Дзіця пад абаронай: сучасны алгарытм

Работа па пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 “Аб прызнанні, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы” пачалася літаральна гэтымі днямі. Змены, якія рашэнне ўнесла ў работу, даволі значныя, патрабуюць новых падыходаў, якія, як упэўнены распрацоўшчыкі дакумента з розных міністэрстваў і ведамстваў, прынясуць станоўчы эфект.

Арганізаваная дзейнасць па выяўленні непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пачалася ў нашай краіне яшчэ ў 2004 годзе, калі выйшла пастанова № 47 Міністэрства адукацыі “Інструкцыя аб парадку выяўлення дзяцей, якім неабходна дзяржаўная абарона”. Часу прайшло многа, і, натуральна, наспелі змены ў такой рабоце, што і адлюстроўвае пастанова Савета Міністраў.

— За гады дзейнасці па гэтай інструкцыі сфарміравалася практыка адпаведнай міжведамаснай работы, якая асабліва ўзмацнілася з уваходам у сілу Дэкрэта № 18 ад 24 лістапада 2006 года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, — гаворыць галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі галіновага міністэрства Алена Фёдараўна Сімакова, якая ўваходзіла ў склад рабочай групы па распрацоўцы праекта пастановы. — Установа адукацыі як асноўнае звяно гэтай работы адказвала за ўстанаўленне наяўнасці або адсутнасці крытэрыяў сацыяльна небяспечнага становішча і распрацоўку плана дапамогі дзіцяці. Іншыя службы былі сувыканальнікамі плана індывідуальнай работы, а сацыяльна-педагагічныя цэнтры выконвалі каардынуючую ролю па арганізацыі такой работы.

Самы станоўчы вынік гэтай дзейнасці, лічыць спецыяліст, — гэта недапушчэнне адабрання дзіцяці з сям’і дзякуючы своечасова арганізаванай рабоце па выкананні плана дапамогі дзіцяці, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І такіх прыкладаў нямала ў кожным рэгіёне. Ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці змяншае колькасць бацькоў, якія страчваюць бацькоўскую апеку назаўсёды, калі іх пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. За апошнія гады паказчыкі ў гэтым плане пастаянна паляпшаліся.

Так, у трэцім квартале 2018 года ў краіне было больш за 24 тысячы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і стаяць на ўліку. Ранняя прафілактыка сацыяльнага сіроцтва дазволіла дасягнуць зніжэння (з 2010 года амаль у 2 разы) колькасці дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў у судовым парадку: 2683 дзіцяці ў 2010 годзе і 1469 — у 2017 годзе.

— Вынікі, як бачна, ёсць, але было неабходна заканадаўча замацаваць такое паняцце, як, напрыклад, “сацыяльнае расследаванне”. І яно замацавана ў пастанове № 22. У ёй таксама даецца вызначэнне такога паняцця, як “выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Гэта комплекс дзеянняў дзяржаўных і іншых арганізацый па выяўленні становішча, якое неспрыяльна ўздзейнічае на непаўналетніх, — тлумачыць Алена Фёдараўна. — Рабочая група, зразумела, пры распрацоўцы праекта пастановы прыняла пад увагу законы Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Закон “Аб асновах прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, Закон аб сацыяльнам абслугоўванні насельніцтва, Дэкрэт № 18, іншыя дакументы. Акрамя таго, група прааналізавала звароты грамадзян, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі (як станоўчыя, так і крытычныя) і максімальна іх улічыла.

Пастанова на ўзроўні ўрада дазваляе вызначыць парадак работы ўсіх зацікаўленых дзяржорганаў па абароне дзяцей, куды і як звяртацца пры нядобранадзейным становішчы ў сям’і. Роля ўстаноў адукацыі ў правядзенні сацыяльнага расследавання, у падрыхтоўцы дакументаў на разгляд Каардынацыйнага савета застаецца не менш важнай, чым раней, не змяншаецца і роля СПЦ. Такім чынам, назапашаны вопыт не будзе страчаны.

— Акрамя таго, мы разлічваем на разуменне бацькоў, — дадае А.Ф.Сімакова. — На пасяджэннях саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў у школах бацькі, спадзяёмся, будуць праяўляць гатоўнасць да ліквідацыі неспрыяльнай для дзяцей сітуацыі ў сям’і. Пастанова прадугледжвае ў такім выпадку магчымасць не прызнаваць, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а накіроўваць бацькоў у тую дзяржаўную або грамадскую арганізацыю, якая ім дапаможа. Напрыклад, па выдзяленні матэрыяльнай дапамогі — у органы сацыяльнай абароны, па пражыванні жанчын і дзяцей, якія перажываюць насілле ў сям’і, — у крызісныя пакоі, якія ёсць і ў дзяржаўных, і ў прыватных установах. Таксама Каардынацыйны савет на сваім пасяджэнні можа вырашыць, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а можа рэкамендаваць бацькам прыняць меры па выпраўленні сітуацыі. Ні ў кога няма задачы абавязкова прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў такім становішчы.

Пастанова Савета Міністраў № 22 прадугледжвае і парадак абскарджання прынятага рашэння — аж да суда (пасля, канечне, абскарджання ў адміністратыўным парадку). Але бацькі павінны разумець, што рашэнне будзе дзейнічаць да яго адмены. У цэлым жа сутнасць новай пастановы — пакінуць дзіця ў сям’і ў як мага большай колькасці выпадкаў. Галоўнае, як бацькі будуць адносіцца да выхавання дзяцей, якія меры прымуць, бо без актыўнай пазіцыі бацькоў дабіцца ўстойлівых вынікаў цяжка. Пры гэтым усе механізмы, у тым ліку па часовым адабранні дзіцяці пры такой неабходнасці, застаюцца ў сіле.

У параўнанні з інструкцыяй ад 2004 года цяпер удвая зменшана колькасць крытэрыяў, па якіх вызначаецца сацыяльна небяспечнае становішча. Тры, што засталіся, заснаваны на палажэннях Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Гэта незабеспячэнне патрэбнасцей дзіцяці; незабеспячэнне нагляду, што прывяло дзіця да правапарушэнняў; жорсткае абыходжанне з дзецьмі, у тым ліку ў выглядзе псіхалагічнага насілля, злоўжыванне алкаголем і г.д. Але калі бацькі зразумелі, што дапусцілі нешта з пералічанага і стараюцца выправіцца, звярнуліся, напрыклад, да медыцынскіх работнікаў, псіхолагаў, каб змяніць агрэсіўныя паводзіны або пазбавіцца ад алкагалізму, то Савет па прафілактацы або Каардынацыйны савет можа вырашыць не прымаць рашэнне аб прызнанні, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

А да 1 жніўня 2019 года саветы па прафілактыцы навучальных устаноў павінны перагледзець рашэнні па ўсіх дзецях, якія зараз знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і або адмяніць свае рашэнні ў адпаведнасці з новымі крытэрыямі, або звярнуцца ў каардынацыйныя саветы, якія прымуць свае рашэнні ў адпаведнасці з пастановай.

— Стаўленне да палажэнняў пастановы рознае. І гэта зразумела: каб прывыкнуць працаваць па-новаму, патрэбен час. Але мы ўпэўнены, што новыя рашэнні прывядуць у тым ліку і да вызвалення педагагічных работнікаў ад выканання неўласцівых ім функцый, — заўважае спецыяліст.

Марына ХІДДЖАЗ.