Дзеці з Японіі пройдуць аздараўленне ў “Зубраняці”

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

Больш за 100 дзяцей з раёнаў, што пацярпелі ў выніку аварыі на АЭС “Фукусіма-1” і разбуральнага цунамі ў Японіі, у жніўні пройдуць аздараўленне ў Беларусі, паведамілі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Першая група ўжо прыбыла ў Беларусь, другая прыедзе ў пачатку жніўня. “У адпаведнасці з паказаннямі і назначэннем урача ім прапанаваны штодзённыя медыцынскія аздараўленчыя працэдуры: кіслародны кактэйль, хваёва-жамчужныя ванны, водара- і аэраіонатэрапія, масаж”, — расказалі ў цэнтры “Зубраня”. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі могуць рабіць аздараўленчыя прагулкі, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах.

Для дзяцей з Японіі падрыхтавана насычаная культурна-адукацыйная праграма: майстар-класы па нацыянальных танцах і вытворчасці беларускіх сувеніраў, вечар беларуска-японскай дружбы, фестываль мастацтваў і іншыя мерапрыемствы. Плануецца, што дзеці наведаюць Мінск, Мір, Нясвіж, агратурыстычны комплекс “Наносы-Наваселле”, сустрэнуцца з беларускімі равеснікамі.

Групы прабудуць у “Зубраняці” да 11 жніўня.

У чэрвені Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім прадугледжваецца выдзяленне грашовых сродкаў для арганізацыі ў жніўні гэтага года адпачынку дзяцей з Японіі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з пацярпелых ад стыхійных бедстваў у 2011 годзе раёнаў Японіі прыязджаюць у краіну штогод, пачынаючы з 2012 года.