“Дзецям сталіцы” ёсць чым ганарыцца

Завяршыў сваю работу ў 12 сезоне валанцёрскі праект “Дзеці сталіцы” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Традыцыйна праект аб’яднаў атрады, якія працавалі на базе 10 сярэдніх школ Маскоўскага раёна Мінска.

Навукова-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы” ажыццяўляе прарэктар па выхаваўчай рабоце БДПУ Святлана Іванаўна Копцева. Работа праекта рэалізоўваецца пры ўдзеле псіхалагічнай службы ўніверсітэта, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і першаснай арганізацыі БРСМ БДПУ.
У 2015 годзе ў валанцёрскім праекце “Дзеці сталіцы” прынялі ўдзел амаль 70 студэнтаў розных факультэтаў БДПУ і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а таксама больш за 400 дзяцей і падлеткаў.
Спецыфікай работы праекта БДПУ “Дзеці сталіцы” з’яўляецца арганізацыя разнапланавай карэкцыйнай і культурна-забаўляльнай дзейнасці рознаўзроставых груп дзяцей. Дзеці і падлеткі ў гульнявой форме вывучаюць эфектыўныя мадэлі міжасобаснага ўзаемадзеяння, развіваюць камунікатыўныя і лідарскія якасці, вучацца максімальна раскрываць свае здольнасці. Выкарыстанне валанцёрамі інавацыйных форм і метадаў работы дазваляе зрабіць адпачынак дзяцей актыўным і змястоўным. Беручы ўдзел у рабоце валанцёрскага праекта, студэнты атрымліваюць магчымасць прафесійнага і асобаснага росту, вучацца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, кожнае з якіх мае свой характар, свае жаданні, сваю гісторыю жыцця.— Стараемся так наладзіць работу, каб было цікава і дзецям, і студэнтам. Таму і колькасць жадаючых паўдзельнічаць расце з году ў год. Так, калі ў мінулым годзе ў нас працавалі 50 юнакоў і дзяўчат, то ў гэтым ужо амаль 70 студэнтаў двух універсітэтаў, — расказвае кіраўнік валанцёрскага праекта БДПУ “Дзеці сталіцы” Вольга Рыгораўна Маліннікава.
— Радасна бачыць, як студэнты, паспрабаваўшы на практыцы мець зносіны з дзецьмі, улюбляюцца ў сваю будучую прафесію педагога. Кожны студэнт можа адчуць на сабе, наколькі ён патрэбны і значны для дзяцей, якія прыходзяць да іх у праект і чакаюць зносін, новых гульняў, конкурсаў і віктарын. Гэта не можа пакінуць абыякавым ніводнага валанцёра, і многія з іх хочуць удзельнічаць у праекце ў наступным годзе.
Праграма валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы” прадугледжвае рэалізацыю трох этапаў. Арганізацыйны этап уключае распрацоўку і карэкцыю асноўных палажэнняў праграмы; правядзенне нарад па пытаннях арганізацыі, правядзення валанцёрскага праекта “Дзеці сталіцы” і трэніровачнага збору з валанцёрамі; рэалізацыю праграмы падрыхтоўкі валанцёраў “Школа важацкага майстэрства”; арганізацыю самастойнай падрыхтоўкі метадычных матэрыялаў студэнтамі-валанцёрамі. Асноўны этап прадугледжвае рэалізацыю праекта на базе агульнаадукацыйных школ Мінска. У мэтах забеспячэння карыснай змястоўнай занятасці дзяцей і падлеткаў падчас летніх канікул валанцёры далучаюць і матывуюць іх да ўдзелу ў праекце, даючы ім, а таксама іх бацькам неабходную інфармацыю. Далей на базе школ з удзелам студэнтаў-валанцёраў пры падтрымцы школьнай адміністрацыі дзейнічаюць міні-атрады. У рамках заключнага этапу праводзяцца семінары і круглыя сталы па падвядзенні вынікаў праекта і планаванні работы па далейшым удасканаленні праграмы, яе рэалізацыі ў наступным годзе.
Незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў праекта пакінулі адкрытыя мерапрыемствы, якія прайшлі ў кожным з атрадаў. Дзецям удалося пабываць у “Таямнічай краіне казак”, здзейсніць падарожжа ў “Школу магіі Хогвардс” і на “Шакаладную фабрыку”, паўдзельнічаць у экалагічным забегу, паспаборнічаць у эстафетах, праявіць кемлівасць у інтэлектуальных конкурсах і прыняць удзел у многіх іншых мерапрыемствах.— Для нас, валанцёраў, работа ў такім праекце — гэта выдатны вопыт і магчымасць папрактыкавацца ў тым, чаму мы вучыліся ў тэорыі. Я ўдзельнічаю ў праекце ўжо трэці год і працавала спачатку важатай, потым — старшай важатай, а зараз — камісарам. Студэнты ў гэтым годзе ўдзельнічаюць з розных факультэтаў БДПУ і МДЛУ, таму кожны прыўносіць штосьці сваё, асаблівае. Хацелася б адзначыць уклад Вольгі Васільеўны Саланец, якая раней была кіраўніком праекта “Дзеці cталіцы”, а ў гэтым годзе, навучаючыся ў МДЛУ, вярнулася працаваць валанцёрам, — адзначыла камісар атрада студэнтка факультэта беларуска-рускай філалогіі БДПУ Надзея Бурылава.
— Сёння лагер карыстаецца вялікай папулярнасцю ва ўсіх дзяцей, якія хацелі б цікава правесці канікулы. Многія прыводзяць з сабой браціка або сястрычку. Паказальна, што малышы выдатна ладзяць з дзецьмі старэйшымі і сумна нікому не бывае, — дзеліцца ўражаннямі камісар атрада студэнт факультэта прыродазнаўства БДПУ Міхаіл Жырэла. — Найлепшы прыклад гэтага — 25-я сталічная школа, дзе ў гэтым годзе двое шаснаццацігадовых хлопчыкаў паказалі сябе ў якасці пачынаючых важатых. Яны дапамагалі валанцёрам у рабоце з малодшымі дзецьмі, удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні справаздачнага мерапрыемства. Праз год яны вырашылі паступаць у БДПУ, каб вярнуцца ў валанцёрскі праект важатымі.
Работа валанцёраў атрымала толькі станоўчыя водзывы з боку як дзяцей і іх бацькоў, так і адміністрацыі школы.
Кожны ўдзельнік праекта БДПУ “Дзеці cталіцы” абавязкова нясе з сабой яркія і незабыўныя ўражанні, новыя знаёмствы. Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе праект скончыўся, дзеці і бацькі, а таксама валанцёры праекта ўжо з нецярплівасцю чакаюць наступнага лета, каб сустрэцца зноў у сценах школ Маскоўскага раёна Мінска.

Кацярына ВЯНГУРАВА.