Дзіцячы сад: ёсць варыянты

- 12:19Дашкольная адукацыя

Задача па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі, пашырэнні спектра адукацыйных паслуг для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі, стаіць перад намі не адзін год. Вывучыўшы нарматыўную прававую базу, прааналізаваўшы свой вопыт работы ў гэтым кірунку, кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, патрабаванні законных прадстаўнікоў дзяцей, мы вызначылі, што вырашыць гэтую задачу магчыма праз развіццё розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку праз інавацыйную дзейнасць.

dashkolЗ верасня 2017 года наша ўстанова рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткатэрміновага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Работа над праектам вядзецца сумесна з навуковым кіраўніком дацэнтам БДПУ імя Максіма Танка Л.М.Варанецкай.

Адна з галоўных задач інавацыйнага праекта — распрацаваць і рэалізаваць сістэму павышэння кампетэнтнасці ўсіх яго ўдзельнікаў, у тым ліку бацькоў. У яcлях-садзе функцыянуюць тры групы кароткатэрміновага знаходжання дзяцей — “Матчына школа” для дзяцей ад 1 да 3 гадоў, група вячэрняга знаходжання для дзяцей ад 4 да 5 гадоў, “Падрыхтоўка да школы” для дзяцей ад 5 да 7 год.

Самы важны кірунак дзейнасці — зрабіць адукацыйны працэс у групах кароткатэрміновага знаходжання дзяцей адзінай сістэмай, якая дазволіць забяспечыць, з аднаго боку, патрабаванні бацькоў, а з другога — неабходнае развіццё выхаванцаў.

На працягу навучальнага года ў рамках інавацыйнага праекта педагагічны калектыў паспяхова ўвасабляе ў жыццё задачу задавальнення патрабаванняў бацькоў да якаснай дашкольнай адукацыі іх дзяцей, павышэння выхаваўчага патэнцыялу сям’і і псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў.

Узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў арыентавана на пошук такіх форм і метадаў работы, якія дазваляюць улічваць патрабаванні бацькоў. Пытанні па арганізацыі груп кароткатэрміновага знаходжання асвятляюцца на сайце ўстановы: тут змяшчаюцца матэрыялы кансультацый, рэкамендацыі спецыялістаў па выхаванні і навучанні дзяцей, запрашэнні на бацькоўскія сходы і розныя мерапрыемствы, прадугледжаны абмен паведамленнямі.

Для павышэння педагагічнага вопыту бацькоў, дзеці якіх наведваюць “Матчыну школу”, выхавальнікам дашкольнай адукацыі А.А.Гук быў праведзены семінар-практыкум “Гульні, якія развіваюць пазнавальную актыўнасць дзяцей малодшага ўзросту”; педагогам-псіхолагам А.П.Івановай — круглы стол “Дзіцячыя капрызы і ўпартасць. Як іх пераадолець”; музычным кіраўніком А.А.Кавалёвай — тэматычная сустрэча “Роля музыкі ў развіцці і выхаванні дзяцей”.

Для павышэння педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў групы вячэрняга знаходжання аб гульнявой дзейнасці як асноўнай для дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту выхавальнікам дашкольнай адукацыі І.Л.Машкала быў праведзены круглы стол “Роля гульні ў развіцці і выхаванні дзіцяці”. Абмеркаванне з бацькамі гэтай тэмы спрыяла фарміраванню паняцця аб магчымасцях гульні і стымулявала бацькоў да сумеснай гульнявой дзейнасці са сваім дзіцем дома.

З бацькамі і дзецьмі групы “Падрыхтоўка да школы” праводзіўся рынг для будучых першакласнікаў. Атмасфера сумеснага мерапрыемства спрыяла фарміраванню па-трэбнасці ў эмацыянальна насычаных змястоўных зносінах з дарослымі і дзецьмі ў розных відах дзейнасці.

Ва ўстанове створана электронная скарбонка-памочнік, якая дае магчымасць бацькам пазнаёміцца з матэрыяламі па розных кірунках дзейнасці дома, іх можна заказаць па электроннай пошце ці прыйсці з флэшкай да нас. Электронная бібліятэка прадстаўлена тэматычнымі папкамі “Вучым разам з матуляй “жывыя вершы”, “У гасцях у казкі разам з матуляй”, “Пазнавальныя гульні”, “Маўленчыя гульні”, “Музычная скарбонка” і інш.

Бацькі таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Знаходзячыся ў групе, яны лепш пазнаюць сваё дзіця, сумесна вучацца пераадольваць цяжкасці і радавацца поспехам, вучацца зносінам і ўзаемадзеянню са сваімі дзецьмі, выконваюць выхаваўчую, адукацыйную і развіццёвую функцыі.

Вопыт сваёй работы ў групах кароткатэрміновага знаходжання выхаванцаў і міні-экскурс “Прадметна-прасторавае асяроддзе групы кароткачасовага знаходжання “Матчына школа” мы прадставілі на семінары для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі па тэме “Павышэнне якасці дашкольнай адукацыі ва ўмовах сучасных форм яе арганізацыі”. Панарамны прагляд інтэграванай дзейнасці “Зімовы лес” (адукацыйная галіна “Дзіця і прырода”), “Мастацтва” (музычная дзейнасць) з выхаванцамі і іх бацькамі ў “Матчынай школе” прадставілі выхавальнік дашкольнай адукацыі А.А.Гук і музычны кіраўнік В.А.Сарокіна.

Інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткатэрміновага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі” адкрывае новыя магчымасці для дзяцей і іх бацькоў, надае новы стымул рабоце педагагічнага калектыву.

Марына ШМАЙЛА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 19 Ліды.