Дзевяць дзён па родных мясцінах

Незабыўныя летнія канікулы для сваіх вучняў другі год запар ладзяць адміністрацыя і настаўнікі Буда-Люшаўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна. 9 ліпеньскіх дзён дружная каманда на чале з настаўнікам фізічнай культуры Паўлам Асіпцовым праводзіць у паходзе. Менавіта такі фармат мае школьны летні турыстычна-краязнаўчы лагер з кругласутачным знаходжаннем.

За плячыма — згорнутыя палаткі і рукзакі з харчаваннем і ўсімі неабходнымі прыладамі. Ідэя падарожжа заключаецца не проста ў адпачынку на ўлонні прыроды і ў атрыманні ведаў пра паходнае жыццё, гэта яшчэ і знаёмства з родным рэгіёнам, яго архітэктурай, вялікімі і маленькімі вёсачкамі, іх цікавымі жыхарамі, а таксама навядзенне парадку каля помнікаў воінам ВАВ.

Сёлетні паход аказаўся сімвалічным — у Год малой радзімы. Арганізатары ўключылі ў маршрут найбольш цікавыя мясціны, каб дзеці як мага больш даведаліся пра гісторыю роднага краю, атрымалі мноства ўражанняў.

Першым пунктам маршруту была вёска Пірэвічы суседняга Жлобінскага раёна. Знаёмства з ёй пачалося з наведвання мясцовага пажарнага аддзялення. Школьнікі пагутарылі з ратавальнікамі, даведаліся пра тонкасці іх няпростай працы, прынцыпы работы і аснашчэння спецыялізаваных машын. Далей шлях ляжаў да мясцовай славутасці — помніка архітэктуры неарускага стылю храма Усіх Святых, які быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя.

У Пірэвічах належала правесці і першую ноч на прыродзе. Крыху стомленыя, але поўныя ўражанняў і добрага настрою, юнакі і дзяўчаты хутка разбілі палатачны лагер, настаўнікі расклалі вогнішча і ўсе разам узяліся за гатаванне ежы. А ўвечары, зразумела, сядзелі вакол кастра, гутарылі, успаміналі розныя гісторыі, дзяліліся ўражаннямі ад першага паходнага дня.

Раніцай пасля снедання пачаліся зборы. Наперадзе чакала экскурсія ў мясцовае лясніцтва, вандроўка ў вёску Скепня, першае згадванне пра якую датуецца XVI стагоддзем, а таксама два цудоўныя дні на беразе Дняпра, у маляўнічым месцы, вядомым у раёне як Губіцкі кардон. Старая вёска запомнілася знаёмствам з унікальнай жанчынай Праскоўяй Іванаўнай Рогавай. Сёння яна адзіная жыхарка гэтага пасёлка, памятае шмат цікавага пра гісторыю і традыцыі роднага куточка.

Бадай, самыя незабыўныя ўражанні ад летняга лагера пакінулі ў навучэнцаў і педагогаў дні на беразе Дняпра. Гатавалі, мылі бялізну, спаборнічалі ў спартыўных гульнях, спявалі і вялі доўгія гутаркі каля кастра пад усыпаным зоркамі небам. Гэта было сапраўднае жыццё ў палявых умовах. Калі разбілі палаткі і вырашылі вывесіць для ўсіх распарадак дня, высветлілася, што няма паперы! Тады знаходлівыя вучні зрабілі надпіс маркерам на анучы і прывязалі яе да дрэва.

— Такая смачная ежа была! — дзеліцца дзесяцікласніца Ганна Леўчанка. — Магчыма, дома грэчку і макарону з тушонкай не еў бы, а тут, у паходзе, гэта было так смачна! А яшчэ смачнейшым быў боршч з ляснога шчаўя і гарбата з мацярдушкі. У нас нават рыбная поліўка была — рыбакі шчупака падарылі.

Пакідаць абжыты бераг не хацелася, але ж наперадзе чакалі новыя мясціны, новыя ўражанні. Ад Дняпра накіраваліся ў вёску Сялец. Гэтае мястэчка славіцца цудадзейнай крынічкай, якая ўваходзіць у лік 10 знакавых месцаў Будакашалёўшчыны. Пасля 2 дні базіраваліся ў вёсцы Кастрышча, вывучалі яе асаблівасці. Трапілі і ў размешчаны недалёка Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж, дзе для юнакоў і дзяўчат была арганізавана экскурсія.

Жыццё ў паходзе няпростае, але вяртацца дадому ніхто не хацеў.

— Калі б нам прапанавалі правесці так яшчэ 9 дзён, мы б нават не задумваліся, — сцвярджае васьмікласніца Аліна Каротчыкава. — Было вельмі весела і цікава. Нават калі ішоў дождж, ніхто яго не заўважаў.

У турыстычна-краязнаўчым паходзе дзеці навучыліся многаму: і разбіваць палаткі, і раскладваць вогнішча ў любое надвор’е, і гатаваць на ім смачную ежу. Але самае галоўнае — яны згуртаваліся, бліжэй пасябравалі і вельмі шмат размаўлялі. “Адзіная вядомая мне раскоша — гэта раскоша чалавечых зносін”, — напісаў некалі ў сваім рамане “Зямля людзей” Антуан дэ Сент-Экзюперы. І гэта сапраўды так. Менавіта з гэтага пачыналася ідэя арганізацыі лагера. Дырэктар сельскай школы Людміла Сафонава перш за ўсё хацела даць сваім вучням магчымасць аб’яднацца і мець зносіны па-за школьнымі заняткамі. Дарэчы, яна таксама некалькі разоў далучалася да ўдзельнікаў паходу і заставалася начаваць у палатцы. Завяршэнне паходу таксама не абышлося без Людмілы Міхайлаўны. Усе разам смажылі шашлыкі, вялі доўгія гутаркі каля кастра і спявалі песні.

— У раёне каля 20 школ, але навучэнцы толькі некалькіх з іх адпраўляюцца ў такія паходы, — гаворыць настаўнік фізічнай культуры і галоўнакамандуючы паходу Павел Асіпцоў. — А так важна, каб дзеці пабывалі ў розных куточках свайго рэгіёна, даведаліся пра гісторыю вёсак, пазнаёміліся з новымі людзьмі, нарэшце, навучыліся быць камандай. У нас гэта атрымліваецца, і перш за ўсё дзякуючы дырэктару школы.

На памяць аб турыстычна-краязнаўчым паходзе ў вучняў і настаўнікаў засталося шмат уражанняў і ўспамінаў, многія з якіх захаваліся на фотаздымках. Хутка пачнецца новы навучальны год, і ў школе пачнуць абмяркоўваць паходны маршрут на наступныя летнія канікулы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва школы.