Дзеці выбіраюць

Дрэва-сімвал Кастрычніцкага раёна Гродна выбралі дзеці. Плануецца, што дуб, які і стаў пераможцам дзіцячага галасавання, будуць высаджваць у розных кутках горада, а таксама закладуць дубовую алею ў зоне адпачынку каля ракі Ласасянкі ў адным з мікрараёнаў.

Такую ініцыятыву рэалізавалі ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. А прапанавалі ідэю арганізацыі дзіцячага выбарчага ўчастка члены пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі інстытута падчас правядзення аднаго з адкрытых дыялогаў.

— Дзіцячае галасаванне ўпершыню арганізавалі ў 2016 годзе, — расказвае старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ метадыст аддзела маніторынгу і кіравання якасцю адукацыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра ГрАІРА Святлана Гурбанава. — Тады дзеці выбіралі любімага мультыплікацыйнага героя, а пераможца ў выглядзе роставай лялькі прыняў удзел у свяце горада. У канцы Года культуры правялі сярод вучняў сярэдняй школы № 12 галасаванне па выбары лепшай карціны гродзенскага мастака. Пераможца дзіцячага галасавання Васіль Мартынчук потым правёў з вучнямі мастацкі майстар-клас.

Як адзначыла дырэктар ГрАРА Святлана Сяргейка, такое галасаванне з ранняга ўзросту прывівае дзецям актыўную грамадзянскую пазіцыю. Вялікі выхаваўчы эфект даюць канкрэтныя справы, калі юныя грамадзяне вучацца рабіць выбар і адчуваюць адказнасць за яго, атрымліваюць першыя веды па галасаванні. Участак для дзіцячага галасавання быў адкрыты ў ГрАРА. Таксама ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёна дзеці маглі ўдзельнічаць у выбарах дрэва-сімвала. На 24 участках для галасавання ўсё было аформлена так, як і на ўчастках для галасавання ў мясцовыя органы ўлады: раздаваліся бюлетэні, былі ўстаноўлены урны, кабіны для волевыяўлення, працавалі назіральнікі.

Удзел у галасаванні прынялі каля 15 тысяч дзяцей, якія вызначалі, якое ж дрэва стане сімвалам Кастрычніцкага раёна — дуб, клён, елка, сасна, каштан ці рабіна. 40 працэнтаў удзельнікаў аддалі перавагу дубу. Другое месца “заваяваў” клён, на трэцім аказалася рабіна.

Ініцыятыву інстытута падтрымалі ў Гродзенскім гаркаме Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, а таксама ў Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алены ПУГАЧ.