Дзеці — за дабрыню і міласэрнасць

- 11:55Выхаванне

Вынікі акцыі “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі” падвялі надоечы ў абласным Цэнтры творчасці.

Фота да матэрыяла: Дзеці — за дабрыню і міласэрнасць.Як паведаміла метадыст установы Людміла Давыдзенка, дабрачыннасцю навучэнцы і творчыя калектывы цэнтра займаюцца ўжо 7 гадоў. Праект “Дзеці — супраць жорсткага абыходжання з жывёламі” стартаваў як абласная акцыя з мэтай фарміравання ў падрастаючага пакалення адказных адносін да хатніх гадаванцаў, прапаганды ў грамадстве скарачэння колькасці бяздомных жывёл.

— Зараз у рамках праекта праводзяцца разнастайныя акцыі. І калі адразу водгук праект атрымаў у адзінкавых установах адукацыі, то сёння на яго адгукнуліся навучэнцы з усіх раёнаў вобласці, — расказала Людміла Мікалаеўна.

Разам з традыцыйнымі конкурсамі малюнкаў, фотаздымкаў, творчых работ дзеці разам з педагогамі праводзяць тэматычныя размовы, флэш-мобы, мітынгі, тэатралізаваныя пастаноўкі, віктарыны, выпускаюць буклеты, збіраюць матэрыяльныя сродкі, арганізуючы дабрачынныя акцыі “Давай дапаможам”, “Мяшок дабра”, “Накармі ката”, “Кожнаму сабаку — гаспадара”.

— Дзеці размяшчалі на асабістых сайтах і сайтах школ фатаграфіі бяздомных жывёл з мэтай іх далейшага ўладкавання. Былі таксама распрацаваны міні-праекты як калектывамі ўстаноў, так і асобнымі навучэнцамі. У іх сур’ёзна вывучаецца праблема бяздомных жывёл і шляхі яе вырашэння. Увогуле, разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы (з улікам спецыфікі ўстаноў і ўзросту дзяцей) праходзілі ўсюды. Выніковым мерапрыемствам для навучэнцаў Магілёва стаў дабрачынны канцэрт “Браты нашы меншыя”, падрыхтаваны творчымі калектывамі абласнога Цэнтра творчасці і сярэдняй школы № 27 горада, — адзначыла Людміла Давыдзенка.

Паводле яе слоў, дабрачынныя акцыі дазваляюць сабраць істотныя матэрыяльныя сродкі, якія школьнікі потым перадаюць валанцёрам на паляпшэнне ўмоў утрымання бяздомных жывёл. Але самае галоўнае, што, прымаючы ўдзел у акцыі, дзеці пачынаюць лепш разумець важнасць такіх паняццяў, як гуманнасць, адказнасць за тых, каго мы прыручаем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.