Дзіцячыя фантазіі на палотнах

У абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі працуе студыя выяўленчага мастацтва “Натхненне”. Яе кіраўнік член Саюза мастакоў Беларусі Анжаліка Шабалтас актыўна прапагандуе творчасць выхаванцаў, рэгулярна дэманструючы яе навакольным.

Нядаўна ў Музеі гісторыі горада Гомеля адкрылася экспазіцыя навучэнцаў студыі “Неверагодныя прыгоды чарапахі-падарожніцы”. Гэта чарговая выстава дзіцячых работ, і, дарэчы, за сем гадоў існавання аб’яднання па інтарэсах яна сімвалічна стала сёмай па ліку.

Анжаліка Мікалаеўна як педагог імкнецца развіваць у сваіх выхаванцаў уменне пачуццёва ўспрымаць мастацкі вобраз, тварыць з разуменнем, таму на занятках заўсёды пануе асаблівая атмасфера, якая суправаджаецца паказам рэпрадукцый і жывапісных работ. Для стварэння неабходнага настрою нярэдка выкарыстоўваецца і музычны кампанент.

Падрыхтоўцы ўдзельнікаў аб’яднання да выстаў, як і да конкурсаў, А.М.Шабалтас удзяляе вялікую ўвагу. Па яе словах, на стварэнне цэлай творчай серыі, якую цяпер можна ўбачыць у музеі, выхаванцаў натхніў выніковы ўдзел у конкурсе. Кожная работа — свайго роду асобнае падарожжа і прыгода, самастойны сюжэт казкі, напоўнены бязмежнай дзіцячай фантазіяй, яркімі эмоцыямі і сапраўднай магіяй. Дарэчы, адну такую казку пачулі госці адкрыцця выставы: Анжаліка Мікалаеўна зачытала ўнікальныя гісторыі падарожжаў чарапашкі Мелані. Гэты персанаж прыдумала выхаванка студыі “Натхненне” Вераніка Мартыненка, якая стала аўтарам чатырох з прадстаўленых увазе гледачоў работ.

Несумненна, Анжаліка Шабалтас валодае высокім узроўнем педагагічнага майстэрства, у яе ёсць здольнасць бачыць у кожным дзіцяці яго асаблівае ўспрыманне і навучыць прад’яўляць яго навакольным. Калі дзеці не проста займаюцца любімай справай, развіваюць свой талент, але і могуць рэалізоўваць сябе, дэманстраваць свае першыя дасягненні, у іх заўсёды з’яўляецца стымул тварыць далей.

Святлана ДЗІДКОЎСКАЯ.