоў, выкладае фізкультуру. Ілья закончыў горна-хімічны каледж і па размеркаванні працуе на Гомельшчыне, у Петрыкаве. Усе тэлефануюць, усе прыязджаюць, асабліва любяць разам сустракаць Новы год.

Як у роднага сына, так і ў тых, хто стаў ім сынам або дачкой па волі лёсу, Барытолі імкнуцца выхаваць адказнасць і самастойнасць. У кожнага ёсць хатнія абавязкі. Бацькі ўпэўнены: разуменне, што ты ў жыцці адказны за кагосьці, а таксама за пэўную справу, неабходна выхоў­ваць з дзяцінства, тады і дарослае жыццё складзецца добра. Дзеці самі размяркоўваюць паміж сабой абавязкі: хтосьці дзяжу­рыць па кухні, хтосьці прыбірае ў доме або чысціць снег у двары. А яшчэ старэйшыя выхаванцы вельмі дапамагаюць дарослым з маленькім Маркам, у якога ёсць асаблівыя праблемы са здароўем і які патрабуе пастаяннай увагі.

— Марк дрэнна спіць ноччу, і дзеці бачаць, што я не высыпаюся, — расказвае Таццяна Міхайлаўна. Таму кажуць так: “Мама, да абеду, пакуль мы ў школе, ты з Маркам, а потым мы па графіку будзем яго даглядаць”. Дапамагаюць па ўласным жаданні, мне нават не даводзіцца прасіць, самі прыходзяць на кухню, калі я гатую, пытаюцца, што зрабіць. І так ва ўсім. Малайцы!

Вопыт і прынцыпы

— Са сваіх 25 гадоў я працую з дзецьмі, і сёння мне, канечне, лягчэй, чым было калісьці, як і мужу, які працуе ў нашым дзіцячым доме сямейнага тыпу на палову стаўкі, а яшчэ ў аддзяленні МНС ва­дзіцелем, — гаворыц­ь Таццяна Міхайлаўна. — Цяпер мы ўжо ведаем, якія падыходы патрэбны да дзіцяці. Асабліва важна гэта ў час адаптацыі дзіцяці ў сям’і, гэта, напэўна, самы цяжкі час і для дзяцей, і для бацькоў. Калі дзіця прыхо­дзіць, хочацца адразу ства­рыць яму камфортныя псіхалагічныя ўмовы, паказаць, што яно нам патрэбна, яго любяць, што яно не лішняе ў гэтым жыцці. А дзеці, у якіх не было нармальнай сям’і, часта так думаюць.

Вопыт і навучанне, што праходзяць замяшчальныя бацькі, зразумела, дапамагаюць мужу і жонцы Барытоль знаходзіць падыходы да кожнага свайго выхаванца. Калі гэта маленькае дзіця — дай яму апеку і клопат, і яно прыйдзе ў сябе, прывыкне. Калі прыходзяць хлопчык або дзяўчынка старэйшага ў­зросту — не навязвай залішнюю ўвагу і апеку, тут важна выбудаваць з падлеткам сяброўскія адносіны.

— Калі дзіця пачне табе давяраць, то яно ўбачыць у табе суразмоўцу, сябра, кансультанта, — упэўнена Т.М.Барытоль. — І толькі тады ты зможаш даць дзіцяці клопат, вярнуць адчуванне таго, што яму патрэбна апека, бо гэтае пачуццё ў такіх дзяцей часта страчана.

Сям’я, канечне, сустракаецца і з іншымі замяшчальнымі бацькамі, бо практычным вопытам заў­сёды варта дзяліцца, гэта вельмі дапамагае. Для такіх людзей існуюць і метадычнае аб’яднанне, і спецыяльная група ў “Вайберы”.

— Канечне, у кожнага ёсць праблемы, бо жыццё не можа быць роўным і гладкім, — заўважае мая суразмоўніца. — Расказваем адно аднаму, як іх вырашаем. Гэта вялікая падтрымка — зносіны з тымі, хто жыве ва ўмовах, падобных да тваіх. І  я сама, безумоўна, многае магу расказаць,  шмат праз што ўжо давялося прайсці, шмат з чым справіцца.

І ўсё ж пры такім значным вопыце, пры такой гісторыі сямейнага дзіцячага дому Таццяна Міхайлаўна і Андрэй Іванавіч Барытоль прызнаюцца, што паведамленне аб прэміі “За духоўнае адраджэнне” стала для іх нечаканасцю, доўга не маглі ўсвядоміць гэта, хаця і блізкія ўжо пра ўсё ведалі, віншавалі. Пасля такой узнагароды, кажуць муж і жонка Барытоль, з’явіліся новыя сілы.

 Трэба сказаць, і да гэтай узнагароды дзіцячы дом сямейнага тыпу з Вялічкавічаў атрымліваў узнагароды, пера­магаў у конкурсах. Так, у 2019 го­дзе  сям’я ўдзельнічала ў абласным конкурсе “Сэрца аддаю дзецям”. Хваляваліся вельмі моц­на, тым больш што спачатку быў раённы этап, рыхтаваліся сур’ёзна.

— Калі даведаліся, што трапілі на воб­ласць і праз тыдзень бу­дзем прадстаўляць сям’ю, расхваляваліся ўсе, хацелі зрабіць усё як мага больш годна. Нам важна было паказаць, якія разумнічкі ўсе нашы дзеці, — прыгадвае Таццяна Міхайлаўна. — Тут ужо і хатнімі справамі не было калі займацца, рэпеціравалі нават ноччу, бо муж працуе пазменна, чакалі тату. Стаміліся, безумоўна. Але ж атрымалася — мы сталі лепшымі ў вобласці, так што ўсё было не дарэмна. Колькі радасці было! А я радавалася яшчэ і ад таго, што дзеці ўбачылі, што калі шмат працуеш, вельмі хочаш чагосьці дасягнуць і не шкадуеш для гэтага сіл, то ўсё атрымаецца. Мы і дагэтуль успамінаем і сам конкурс, і тое, як мы да яго рыхтаваліся.

Пры гэтым маці вялікай сям’і сцвярджае, што яны з мужам, як і дзеці, не самыя вялікія актывісты, больш людзі дамашнія, але… Але, калі трэба, то зробяць усё з поўнай адказнасцю і стараннем, абавязкова давядуць справу да канца. Зразумела, што пры такім стаўленні бацькоў дзеці не могуць не набыць адпаведныя якасці. А адпачыць паспеюць летам, кажуць яны. Сёлета збіраюцца паехаць у Гродзенскую і Брэсцкую вобласці, зараз распрацоўваюць тыднёвы (а можа, і больш доўгі) маршрут, які будзе ўключаць і экскурсіі па славутых мясцінах, і адпачынак на прыродзе, ля вадаёмаў, плануюць начаваць у палатках.  Няма сумненняў, што ўсё ў іх атрымаецца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота БелТА і Віктара Драчова.