Дзіцячыя краскі ў вянок паэту

- 12:00Культура

Якія вершы Максіма Багдановіча найбольш кранаюць і ўражваюць сучасных дзяцей, як падрастаючае пакаленне ўспрымае паэтычныя вобразы нашага геніяльнага класіка і на якія творы натхняецца — пра гэта можна даведацца на выставе “Дзіцячыя краскі ў вянок паэту” ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча да 6 лютага.

Ала Лаўрыновіч.

У пачатку навучальнага года выхаванцы арт-цэнтра “Вулей” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Смілавіч Чэрвеньскага раёна ў межах эксперыментальнага адукацыйнага праекта наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча, бо адна з мэт праекта — развіццё вобразнага мыслення і мастацкага бачання юных талентаў. Для атрымання імі новых уражанняў і жывых эмоцый была праведзена займальная экскурсія па абноўленай экспазіцыі музея. Творчасц­ь М.Багдановіча не пакінула абыякавымі мастакоў-пачаткоўцаў, якім нават дазволілі ў адной з музейных залаў правесці міні-пленэр.

— Мы пачынаем 2020 год такім праектам, каб пазнаёміць дзяцей з тым, чым багата наша літаратурная спадчына, у дадзеным выпадку з творчасцю Максіма Багдановіча. Не ведаючы сваёй гісторыі і культуры, мы нікуды далей не зможам рухацца, — сказала дырэктар цэнтра творчасці Ала Леанідаўна Лаўрыновіч. — Сёння ў арт-цэнтры “Вулей” займаецца тры групы па 12 чалавек. Нашы выхаванцы ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, натхніўшыся паэзіяй М.Багдановіча, зрабілі шмат твораў. Педагогі адабралі 35 мастацкіх работ (гуаш, пастэль, акрыл, масла, акварэль), 14 твораў у тэхніцы бацік, а таксама інсталяцыю ўдзельнікаў гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для нашых дзяцей гэтая выстава — першы сур’ёзны экзамен за першае паўгоддзе. Дзякуючы такому праекту, нашы юныя творцы зразумелі, што далёка не ўсім мастакам пры жыцці ўдаецца зрабіць сваю экспазіцыю, тым больш у цэнтры Мінска. Таму быць удзельнікамі такой маштабнай выставы для іх вельмі ганарова.

Дарэчы, юныя мастакі не першы раз бяруць удзел у вялікіх праектах. За тры гады існавання арт-цэнтра “Вулей” яго выхаванцы прадэманстравалі свае работы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Толькі за апошнія чатыры месяцы яны сталі ўладальнікамі пяці дыпломаў рэспубліканскіх конкурсаў і 29 — міжнародных. Хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай малюнка імкнуцца паказаць, хто яны ёсць, што любяць і як успрымаюць навакольны свет.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча карцінамі мастакоў “Вулея” ўпрыгожаны асноўная выставачная зала і фае. Супрацоўнікі музея свядома пайшлі на такі незвычайны эксперымент з удзелам юных творцаў. І як адзначыла загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Юлія Мацук, эксперымент цалкам удаўся. “Вельмі часта нашымі гасцямі з’яўляюцца дзеці, таму мы ладзім мноства праектаў, арыентаваных на раскрыццё творчага патэнцыялу менавіта дзіцячай аўдыторыі. Так, раней мы праводзілі конкурс эсэ “Мой Максім Багдановіч” для вучняў старшых класаў. А цяпер упершыню робім такі значны мастацкі праект, — расказала Ю.Мацук. — Я лічу, у нас двухбаковы гонар: нам гонар — прымаць мастакоў-пачаткоўцаў, а ім гонар — выстаўляцца ў нас. І няхай іх творы не зусім дасканалыя тэхнічна, затое ў іх няма зашоранасці і прысутнічае жывасць успрымання твораў класіка, свежы, непасрэдны погляд на іх. Дзеці падышлі да стварэння сваіх работ нечакана, але ўсё ж такі трапілі ў паэзію нашага класіка і зразумелі тое, што ён хацеў сказаць. У выніку мы бачым, што Максім Багдановіч можа быць не сухім і акадэмічным, а вельмі жывым і нетыповым”.

Юлія Мацук пераканана, што калі настаўнікі прывядуць сваіх вучняў на выставу “Дзіцячыя краскі ў вянок паэту”, то яны ўбачаць, што іх аднагодкі чытаюць класіку і могуць вось так па-мастацку праявіць сябе. “Усе мы ведаем, наколькі складана па-за межамі школьнай праграмы заахвоціць наша падрастаючае пакаленне класічнай паэзіяй, таму што яна сапраўды часта падаецца ў акадэміным ключы, а сучасным навучэнцам неабходны іншыя падыходы, адзін з якіх мы якраз і прапануем. Калі пасля наведвання экспазіцыі хтосьці з дзяцей зацікавіцца класікай, наша асноўная мэта будзе дасягнута”, — падкрэсліла яна.

Так адбываецца магія яднання паэзіі і мастацтва, дзякуючы якой юныя творцы ператвараюцца ў маленькіх чараўнікоў. А пасля з-пад іх пэндзля выходзяць цудоўныя карціны са свежым поглядам на традыцыйныя рэчы, якія дапамагаюць кожнаму паглядзець на свет у новым ракурсе.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.