Дзіцячы погляд на ўстойлівае развіццё

- 12:18Адукацыйная прастора

Пра Мэты ўстойлівага развіцця чулі сёння бадай што ўсе. Толькі не ўсе ведаюць, як іх дасягнуць. Але ўсё часцей свае рашэнні прапануюць дзеці. Так, навучэнцы сярэдняй школы № 105 Мінска самым непасрэдным чынам уцягнуты ў працэс рэалізацыі Мэты № 12 “Забеспячэнне пераходу да рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці”.

Нядаўна ў школе праходзіла інфармацыйна-адукацыйная кампанія па раздзельным зборы бытавых адходаў і ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў. Ініцыіравала гэтую кампанію ўстанова “Цэнтр экалагічных рашэнняў” у рамках праграмы ТАНДЭМ IV — Устойлівае супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі органамі ўлады для актывізацыі ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні і развіцця мясцовых суполак у Рэспубліцы Беларусь.

Інфармацыйная кампанія праходзіла пры ўдзеле экспертаў ЦЭР і школьнай грамадскасці. Для малодшых школьнікаў былі арганізаваны заняткі па даследаванні дамашніх адходаў электрычнага і электроннага абсталявання з дапамогай настольнай гульні. Вы не паверыце, але ў звычайнай мінскай гарадской кватэры можна налічыць больш за 40 электрапрыбораў, якія рана ці позна стануць адходамі, і трэба будзе думаць, куды іх падзець!

Вучні 6 класа пазнаёміліся з “Зялёнай картай”, і цяпер яны дакладна ведаюць, куды і што трэба здаваць, а таксама проста змогуць праінструктаваць сваіх бацькоў, дзе ў Мінску знаходзяцца пункты прыёму другаснай сыравіны. “Зялёная карта” — гэта грамадзянскі праект, які аб’ядноўвае інфармацыю пра размяшчэнне пунктаў збору другасных матэрыяльных рэсурсаў у розных населеных пунктах Беларусі. Далучыцца да праекта можа любы жадаючы. Навучэнцы 8, 9 і 11 класаў прынялі ўдзел у папулярнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, прысвечанай праблеме ўтылізацыі і перапрацоўкі бытавых адходаў. Усяго ў гульні паўдзельнічалі 5 каманд, і што самае надзвычайнае, першае месца падзялілі паміж сабой вучні 8 і 11 класа!

Акрамя таго, увесь гэты час у школе працавала перасовачная выстава, прысвечаная праблеме адходаў не толькі на нашай планеце, але нават у космасе. А ў школе былі пастаўлены спецыяльныя кантэйнеры для збору адпрацаваных элементаў сілкавання (батарэек). Усе дзеці атрымалі цікавыя, а галоўнае, карысныя прызы і падарункі, а таксама спецыяльныя каляровыя наклейкі на дваровыя кантэйнеры, якія будуць нагадваць жыхарам пра тое, што іменна трэба класці ў гэты кантэйнер.

Наталля ПАРЭЧЫНА,
каардынатар праекта Цэнтра экалагічных рашэнняў

“Добрасуседства — зробім двор сваёй мары разам!”.