Дзіцячы сад у падарунак маленькім жыхарам сталіцы

- 11:20Выхаванне

Тры новыя дашкольныя ўстановы адчынілі свае дзверы ў сталіцы напярэдадні святкавання Дня горада: яслі-сад № 96, які прыняў 230 дзяцей у мікрараёне Сухарава, яслі-сад № 56, разлічаны на 190 выхаванцаў у Лошыцы, і яслі-сад № 18, парог якога пераступілі 230 дзяцей у мікрараёне Лябяжы. Плануецца, што да канца 2018 года ў Брылевічах таксама з’явіцца новая ўстанова дашкольнай адукацыі.

Яслі-сад № 18 размешчаны ў Цэнтральным раёне Мінска. 6 верасня самыя маленькія жыхары мікрараёна Лябяжы адправіліся ў свой новы прасторны, добраўпарадкаваны і вельмі ўтульны дом.

Сярод гасцей, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці сада, прысутнічалі: старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Кіндзірэнка, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Дзмітрый Пятруша, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Кезбан Нілвана Дарама, прадстаўнікі турэцкага пасольства і бізнесу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына Дарафеева і дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Георгій Кушняроў.

“Для кожнага раёна сталіцы адкрыццё новай дашкольнай установы — вялікае і доўгачаканае свята”, — адзначыў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Пятруша. Ён уручыў падзякі тым, хто аператыўна на працягу года ўзводзіў аб’ект, а педагогам перадаў сертыфікат на інтэрактыўны стол для навучання малышоў.

Заказчыкам праекта будынка ўстановы выступіла раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а непасрэдна яе ўзвядзеннем займаўся ААТ “Будтрэст № 35” і яго структурныя падраздзяленні. У будаўніцтва ўкладзена каля 7 млн рублёў, у тым ліку з прыцягненнем турэцкіх інвестыцый.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадарыня Кезбан Нілвана Дарама расказала, што будаўніцтва і аснашчэнне сада былі праведзены пры супрацоўніцтве адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, турэцкага фонду “Маарыф” і дзелавых колаў Турцыі. Фундаментам гэтага праекта паслужыла пагадненне, якое было падпісана ў лютым гэтага года падчас афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь на той момант Прэм’ер-міністра Турцыі Біналі Йылдырыма.

“Дзеці, якія будуць атрымліваць адукацыю ў гэтай установе, стануць самымі трывалымі звёнамі ў сяброўстве паміж Турцыяй і Беларуссю”, — падкрэсліла спадарыня пасол і ўручыла супрацоўнікам сада падарункавы сертыфікат на тэхніку для прыбірання памяшкання і мыцця бялізны.

Пасля ўрачыстага моманту перадачы сімвалічнага ключа ад установы яе гаспадыні загадчыцы Алене Ласевіч госці адправіліся на экскурсію па садзе.

“Дашкольная ўстанова разлічана на 12 груп і прыме 230 дзяцей — у 2 ясельныя групы (для дзяцей да 3 гадоў) і 10 груп для дзяцей з 3 да 7 гадоў, у тым ліку для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення будуць дзейнічаць дзве спецыяльныя групы, — расказала Алена Ласевіч. — Малышы змогуць наведваць басейн. Акрамя таго, педагогі бу-дуць прывіваць выхаванцам любоў да веласпорту пачынаючы з 2,5 года. З гэтай мэтай набыты веласіпеды (35 адзінак), прадугледжана крытая паркоўка для захоўвання дзіцячага транспарту, пляцоўка правіл дарожнага руху з разметкай з умоўнымі знакамі. Ва ўстанове таксама плануецца адкрыць групу для дзяцей работнікаў турэцкага пасольства, якія змогуць вывучаць турэцкую мову на дадатковых занятках с педагогам”.

Нягледзячы на тое, што новы яслі-сад у мікрараёне Лябяжы ўзведзены па тыпавым праекце, у ім шмат адметнасцей. Дзякуючы творчаму падыходу супрацоўнікаў установы да афармлення, кожнае памяшканне выглядае арыгінальна, зроблена ў пэўнай колеравай гаме, аснашчана сучасным абсталяваннем, гульнявымі комплексамі, сюжэтна-ролевымі гульнямі “Паркінг”, “Магазін”, “Бальніца” і г.д. Для развіцця фантазіі дзяцей педагогі абсталявалі эказону, дзе размешчаны плоскія фігуры жывёл, карцінкі з іх выявамі і абсталяванне для арганізацыі пазнавальна-практычнай дзейнасці. Спартыўная зала сканструявана так, каб праводзіць у ёй адначасова як індывідуальныя карэкцыйныя заняткі, так і заняткі ў групах і падгрупах. Дадаткова дзецям будуць прапанаваны фізкультурна-аздараўленчыя заняткі. Універсальная зала прызначана для арганізацыі дадатковых адукацыйных паслуг, напрыклад, па выяўленчай дзейнасці, а таксама заняткаў для дзяцей да 3 гадоў, якія не наведваюць дашкольную ўстанову. У камп’ютарным класе ўстаноўлены 6 камп’ютараў і падарунак ад адміністрацыі Цэнтральнага раёна — інтэрактыўны стол, які нагадвае вялікі планшэт, адаптаваны да магчымасцей дзяцей. Яго змогуць выкарыстоўваць педагогі на занятках, а выхаванцы самастойна або разам з сябрамі будуць гуляць на інтэрактыўным планшэце ў развіццёвыя гульні, атрымліваць новыя веды з энцыклапедый, адгадваць загадкі і пры гэтым развіваць сенсорныя здольнасці, артыкуляцыю, маторыку рук.

Асаблівая ўвага ўдзелена здароваму харчаванню дзяцей. У харчаблоку ўстаноўлены сістэма ачысткі вады і сучасны параканвектамат.

Спецыяльна да першага дня нараджэння ўстановы быў згатаваны вялікі торт, якім пачаставаліся выхаванцы і госці свята. Заняткі ў яслях-садзе № 18 Мінска пачнуцца на наступным тыдні.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.