Дзіця — галоўны пасажыр!

- 16:36Навіны рэгіёнаў, Рознае

На працягу 10 дзён на Міншчыне працаваў аўтобус-трэнажор “Школа дарожнай бяспекі” — гэта паўнацэнны вучэбны клас на калёсах, дзе школьнікам не толькі расказвалі пра неабходнасць выконваць правілы бяспекі ў транспарце і на дарозе, але і давалі на сабе адчуць, што можа здарыцца, калі гэтыя правілы ігнараваць.

У аўтобусе сядзіць больш за два дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. На экране перад іх вачыма ўсім знаёмыя мультыплікацыйныя героі расказваюць, што неабходна прышпільвацца рамянямі бяспекі. Раздаецца гул матора едучага аўтобуса — і раптам рэзкае тармажэнне і моцны штуршок! Кожны пасажыр аўтобуса-трэнажора падскоквае на сваім месцы. На шчасце, гэта не сапраўдная аварыя, але такая падобная да праўды, што дзеці пішчаць ад супярэчлівых эмоцый! Ніхто з пасажыраў, якія загадзя былі прышпілены рамянямі, не пацярпеў. А вось манекену пашчасціла менш — ён прышпілены не быў і цяпер ляжыць на падлозе з цяжкімі траўмамі. Так праходзяць урокі ў спецыялізаваным аўтобусе.
Гэты аўтобус прыехаў да нас з Расіі. Там выязныя заняткі з дзецьмі і падлеткамі ў розных рэгіёнах краіны праводзяцца з 2010 года. У Беларусі аўтобус-трэнажор упершыню. Старт яго няблізкаму шляху бяспекі быў дадзены ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У рамках маштабнай прафілактычнай акцыі “Дзіця — галоўны пасажыр!” упраўлення ДАІ УУС і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама аўтобус праехаў па ўсёй Мінскай вобласці — у 19 райцэнтрах рэгіёна прайшлі заняткі ў гэтай незвычайнай школе бяспекі.
Такіх аўтобусаў у свеце ўсяго 3. Галоўнае прызначэнне гэтага трэнажора — практычнае навучанне дзяцей асновам бяспекі дарожнага руху і правілам паводзін на дарозе. Аўтобус наглядна дэманструе, як дзейнічаюць рамяні бяспекі пры ДТЗ або рэзкім тармажэнні, — для гэтага ў салоне працуе спецыяльная сістэма імітацыі адрыву сядзенняў пры аварыі. Таксама ў аўтобусе ўсталяваны генератар, які імітуе задымленне ў салоне, каб дзеці вучыліся правільна паводзіць сябе ў непрадказальных сітуацыях. За гадзіну на ўроках у школе дарожнай бяспекі могуць пабываць 100 вучняў.
Заняткі ў такой школе вельмі падабаюцца дзецям, як і ўсё новае і незвычайнае. Міхаіл Акуліч, намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама, перакананы, што сёння толькі сучаснымі крэатыўнымі метадамі можна прыцягнуць увагу дзяцей і падлеткаў да тэмы бяспекі. “Думаю, што пасля такіх урокаў дзеці не толькі будуць самі прышпільвацца рамянямі ў машыне, але і будуць нагадваць пра гэта дарослым”, — упэўнены спецыяліст.
Пра тое, што такія практычныя заняткі сапраўды аказваюць моцнае ўздзеянне, сведчылі ўзбуджаныя твары дзяцей і іх бясконцыя размовы пра “аварыю” ў аўтобусе.
— Я крыху спужалася, калі маё сядзенне штурханулася. Усе дзяўчаты пішчалі. А манекена Ваню мне вельмі шкада, — кажа Паліна Кароль, вучаніца другога класа сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. — Я ніколі не забудуся пра гэтую “аварыю”, ніколі не паеду ў машыне не прышпіленая рамянём!
Аб неабходнасці і актуальнасці такіх заняткаў сведчыць сумная статыстыка: з пачатку года на тэрыторыі Мінскай вобласці здарылася 71 аварыя з удзелам дзяцей, у іх атрымалі траўмы 69 дзяцей, а 8 загінулі. Будзем спадзявацца, што акцыя “Дзіця — галоўны пасажыр!” і заняткі ў незвычайным аўтобусе засцерагуць дзяцей ад небяспекі і аварыя, у якую трапілі школьнікі падчас урока ў школе дарожнай бяспекі, будзе адзінай у іх жыцці.

Дар’я РЭВА. 
Фота аўтара.